А. А.: Які ноччу туды заходзіў?
В. Б.: Які заходзіў і пайшоў збіраць батальён. Дык ён, канешне, рашыў, што там застаўся і Быкаў. Так мяне спісалі з ліку жывых, бо ў той полк я болей не вярнуўся. Пасля ў мяне было яшчэ некалькі дзён прыгод, прыкладна так, як апісана ў «Мёртвым не баліць». (Дарэчы, гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць, дзе ўсё ці амаль усё — праўда. Але тое, што праўда, і стала непрымальным для часу сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метаду была менавіта праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўнапартыйны інстытут выдаўцоў, рэдактараў, рэцэнзентаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе… А на хлусні, наадварот, — рабілі кар’еру.)
Далей параненых везлі кудысь на брані нашых танкаў. Была ноч, светлая, зімовая. І нас раз за разам бамбілі нямецкія самалёты. У часе бамбёжак танкі спыняліся, і танкісты хаваліся пад імі. Каб, калі загарыцца, паспець адбегчыся. А я ні злезці, ні адбегчыся не мог і ляжаў пад бамбёжкамі зверху. Толькі моцна трымаўся, каб не скінула выбухам бомбы. Але пасля адной асабліва лютай бамбёжкі, калі на сельскай вуліцы згарэлі дзве машыны, не вытрываў і скаціўся долу. Узлезці назад не ўдалося, і я запоўз у нейкую хату. Танкі пайшлі далей. Куды? — я не ведаў, ды і танкісты самі не ведалі. Даведаліся пасля. Ну, дык запоўз я ў хату, хтосьці з танкістаў памог, узабраўся на ложак. Цёмна, ноч. На стале нешта стаіць, гаршчок нейкі. Запусціў я туды руку, намацаў яшчэ цёплы бурак і пачаў яго есці. Ля мяне побач хтосьці ўжо ляжаў, мая рука ўсё трапляла ў штось мокрае на саломе, ды мне было не да таго. Я адразу заснуў. А як прачнуўся, пачало світаць, гляджу на суседа, а гэта немец, обер-лейтэнант. Але ўжо нежывы, ужо сцюдзёны і нават задубянеў. А быццам быў жывы, як я ля яго клаўся.
Ранкам пачаўся бой, ужо за гэтае сяло. Помню, узышло сонца, усё ярка высвеціла. На вуліцы нейкія выкрыкі, хтосьці кудысь бяжыць, а ў мяне, відаць, тэмпература паднялася, і я перастаў разумець, што адбываецца. І ад гэтай калатнечы, і ад недасыпання. Ва ўсякім разе, я ўжо не ведаю, хто ў сяле — нашы ці немцы? Бо страляніна чулася ў адным канцы, пасля ў другім, раздаваліся незразумелыя крыкі, затым усё прыціхла. Думаю, што ж я тут буду ляжаць, чаго дачакаюся? Выпаўз у сені. Каля дзвярэй адгароджаны дошкамі засек з бульбай, такой дробненькай, мабыць, на корм. Я прылёг на гэтую бульбу, дастаў пісталет і ляжу. Чую, бягуць па вуліцы, па дварах, але быццам гаворка не наша, значыць, немцы. Дзверы зачынены, але калі іх расчыніць, дык я тут жа, насупраць дзвярэй, можа, трошкі збоку. І вось туп-туп па двары. Адчыняюцца дзверы — немец! Адной рукой дзверы трымае, а ў другой — аўтамат. А я з пісталетам гляджу на яго. Канешне, я магу стрэліць у кожную секунду, а яму для таго трэба перахапіць аўтамат у правую руку. І вось я не стрэліў, а ён кінуў дзверы і павярнуўся назад.
А. А.: Ты думаеш, ён цябе заўважыў?
В. Б.: Ён мог мяне не заўважыць, бо ў сенях было цёмна, а на вуліцы…
А. А.: Сонца.
В. Б.: Сонца сляпіла. Пасля я ўсё ўспамінаў пра яго, калі быў у Нямеччыне. Атрымалася так, што мы падарылі адзін аднаму жыццё.
А. А.: Ён цябе не заўважыў, а так бы адскочыў і лупануў здаля.
В. Б.: Вельмі магчыма. Я там праляжаў яшчэ нейкі час. Пасля, як відаць, немцы адсюль вымеліся. Нашы машыны пайшлі ўжо ў іншым кірунку. Але рэч у тым, што… Забыў табе расказаць пра папярэднія падзеі. Перад тым, як танкі завезлі нас сюды, у гэта сяло, мы абараняліся ў полі, у стралковым ланцугу. І я ляжаў з вінтоўкай і страляў. Танкі з таго сяла, адкуль нас выбілі, далей не пайшлі, яны выбівалі нас у полі. А нейкія камандзіры арганізавалі абарону і хацелі тыя танкі стрымаць. Увогуле гэта ім удалося, аж пакуль не падышлі нашы танкі. Во яны і ўзялі нас на браню, каб выхапіць з-пад удару. Але ж танкі ведама куды ідуць — не ў тыл жа. Танкі прарываюцца ў глыб абароны ворага, а мы на іхняй брані ратуемся ад немцаў. Сітуацыя самая дзікая, але ж іншая немагчыма. Бо танкі не пашлюць жа ў тыл з параненымі. Не такая гэта каштоўнасць — паўтузіна скрываўленых недабіткаў… Па вуліцы пайшлі нашы машыны. Праўда, адкуль і куды, не зразумець. Але я ўжо выпаўз з падворка і стаў ля паркана. Ідзе бензазапраўшчык, і я пачаў махаць яму рукой, ды ён не спыніўся. Стаю, гляджу яму ўслед. Той выехаў з сяла, едзе палявой дарогай, а там раздарожжа. Ён скіраваў ўлева, а там ярок невялікі і з таго ярка па дарозе — трасы. Запраўшчык і пыхнуў, бы факел.
Читать дальше