На вуліцы, калі ўжо садзіліся ў мікрааўтобус, да мяне падышоў мастак Алесь Суша і гучна сказаў: «Нарэшце я пазнаёмлюся са Шніпам!» Я тут жа яму напомніў, што нас яшчэ ў пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя знаёміў Анатоль Сыс і мы потым яшчэ некалькі разоў сустракаліся на розных імпрэзах. Алесь прызнаўся, што не памятае. Сапраўды, можна было і забыцца, бо пасля тых сустрэч мы больш ні разу і не кантактавалі.
У Мінск вярталіся вясёлыя. Знайшлося ў мікрааўтобусе месца і для Алеся Квяткоўскага. Я выходзіў на Гусоўскага. Развітваючыся, мне моцна сціснуў руку Алесь Суша і сказаў: «Не пушчу!» — «Пусці!» — усміхаючыся, некалькі разоў паўтарыў я, на што мастак сказаў: «Гэта не я трымаю! Гэта нас трымае Анатоль Сыс!»
***
11.12.2015. Да 75-годдзя з дня народзін Уладзіміра Мулявіна рыхтуем да друку кнігу, створаную Людмілай Крушынскай. Сёння павінны былі здаць у друк. Не здалі, хоць і працавалі амаль да васьмі гадзін вечара. І наогул гэты тыдзень працавалі дапазна. Праўда, толькі тыя, ад каго канкрэтна залежыць выхад кнігі. Яна атрымалася аб’ёмам 616 старонак. У ёй каля паўтысячы здымкаў, многія з якіх друкуюцца ўпершыню. Сёння, магчыма, працавалі б і да гадзін дзесяці (Людміла Крушынская, Дзмітрый Пятровіч, Вольга Максімовіч і я), калі б я напачатку не згубіў акуляры, а потым і не наступіў на іх. Дамоў вяртаўся напаўсляпым. Дома былі запасныя акуляры. У іх глядзеў хакей. Не дагледзеў. Упусціў, і разбілася правае шкельца. На працы было раструшчана левае. Словам, у мяне сёння быў акулярапад.
***
12.12.2015. Газавая калонка для нагрэву вады ў нашай кватэры сапсавалася 19 лістапада, і толькі сёння Мінгаз падключыў новую. Амаль за месяц з сынам навучыліся рабіць на кухні вентыляцыю ў сцяне, дымаход, мяняць прачысныя кішэні ў дымаходзе. Нашу працу тры разы прымалі пажарныя і пазаўчора выдалі акт, у якім гаворыцца, што ўсё зроблена, як патрэбна. Словам, мы з Максімам прайшлі добрае саманавучанне па ўстаноўцы газавых калонак і катлоў. Цяпер у нас у кватэры ёсць гарачая вада і я, як Граждан, час ад часу яе ўключаю, каб пераканацца, што яна гарачая.
***
12.12.2015. На сённяшні дзень у маім камп’ютары сабралася шмат фотаздымкаў, якія не спарадкаваны ні па гадах, ні па імёнах, ні па падзеях, а проста захоўваюцца ў розных папках, і не зразумела мне самому, што ў мяне тут ёсць, а чаго і няма. Усё мару знайсці вольны час, каб сесці і разабрацца ў сваім фотабагацці. Толькі што адкрыў першую, якая патрапіла на вочы, папку і натрапіў на фотаздымак, зроблены ў снежні 1981 года фотаапаратам Анатоля Сыса ў Каралішчавічах у час Рэспубліканскай нарады маладых літаратараў Беларусі. Гляджу на здымак і чую галасы маладых Сыса, Барэйшы, Сахарчука, Канапелькі. Навокал Каралішчавіцкі заснежаны лес, мароз. Мы неапранутыя выбеглі на вуліцу, фатаграфуемся. У нас яшчэ няма кніжак. У нас ёсць толькі першыя публікацыі ў «ЛіМе» і ў часопісах. У нас усё яшчэ наперадзе. У Барэйшы часу ў гэтым свеце дзевяць гадоў, у Сахарчука дваццаць адзін, у Сыса дваццаць чатыры, у Канапелькі трыццаць чатыры. Час праляцеў, як той снег, што падаў з неба на нашы маладыя гарачыя галовы.
***
14.12.2015. Ездзіў у Дом быту, што каля станцыі метро «Інстытут культуры». Замовіў новыя акуляры. Каштуюць няслаба. Узгадалася, як гадоў пятнаццаць таму з Алесем Пісьмянковым, які тады быў галоўным рэдактарам «ЛіМа», а я ягоным першым намеснікам, прыязджалі сюды, каб здаць у хімчыстку Алесеў касцюм. Даведаўшыся, колькі паслуга будзе каштаваць, сябра сказаў: «Я дабаўлю да гэтай сумы грошай і новы касцюм куплю, а пакуль што мы з Вікторам пойдзем піва пап’ём!» І мы пайшлі, і папілі піва, а праз месяц Алесь набыў новы касцюм.
***
15.12.2015. Дзякуючы Алене Ляшковіч і ўсім яе купалаўцам ездзіў у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі» на ўрачыстае адкрыццё новай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі. Ехалі з Мінска тры з паловай гадзіны. Сядзеў з Навумам Гальпяровічам. Усю дарогу гаманілі пра цяперашнія жыццёвыя варункі, узгадвалі сяброў, якія адышлі ў лепшы свет. Некалькі тыдняў таму пасля цяжкай хваробы памерла былая дырэктарка бібліятэкі імя Пушкіна Наталля Чуева. Шмат гадоў яна арганізоўвала і праводзіла творчыя семінары «Слова Купалы да творчасці кліча», якія праходзілі на Лагойшчыне. Я меў шчасце разоў пяць удзельнічаць у іх літнастаўнікам. Шмат паэтаў Мінскай вобласці, якія былі на гэтых семінарах, цяпер маюць свае кнігі, прыняты ў Саюзы пісьменнікаў.
На паўдарозе да Ляўкоў мы выйшлі з аўтобуса на адпачынак якраз на тым месцы, дзе ў 2002 годзе спыняліся з Алесем Пісьмянковым, Эдуардам Акуліным, Анатолем Зэкавым і Лідзіяй Макарэвіч, едучы з Ляўкоў, дзе разам з віцебскімі паэтамі Анатолем Канапелькам, Давідам Сімановічам, Алегам Салтуком, Алесем Жыгуновым удзельнічалі ў свяце паэзіі. На сённяшні дзень з віцябчан жывы толькі Жыгуноў. З Пісьмянковым тады ў прыдарожнай альтанцы мы сфатаграфаваліся. Недзе ў мяне захоўваецца здымак. Было лета. Цёпла. Светла. Пісьмянкоў у Ляўках пакупаўся ў Дняпры. Я сачыў, каб ніхто не прыйшоў, бо Алесь быў зусім голы. У яго была звычка купацца ва ўсіх вадаёмах, каля якіх можна было прыпыніцца. Ён любіў ваду.
Читать дальше