У Нацыянальны мастацкі музей зайшлі паглядзець гравюры Гоя і Пікаса. На першым паверсе — пачатак выставы Рамана Заслонава. Карціны знаёмыя, раннія. На другім паверсе працяг выставы. Напісаны ў Францыі. Паглядзелі ўсё. Найбольш спадабаліся карціны, што былі напісаны больш як дваццаць гадоў таму — «На радзіме Я. Наркевіча-Ёдкі. Дыптых. Лета-зіма» і «Маладыя мастачкі». Пазнаў маладую мастачку Аксану Аракчэеву. Карціны ў канцы 80-х і пачатку 90-х друкаваліся ў часопісе «Беларусь», дзе я працаваў у аддзеле культуры. Заглянулі ў альбом водгукаў. У асноўным запісы кароткія — «Дзякую! Спадабалася! У захапленні!» Ёсць і непрыемныя для мастака. «Талант у художника есть. А вот тематика картин не совсем понятна. Ещё Пушкин говорил: «Пиши, не мудрствуя лукаво». А художник так намудрил, что и понять трудно, что к чему. Наши белорусские женщины в жизни покрасивее будут и лучше сложены, чем на картинах художника. 24.12.2015», «Кризис нравственности или бл.й парад. Жалко смотреть, как художник, владеющий бесспорным мастерством, растрачивает его на столь пошлое содержание. А Музей экспонирует. Женщина Юлия». «Новый Исачёв! Где вкус у устроителей?» Гэтыя запісы нагадваюць каментары, напісаныя пад псеўданімамі да некаторых мастацкіх твораў у «Нашай ніве».
У зале, дзе прадстаўлены гравюры Франсіска Гоі (1746—1828) і Пабла Пікаса (1881—1937), шмат людзей. Многія падоўгу стаяць каля асобных работ, разглядаюць, выказваюць адзін аднаму свае ўражанні. Назвы гравюр у Гоі, як вершы ў адзін радок — «Яна моліцца за яе», «Ніхто нікога не ведае», «Збан разбіўся», «Сон розуму нараджае пачвар», «Вазы на могілках», «Уцякаюць праз агонь», «Ужо няма часу». Як вершы, і гравюры ў Пікаса — «Фаўн, які раскрывае спячую», «Сляпы Мінатаўр, якога вядзе маленькая дзяўчынка ўночы», «Мінатаўр, які атакуе амазонкаў».
Не абмінулі выставы карцін Мікалая Залознага і Мацвея Басава, а таксама кераміку Валерыя Калтыгіна. Тут найбольш мяне ўразіў цыкл «У кожнага свой крыж». Я палічыў крыжы. Усіх 26. З савецкай памяці ўсплылі Дваццаць шэсць бакінскіх камісараў.
Пасля Нацыянальнага мастацкага музея зайшлі ў «Штолле», дзе напаткалі дачку Івана Чыгрынава Таццяну. Будучы ў Парыжы мінулым летам, мы з ёй сустрэліся на Елісейскім полі ў кавярні. Тады і сёння мы падсілкоўваліся за столікам, дзе да нас сядзела дачка Чыгрынава. Паеўшы пірагоў, папіўшы гарбаты з руж, Людміла пацікавілася: «Ну як?» — «Як у Парыжы!» — адказаў я.
Наведалі «Цэнтральную» кнігарню. У беларускім аддзеле жанчына з дачкой пазнала Людмілу і пашкадавала, што ўжо набылі і прачыталі ўсе «Авантуры Пранціша Вырвіча».
Зайшлі ў Свята-Пятрапаўлаўскі сабор. Заказалі малітву аб памерлых, паставілі свечкі. Сёння тры гады, як памёр мой бацька.
***
26.12.2015. Жорны, як і крыж, святыя.
***
27.12.2015. Заходзіў у майстэрню Алеся Квяткоўскага. Ён некалькі дзён таму закончыў «Партрэт Святланы Алексіевіч». Карціна новая, але яна амаль цалкам паўтарае тую, напісаную яшчэ ў 1987 годзе, калі Святлана Аляксандраўна прыходзіла да мастака і пазіравала яму. На жаль, той партрэт захоўваецца ў некага са знаёмых Алеся, а рэпрадукцыя надрукавана ў «Энцыклапедычным даведніку Беларускага саюза мастакоў. 1938 — 1998». Гледзячы на Глобуса і на мяне, Алесь таксама падвёў вынікі працы за 2015 год. Ім напісана 17 карцін і зроблена шмат эскізаў для будучых палотнаў.
Сярод алоўкаў і пэндзлікаў я сфатаграфаваў яблык. Калі да Алеся прыходзяць вучні-мастакі, яблык для іх працуе натуршчыкам. Ён састарэў, скукожыўся, але не згніў.
***
27.12.2015. У другой палове дня яшчэ завідна з Людмілай ездзілі ў «Цэх», што на Кастрычніцкай, 16. Месца мне знаёмае. Побач лікёра-гарэлачны завод «Крышталь», дзе я ў маладосці грузчыкам праходзіў адзін з курсаў жыццёвага ўніверсітэта. Вуліца крыху змянілася. Папрыгажэла. Трамваі не ходзяць. Цішыня. Навокал пахне дражджамі, як і трыццаць пяць гадоў таму. Зайшлі ў «Цэх». Поўна моладзі. Напачатку я адчуў сябе шкодным бацькам, які шукае дачку і сына, каб паглядзець, чым яны тут займаюцца. Аднак убачыўшы, што ніхто ў памяшканні не курыць і не п’янствуе, зняў шапку і прытварыўся маладзёнам, які рана пасівеў ад багемнага жыцця. Людміла ў гэты час разглядала ўпрыгожванні і адзенне, якое прадавалася ў «Цэху». Можна было б папіць гарбаты, але не захацелася перашкаджаць моладзі быць вельмі дарослымі і самастойнымі. Праз дарогу, побач з «Цэхам» — кавярня «Дэпо». Праз вокны бачна, што і там поўна маладых наведвальнікаў. На адным з акон намаляваны Уладзімір Караткевіч з кацянятамі. Мы сфатаграфаваліся на памяць. Потым некалькі хвілін пастаялі каля прахадной лікёра-гарэлачнага завода «Крышталь». На яго тэрыторыі, калі я працаваў, быў помнік Леніну. Ці ёсць цяпер? Не ведаю. Узгадалася маё апавяданне, напісанае напачатку 90-х, пра гэтага Леніна. Твор заканчваецца тым, што Ленін стаяў-стаяў сярод пляшак з моцнымі напоямі і аднойчы сышоў з п’едэстала і ноччу, палохаючы мінакоў, пайшоў да Свіслачы, дзе ўтапіўся каля студэнцкага інтэрната.
Читать дальше