А тут, упаўшы, бачу, што справы нашыя — швах. Па-першае, з кукурузы ідуць танкі. Колькі іх там, не зразумець, можа, чатыры ці пяць. Ці яшчэ болей. Узраўлі рухавікі, і яны рушылі, загрукацелі іх кулямёты. А між танкамі — аўтаматчыкі і крычаць: рус, здавайся! Так яны заўсёды крычалі, калі спадзяваліся на сваю перамогу. Ну, я пачаў біць з аўтамата, здалося, задаў ім агню. Але во аўтамат змоўк, значыць патроны ўсе. Азірнуўся назад, а нашы далёка ўжо бягуць у полі. Тут засталіся толькі тыя, што ўжо не кратаюцца. І я ліхаманкава рашаю для сябе праблему: ляжаць ці ўскокваць? Калі праляжу яшчэ хвіліну, дык яны мяне возьмуць. Калі ўскочу, дык буду расшкуматаны кулямётнай чаргой. Што лепей?
Але немцы ў той час перанеслі агонь па тых, што адбегліся далей, мусіць, блізка ля сябе яны цэляў не бачылі. Агняны напор нібы павальнеў. Я ўскочыў і кінуўся перабежкамі. Нават не перабежкамі, а рыўкамі. Ускокваю, а праз тры-пяць крокаў зноў падаю. Затым зноў ускокваю і зноў падаю. І так трошкі адарваўся ад немцаў. Прытым я навучыўся пазнаваць, калі яны страляюць па мне. Як чэргі пачынаюць мільгаць вакол, падаю. А як перамяшчаюцца па іншых, ускокваю. І ў такі момант, як бег, па лытцы моцна ўдарыла, бы палкай. І я ўпаў. У боце адразу стала горача, гэта палілася кроў. Я думаю: відаць, перабіла нагу. Калі так, дык усё, скончыўся Быкаў…
Але ўсё ж праз колькі секунд ускочыў, чакаю, падломіцца нага ці не? Не, быццам не падломваецца. Толькі баліць і ў боце ўжо хлюпае. Аўтамат тады я кінуў, без патронаў нашто ён мне. У мяне і так навешана: палявая сумка, дзве гранаты, адна супрацьтанкавая, кумулятыўная. Ці ведаеш ты, Саша, што такое кумулятыўная, у партызан жа, мабыць, такіх не было? А гэта даволі несуразная штуковіна. Па-першае, даволі цяжкая, па-другое, трэба каб яна ўдарыла аб браню сваім донцам, з якога толькі і можа тую браню праламіць. А каб граната так ударыла, у яе рукаятцы зроблены стабілізатар — проста такая стужка мацерчатая.
А. А.: Яна выцягваецца?
В. Б.: Рукаятка аддзяляецца і стужка выцягваецца. Увогуле кідаць яе вельмі нязручна. І тармозіць яна сама сябе, ды яшчэ гэты палёт… Кідануў я гэтую гранату няўдала. Відаць, не дакінуў, і яна не ўзарвалася. Або я не трапіў, і цяпер не разумею, што атрымалася.
А. А.: Яна не ўзарвалася, калі не ўдарылася?
В. Б.: Магчыма. Але з танка мяне заўважылі, і ён рашуча павярнуў на мяне… Ну тое расказваць доўга, а так гэта секунды… І вось я закруціўся, бы вуж, на снезе і ледзьве паспеў выхапіць з-пад танка свае ногі, як той гусеніцай — па полах майго шыняля і пайшоў далей. Здалося, я ўжо развітаўся з жыццём. Але гляджу, там, дзе танк, хтось ускоквае і шырока размахваецца гранатай, аж адлятае ўбок палявая сумка. З палявой сумкай у нас быў толькі ротны, лейтэнант Міргарад. Выбух, танк засмылеў і неўзабаве запалыхаў на снезе. Там усчалася страляніна, але гэта ўжо нашы забахалі, мабыць, па танкістах. А я з гэтага месца ўсяляк — то бокам, то на каленях пачаў пад дымам прабірацца далей. І тут якраз побач надарыўся мне санінструктар нашае роты, аказваецца, ён бачыў, як мяне параніла.
Санінструктар і кажа: не трэба нам туды, за ўсімі, немцы якраз туды і цаляюць. Давай ў гэты бок, дзе кукуруза, там быццам лагчынка. І праўда, мы ўзялі ўбок, дзе тырчэла нейкае бадыллё, і выйшлі з-пад удару, які кіраваў на сцірту.
Пасля патрапілі на нейкую дарожку. Там ён сцягнуў мой бот, перавязаў нагу. Рана была скразная, прабіла галёнку, як пасля аказалася, адшчапіла частку косці. Нага ад таго не падламілася, але боль быў страшэнны, я потым праваляўся ў шпіталі, значыцца, студзень, люты, сакавік — амаль тры месяцы. Усё не зажывала…
Яшчэ забыўся сказаць, што, як бег, яны абстрэльвалі нас і з танкавых гарматаў. І вось адзін снарад разарваўся якраз перада мной, мяне моцна выцяла ў жывот, і ў гарачцы той мне здалося, што атрымаў яшчэ і асколак. Асколак у жывот — то вельмі кепска. Хаця спярша боль невялікі, гэтыя параненыя доўга не жывуць. Я ўжо бачыў такіх. Цела ўсё мокрае — не зразумець, ці ад поту, ці ад крыві. Ну, перавязаў мяне санінструктар і пакінуў на дарозе, яму трэба было ў роту. У нашай жа арміі быў такі загад, што байцам забаранялася пакідаць поле бою дзеля суправаджэння параненых. Ля сціртаў грымеў бой, туды пайшлі танкі, і мой санінструктар быў там патрэбны. Дарэчы, ён там і загінуў. Там жа загінуў і камандзір роты Міргарад, ды і шмат іншых. Сцірты гарэлі ярка ўначы, і адтуль на дарозе паявілася фурманка з параненымі. Але то была фурманка не нашай — суседняй часці, і ў ёй сядзела дзяўчына-санінструктарка.
Читать дальше