Багдановіч умеў карыстацца рытмічнымі і гукавымі магчымасцямі верша. Ён справядліва лічыцца адмысловым майстрам гукапісу, у чым іншы раз дасягае сапраўднай віртуознасці («Завіруха», «Добрай ночы, зара-зараніца»). Але Багдановіч не ператвараў алітэрацыю ў самамэту — гукапіс у яго служыць паэтычнай задуме верша, выяўленню яго сэнсу, зместу.
Вучобу ў класікаў сусветнай літаратуры Багдановіч спалучаў з творчым унаследаваннем прыёмаў і сродкаў вуснай народнай паэзіі. У апошнія гады жыцця паэт свядома стаў на шлях своеасаблівай фальклорнай стылізацыі, лічачы, што на тагачасным этапе гэта быў адзіна правільны шлях да стварэння самабытнага беларускага верша (так, прынамсі, сцвярджаў ён у артыкуле «Забыты шлях» [ 3 3 Багдановіч М. Выбран. тв. Мн., 1952, с. 375.
]). Сапраўды, многія вершы, на якія паклаў адбітак інтанацыйна-рытмічны лад народнай песні, належыць да лепшых твораў паэта («Як Базыль у паходзе канаў», «Як прыйшла я на ток малаціць», «Цёмнай ноччу лучына дагарала» і інш.). Пад уплывам эпічных форм народнай паэзіі напісаны вельмі своеасаблівыя паэмы «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык», «Максім і Магдалена», паэтычная легенда «Страцім-лебедзь». Але ў прынцыпе прыём фальклорнай стылізацыі нельга было лічыць перспектыўным для развіцця ўсёй беларускай паэзіі. Творча выкарыстоўваць фальклор — гэта значыць перш за ўсё апірацца па яго здаровыя традыцыі народнасці і рэалізму, вучыцца народнаму светаўспрыманню, насцігаць духоўныя запатрабаванні народа, яго грамадскія і эстэтычныя ідэалы. Паэзія Багдановіча ў цэлым якраз і з'яўляецца прыкладам такога выкарыстання. Вывучэнне скарбаў вусна-паэтычнай народнай творчасці адыграла выключную ролю ў фарміраванні ідэйна-эстэтычных поглядаў паэта перш за ўсё тым, што адкрыла перад ім цудоўную душу народа — мужнага і таленавітага, духоўна багацейшага за тых, хто рабіў яго абяздоленым і няшчасным.
Творы сапраўднай паэзіі маюць адну адметную якасць: яны вельмі лёгка, падчас з першага разу, затрымліваюцца і надоўга застаюцца ў памяці. Тлумачыцца гэта не толькі іх праўдзівым і глыбокім зместам, вялікім чалавечым пачуццём, непаўторнымі паэтычнымі вобразамі, але і дакладнасцю радка, лагічнасцю і паслядоўнасцю думкі, натуральнасцю гучання, сакавітасцю мовы. Большасць жа вершаў Багдановіча якраз і вызначаецца гэтым.
М. Багдановіч навучаўся роднай мове па кніжках, і таму ў яго вершах нярэдка сустракаюцца русізмы, многія словы ён ужывае ў формах, не ўласцівых беларускай мове, іншы раз не на тым складзе ставіць націск. Але ўвогуле мова яго твораў па сваім духу ёсць мова беларускага народа. Яе характарызуе яркі нацыянальны каларыт.
Творчая дзейнасць Багдановіча шматгранная: ён быў не толькі выдатным паэтам, але і бліскучым перакладчыкам, тонкім літаратурным крытыкам, глыбокім даследчыкам і тэарэтыкам літаратуры. Паэзія, аднак, праз увесь час заставалася для яго самай блізкай стыхіяй, найпершым прызваннем, прадметам вялікай любові яго вялікага сэрца. Ёсць у Багдановіча чарнавы накід верша, у якім ён сам вызначае сваё стаўленне да паэтычнай творчасці:
Бывае, вада перапоўніць
Ставок і праз бераг памкнецца;
Калі ж з яго выбежыць лішак,
Дык далей вада не бяжыць.
Бывае і так, што руйнуе
Плаціну вада; ў гэту пору
Струяцца апошнія хвалі
І сохне няшчасны ставок.
З паэтамі так жа бывае:
Адзін дае людзям ізлішкі,
Другі ўсё, што мае. Я гэткі:
Пяю я з надтрэснутым сэрцам,
Апошні свой скарб аддаю.
Знаёмства з паэтычнай спадчынай Багдановіча пераконвае, што ён сапраўды спяваў усім сэрцам, аддаючы народу свой талент і энергію да кроплі. Многія яго вершы — у тым ліку такія шэдэўры нацыянальнай лірыкі, як «Зорка Венера» і «Слуцкія ткачыхі»,— даўно зрабіліся папулярнымі народнымі песнямі.
...Усяго дзесяць гадоў прадаўжалася творчая дзейнасць таленавітага сына беларускай зямлі. Крыўдна мала суджана было пажыць Багдановічу — ён памёр па дваццаць шостым годзе жыцця, напэўна, яшчэ на подступах да таго, што мы звычайна называем «росквітам творчых сіл». Але творам, якія ён паспеў падарыць народу, выпаў зайздросны лёс: да яго неўміручых радкоў усё з большай сілай цягнуцца шчырыя вочы і сэрцы людскія. Імя паэта стала адным з самых дарагіх імён у памяці ўдзячных нашчадкаў.
Трыпціх
1. Ён быў сцяганосцам
Марозным лютаўскім днём мы правялі ў апошнюю дарогу і сказалі апошняе «бывай» народнаму паэту рэспублікі Аркадзю Аляксандравічу Куляшову.
Читать дальше