В. Б.: Можа, напішу калі. Разумееш, вайна — скрозь чалавечае няшчасце, а шчасце, як вядома, дужа адносная рэч. У параўнанні з перадавой кожны шпіталь можа здацца курортам. Мяне прывезлі ў Александрыю, шпіталь там у цэнтры горада, здаецца, у будынку школы. Памылі ў лазні, пражарылі вашывую вопратку, далі чыстую бялізну. Параненых шмат, месцаў, як усюды, не хапае. Нават афіцэры ляжаць па два ў ложку. Памятаю, маім суседам быў лейтэнант-танкіст са знакамітым прозвішчам Варашылаў. (З Варашылавым ляжаў, казаў пасля.) Той шпіталь належаў пятай танкавай арміі, таму пераважна тут былі танкісты — параненыя, абгарэлыя, розныя. Абгарэлыя асабліва страшныя. Абпалы дужа балючыя і доўга не гояцца. Людзі пакутуюць, часта нервуюцца і лаюцца. З сёстрамі, між сабой, з начальствам. А начальства тут — дактары ці не спрэс жанчыны рознага ўзросту. Мужчыны — толькі палітрукі, якія і тут ведаюць адно і тое ж — сваю надаедную прапаганду, прывіваць нянавісць да нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў. Тае нянавісці ў нас саміх звыш меры — і не толькі да фашыстоўскіх захопнікаў. Некаторыя параненыя, не стрываўшы, са злосці пасылаюць іх на тры літары, тады ў палаце скандал, паяўляецца СМЕРШ, недысцыплінаванага кудысь пераводзяць. На перадавую, аднак, ніхто не ірвецца. Усё ж тут як-ніяк цёпла, ціха і не забіваюць. Праўда, галаднавата, але да голаду за жыццё мы прывыклі. Часта узнікаюць размовы, успаміны пра нядаўнія баі. Там я шмат што пачуў наконт славутага «порядка в танковых войсках», пра якасць хвалёных танкаў. Пра саракапяткі танкісты і слухаць не хацелі, для іх гэта быў не супрацьтанкавы сродак, а «хлапушы», як яны казалі. Гаворка часцей ішла пра «тыгры» і «фердынанды», якія са зручных пазіцый выбівалі нашы танкавыя батальёны. А іх паспрабуй дастаць. Пастаўленая на трыццацьчацвёрцы 76-міліметровая гармата іх не брала, а яны са сваёй 88-міліметроўкі наскрозь прабівалі браню нашых танкаў. А мы, дурні, былі засвоілі, што наша трыццацьчацвёрка — лепшы танк у свеце. Паслухалі б прыхільнікі яе, што пра яе кажуць тыя, хто ў іх гарэў і гінуў. Але ж наша, рускае, усё лепшае — і састарэлая «драгунка» ўзору мінулага стагоддзя, і ППШ, аўтамат фінскага ўзору, што выпускаўся там з 1934 года, і, вядома ж, наш суконны шынелак на «рыбьем меху». Што ўжо казаць пра франтавыя шпіталі, пра якія не раз з бляскам пісаў Віктар Астаф’еў. Галоўнае наша лякарства — іхтыёлавая мазь, чорная смярдзючая мазюка, якой мазалі усе раны. Добра, калі рана чыстая, а калі ў ёй зямля, часткі бруднай апраткі… Пеніцыліну ж тады не было. Найбольшая надзея была на хірургаў, якія рэзалі няшчадна, тым, можа, і найбольш ратуючы. Кармёжка ўсё тая ж, вайсковая, хіба што гарачая — хлеб, каша пярловая, радзей пшонная, суп вермішэлевы ці зноў жа пярловы. І традыцыйны чай. (На фронце мы дзівіліся, што немцы п’юць каву, напой, які мы ў сялянстве ніколі не спытвалі і які здаваўся нам агідным, бы з сажы. Але яны пілі яго з малаком.)
Афіцэраў усё ж імкнуліся размеркаваць па якіх-небудзь будынках, салдат жа клалі звычайна ў апусцелых за вайну калгасных аборах, кароўніках ці свінарніках. Трохі вычышчалі гной, слалі салому, якую накрывалі зверху ўніверсальнай салдацкай апраткай — плашч-палаткамі. Укрываліся кожны сваім шынялём ці ватоўкай, спалі нераспранутыя. Зімой на праходзе ставілі жалезную грубку-бочку, якую палілі круглыя суткі. Вакол месцілася 2–3 сотні параненых.
Як пачала паджываць нага, стаў я выходзіць у горад. Недалёка быў рынак, дзе прадавалі семкі, махорку, малако, гарачую бульбачку, яшчэ нешта. Але тут аказалася, што ў мяне няма разліковай кніжкі, таму мне нельга плаціць зарплату. Увогуле зразумела, бо тую кніжку я ніколі не атрымліваў, на перадавой навошта мне былі грошы? Затое ў мяне, апроч шынелка, была аўчынная камізэлька, якую я і загнаў, купіў бутлю бураковай самагонкі. Пасля на той жа рынак аднёс цёплыя ватныя штаны — блізілася вясна, таяў снег. Рана мая то гаілася, то давала рэцыдыў, разы два на тыдзень рабілі перавязкі. Са сваёй дывізіяй не меў ніякай сувязі, нікога адтуль не паступала, і не дзіва: то быў шпіталь іншай арміі. Але за тым, што рабілася на фронце, увогуле сачылі, кожны дзень прывозілі параненых, тыя расказвалі. Асаблівы наплыў быў, як пачаўся наступ на поўдзень, як фарсіравалі Буг. Неўзабаве шпіталь перамясцілі трохі на поўнач, пад Знаменку. Зноў — у калгасную абору, афіцэраў — у будынак сельскае школкі. Там пачалі выдаваць лёгкі духмяны табак, і я прывучыўся курыць. Мне ішоў дваццаты год, а я яшчэ не пачынаў курыць — ганьба для савецкага афіцэра, як пасміхаліся старыя курцы.
Читать дальше