Прашу прабачэння за даўгую цытату, але мне здаецца, што сказанае Няіставым Вісарыёнам мае самыя непасрэдныя адносіны не толькі да Гогаля, але і да нашай сучаснай літаратурнай практыкі. Калі б нашы выдаўцы і крытыкі часцей чыталі Бялінскага ды лічыліся з яго аўтарытэтам, можа б, яны зразумелі ўсю недарэчнасць шмат якіх уласных прэтэнзій да літаратуры, якія болей за сто гадоў таму разбіў вялікі крытык-дэмакрат. Гэта ж праўда, што з 1847 года, калі былі напісаны гэтыя словы, у нашай літаратуры не шмат змянілася, па-ранейшаму ў яе адрас усё тыя ж папрокі. Варта напісаць не надта прывабнага генерала, як адразу ж раздаюцца абвінавачванні ў падрыве прэстыжу савецкіх палкаводцаў; варта намаляваць адмоўны персанаж чыгуначніка, як ужо пішуць пра паклёп на слаўных савецкіх чыгуначнікаў. Абскурантызм з поваду знявагі гонару мундзіра ў апошні час набыў пагрозлівы характар. Я мог бы прывесці красамоўныя прыклады з уласнай практыкі, з жыцця ўсім нам вядомага Аляксея Карпюка, які за наіўную спробу напісаць праўдзівую літаратурную аўтабіяграфію свайго, я б сказаў гераічнага, жыцця паплаціўся ўжо шмат чым і, мабыць, паплаціцца яшчэ.
У кожнай прафесіі важнейшае значэнне мае думка спецыяліста, майстра пэўнага рамяства, але не ў літаратуры. У адносінах да літаратуры здарылася так, што ісціна вызначаецца па прынцыпу субардынацыі. Як кажуць, чым вышэй пасада, тым бліжэй да бога. У канцы пятага дзесятка гадоў Савецкай улады мы марым аб тым жа, пра што ў свой час клапаціўся Луначарскі, які яшчэ у 1931 годзе казаў, што «вопрос надо ставить не так, чтобы Центральный Комитет писал лозунги, а писатели подыскивали иллюстрации к ним, а так, чтобы партия, Центральный Комитет среди других информационных материалов читали и писателей и получали от них импульсы для своих постановлений и лозунгов».
Напісаць добры твор нялёгка ва ўсіх адносінах, але яшчэ цяжэй яго надрукаваць. Гэта ж факт, што ў нас лёгка друкуюцца толькі пасрэдныя творы, тыя, у якіх нічога няма, якія падобны на сотні папярэдніх, ужо выпрабаваных выдаўцамі і крытыкай. А тое, што не адпавядае афіцыйным устаноўкам, сустракаецца з недаверам і пераадольвае магутнае супраціўленне ва ўсіх сферах. Практычна аўтар апынаецца перад дылемай: або прыняць патрабаванні выдавецтва і спаскудзіць твор, або той ніколі не пабачыць свету. Нярэдка ў выдадзеным творы дужа няшмат застаецца ад аўтара і ягонай канцэпцыі. Дзіўны і незразумелы гэты ўзаконены недавер да таленту, недавер, які абразлівы сам па сабе для кожнага літаратара і прыніжае літаратуру.
І тым не менш мы мусім пісаць. Мы стаім на парозе вялікіх падзей нашай гісторыі. У нас ёсць пра што пісаць і ніколі не было недахопу талентаў. Літаратура пачалася не ўчора і скончыцца не заўтра. Беларуская літаратура — не толькі тое, што выдадзена ў ведамстве Захара Пятровіча. Дзённікі і нататкі Даўжэнкі, Нікалаевай, Кузьмы Чорнага, шматпакутныя творы Гарэцкага, рукапісныя творы ўсіх часоў і народаў — не менш літаратура, чым шматтомныя шэрагі ў лідэрынавых вокладках. І мне здаецца, што трэба пісаць не толькі пра жыццё народа, але і пра жыццё літаратуры. Варта памятаць, што Лукаш Бэндэ ўвайшоў у нашу культуру гэтак жа назаўжды, як і тыя пакутнікі, якіх ён загубіў. Трэба часцей напамінаць пра той горкі вопыт нашай культуры. Асабліва для тых, хто ўсё яшчэ не страціў ахвоту ў падкутых ботах пагойсаць на яе здратаваным агародзе.
Магчыма, гэтыя словы не ўсім спадабаюцца. Можа, замест іх камусьці хацелася б пачуць ад мяне пакаянне ў духу Го Мо Жо. Але ў наш час такія пакаянні, як гэта красамоўна засведчыў А. Макаёнак, не шмат чаго варты. Таму не будзем крывіць душой. Мы не ворагі народа і не падрывацелі асноў Савецкай улады, адданасць якой у свой час засведчылі ўласнай крывёй. Да таго ж мы не патрабуем незвычайнага, мы толькі просім болей цярпімасці. Пастаўце сябе на нашае месца, і вы зразумееце, што выбар у нас невялікі: або літаратура, або нелітаратура. Сярэдзіны — няма.
У заключэнне хачу адзначыць, што, нягледзячы на шмат якія невясёлыя выказаныя тут думкі, я веру ў стваральную сілу літаратуры і ў дабразычлівасць тых, хто пастаўлены ёю кіраваць. Яшчэ хачу падзякаваць шмат якім пісьменнікам, што праявілі ўласную мужнасць і пісьменніцкую салідарнасць з поваду вядомага выпаду ў мой адрас. Покуль мы будзем з'яднаны па важнейшых пытаннях нашага жыцця і будзем гаварыць пра тое адкрыта, беларускі народ можа спадзявацца на добры лёс сваёй літаратуры.
ВЫСТУПЛЕННЕ НА ВЕЧАРЫ РЫГОРА БАРАДУЛІНА
Читать дальше