БЕЛАРУСЫ ВАЧЫМА ІНШЫХ НАРОДАЎ
Размова з Валянцінам Акудовічам
І асобны чалавек, і нацыя фармуюць свой вобраз унутры сябе. Натуральна, гэты вобраз значна розьніцца ад таго, якімі людзі, нацыя ўяўляюцца іншым. Тое, што вызначаюць звонку, можа нам не падабацца й нават лічыцца аблудным, але не павінна ня ўлічвацца намі. Бо ў сучаснай цывілізацыі, дзе ўсе шчыльна павязаны з усімі, ад таго, як цябе ўспрымаюць у сьвеце, залежыць вельмі шмат. Будзеш мець адметны й станоўчы вобраз — да цябе прыгарнуцца й з далёкага замежжа, а прыдбаеш адмоўны — адвернуцца й суседзі.
— Што ўплывае на фармаваньне іміджу пэўнай нацыі ці пэўнага народу?
— Найперш, актыўны ўдзел у значных гістарычных падзеях. Але паколькі ў кожнай гістарычнай падзеі сутыкаюцца сілы дабра й зла, дык тут істотна быць на тым баку, які супрацьстаіць злу. Беларусы не займелі нічога дадатнага да свайго іміджу ад свайго сяброўства ў «імпэрыі зла» (як некалі назваў Савецкі Саюз амэрыканскі прэзыдэнт Роналд Рэйган). А вось удзел беларусаў у змаганьні з фашызмам шмат дадаў да фармаваньня станоўчага вобразу нацыі.
— Ці можна казаць пра нейкі ўстойлівы імідж беларусаў?
— Наш гістарычны лёс складваўся такім чынам, што ў розныя эпохі мы выступалі пад рознымі найменьнямі — крывічы, ліцьвіны, беларусы... З гэтага атрымлівалася, што мы раз-пораз як бы зьнікалі ў нікуды й пасьля кожнага такога зьнікненьня нам трэба было наноў даводзіць міжнароднай супольнасьці, што мы існуем. У гэтым прычына нашай праблемы з пазнавальнасьцю. Далучым сюды й тое, што семдзесят гадоў за камуністамі беларусы былі схаваныя ў такую абстракцыю, як савецкі народ.
— У ХХ стагодзьдзі ў сьвеце, на жаль, беларусаў ведалі як людзей савецкіх ці як «рускіх». «Рускімі» называлі нават грузінаў ці казахаў. Але ў межах СССР беларусаў адрозьнівалі ня толькі ад казахаў ці кіргізаў, але й ад расейцаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў. Дык як успрымалі беларусаў іншыя народы былога СССР?
— Калі існавала камуністычная імпэрыя, беларусы мелі свой устойлівы імідж, і гэта быў досыць станоўчы імідж. Амаль ва ўсім Савецкім Саюзе беларусы ўспрымаліся як спакойныя, працавітыя, памяркоўныя й разам з тым даволі адказныя людзі. Не выпадкова ў савецкім войску яны лічыліся сярод лепшых і бязь іх не абыходзілася ні адна збройная авантура камуністычных уладаў. Праўда, мянушка ў беларусаў была ня вельмі паважная — бульбашы. Але іронія, скептыцызм — гэта родавая прыкмета хоць якой мянушкі. Гэткім чынам, праз прыніжэньне другога, кожны народ спрабуе давесьці сваю перавагу. Таму калі пасьля Другой усясьветнай вайны беларусы прыдбалі сабе яшчэ адну, ужо гераічную мянушку — партызаны, дык і яна звычайна вымаўлялася іранічна.
— У чым была прычына даволі станоўчага вобразу беларусаў у Савецкім Саюзе? Наколькі ён адпавядаў сапраўднасьці? А можа, гэты добры імідж прыдумалі маскоўскія ідэолягі як кампэнсацыю за прыхільнасьць беларусаў да русіфікацыі й камунізацыі?
— У нейкай ступені такое магло быць. Але сутнасьцi вобразу народу празь піяр-тэхналёгіі ня створыш. Ідэалягічныя высілкі ў гэтым кірунку мелі хутчэй адваротны вынік. З асабістага досьведу ведаю, што прыбалты й заходнія ўкраінцы досыць нэгатыўна ацэньвалі беларусаў як нацыю менавіта за нашу схільнасьць да русіфікацыі. У 1980-я гады я шмат вандраваў у Карпатах, і, пачуўшы нашу расейскую гамонку, жыхары горных вёсак літаральна ашчэрваліся. Праўда, даведаўшыся, што мы не з Расеі, а зь Беларусі, іхныя твары лагаднелі, але стоеная варожасьць да нашай расейскасьці й нашай савецкасьці заставалася.
— Было б нават дзіўна, каб у вялізнай імпэрыі з мноствам розных нацыяў, народаў і народнасьцяў усе да ўсіх ставіліся аднолькава. Але тое, то ў Савецкім Саюзе Беларусь і беларусаў добра ведалі й вылучалі сярод іншых — дык гэта пэўна. Чаму?
— Беларусы лічыліся адной з галоўных нацыяў імпэрыі, на што ўскосна паказвала й асобнае сяброўства ў ААН. Да таго ж, мы лічыліся хоць і малодшым, але родным братам валадара гэтай імпэрыі — расейскага чалавека. І ў адрозьненьне ад сярэдняга брата, украінца, мы былі любімым братам, бо ня мелі ні вялікіх амбіцыяў, ні прэтэнзіяў да Расеі. Але рэч, зразумела, ня толькі ў гэтым. Беларусь сталася самай індустрыялізаванай часткай імпэрыі. Нашы аўтамабілі, лядоўні, тэлевізары й шмат чаго яшчэ можна было сустрэць паўсюль — ад Берасьця да Камчаткі, а трактар «Беларус» працаваў ці ня ў кожным калгасе неабсяжнай дзяржавы. З усяго гэтага нас у Саюзе ведалі, бадай, лепш, чым мы самі ведалі сябе, дый думалі пра нас, як мне падаецца, лепш, чым мы самі. Але ў 1991 годзе камуністычны саюз раструшчыўся ўшчэнт, і беларусы засталіся сам-насам з усім тым вялікім сьветам, які пра іх, замураваных у імпэрыі, раней нічога ня ведаў. Былі рускія, савецкія, і раптам аднекуль зьнянацку зьявіліся нейкія беларусы...
Читать дальше