Апошняя з гэтых якасцей паэтычнага дару Багдановіча асабліва важная. У нашай старой паэзіі філасофскі пачатак быў слаба развіты, яна была ў большай меры або трыбуннай, або спавядальнай, або маляўнічай, або напеўнай. Шчаслівым выключэннем якраз і з'явілася творчасць Багдановіча — паэта, які валодаў здольнасцю пранікаць у сутнасць з'явы, здольнасцю аналізаваць і абагульняць. Многія яго радкі і нават цэлыя вершы гучаць як мудрыя жыццёвыя формулы, як вобразныя паэтычныя афарызмы з багатым і глыбокім філасофскім падтэкстам.
У адным з вершаў цыкла «Места» паэт, напрыклад, гаворыць пра хлопчыка, што «выдувае з мыла пузыры». Як толькі прыгожая бурбалка вясёлкай уздымецца ў паветра, хлопчык хапае яе рукой — і ў яго далоні «застаецца адна слата». Так аўтар праводзіць глыбокую думку аб тым, што і творы мастацтва, якія зіхацяць непраўдзівай, эфемернай красой, не маюць ні вартасці, ні трываласці і пры першым сутыкненні з жыццём, з рэчаіснасцю ператвараюцца ў слату, у нішто. Хараство ж сапраўднага мастацтва не ў вонкавым бляску, а ва ўнутранай сіле пачуцця, у велічнай ідэі, у высакароднай прастаце формы.
Агульнапрызнана, што Багдановіч — паэт надзвычай высокай культуры. Але паэтычная культура не прыходзіць сама сабой. У Багдановіча яна — вынік упартай і няспыннай працы над пашырэннем свайго кругагляду, над узбагачэннем памяці выдатнымі здабыткамі паэтычнай культуры мінулага. Багдановіч чытаў у арыгінале і перакладаў па родную мову творы Гарацыя і Авідзія, Гейнэ і Шылера, Верхарна і Верлена, выдатна ведаў паэзію рускую і ўкраінскую, быў знаёмы з літаратурай многіх іншых народаў свету. З дзіцячых гадоў ён выхоўваўся на лепшых узорах сусветнай класічнай паэзіі. Паводле ўспамінаў бацькі паэта, «развіццю густу, эстэтычных пачуццяў надавалася вялікае значэнне. Дзеці дэкламавалі і завучвалі вершы толькі высокамастацкія. Побач з гэтым высвятляліся спосабы мастацкай творчасці: трапныя і маляўнічыя эпітэты, удалыя метафары і ўсе дапаможныя прыёмы мастацкай мовы» [ 1 1 Багдановіч А. Страницы из жизни М. Горького. Мн., 1965, с. 112
]. Ступіўшы на шлях літаратурнай дзейнасці, Багдановіч пастаянна дбаў аб мастацкай дасканаласці сваіх твораў. У артыкуле «Глыбы і слаі» ён пісаў, што «ўсю ўвагу звяртае на вобразнасць зместу вершаў і разам з тым клапоціцца аб згушчонасці іх, спадзеючыся прыдаць ім праз гэта асаблівую сілу» [ 2 2 Багдановіч. М. Творы, т. ІІ. Мн., 1928, с. 10.
]. Імкненне да згушчонасці, да лаканізму з'яўляецца неад'емнай рысай Багдановіча-паэта. Кіруючыся тэзісам «каб словам было цесна, а думкам прасторна», ён дасягае ў сваіх лепшых вершах гранічнай сцісласці. З усёй яго спадчыны толькі каля дзесятка вершаў маюць па трыццаць або крыху больш радкоў. Пераважная ж большасць — паэтычныя мініяцюры, з яркім вобразам і афарыстычнай думкай, што так хораша месціцца ў васьмі, чатырох або нават у двух радках.
Зразаюць галіны таполі адну за адной...
Без скаргі яны на зямлю чарадою лажацца,
Бо смерць іх патрэбна, каб дзерава новай вясной
Магло бы хутчэй развівацца.
Таварышы-брацця! Калі наша родзіна-маць
Ў змаганні з нядоляй патраціць апошнія сілы,—
Ці хваце нам духу ў час гэты жыццё ёй аддаць,
Без скаргі налеч у магілы?!
(«Зразаюць галіны таполі адну за адной...»)
Дзякуй, пане, бо пазнаў ад вас і я,—
Не на трох кітах трымаецца зямля.
Згода, згода, бо здаецца неяк мне,
Што стаіць яна на нашай жа спіне.
(«Пан і мужык»)
Хіліцца к вечару дзень, і даўжэйшымі робяцца цені;
З болем пад захад жыцця ўспомніш пра гэтае ты.
(«Пентаметры»)
Гэтыя ўзоры ў беларускай паэзіі — адзіныя ў сваім родзе і на сённяшні дзень.
Багдановіч многа дбаў аб кампазіцыі верша, каб яна была стройнай, прыгожай. Ён не дапускаў рыхласці або хаатычнасці паэтычных вобразаў, клапаціўся аб лагічнай закончанасці думкі і пачуцця. Ён першы ўвёў у беларускую паэзію многія невядомыя ёй раней формы верша, страфы і метрыкі (санет, трыялет, рандо, актава, тэрцыны, пентаметры). Гэта мела агромністае — і не толькі літаратурнае — значэнне. Здзейсненае Багдановічам было бліскучым доказам таго, што беларуская мова — такая ж багатая і дасканалая, як і мова любой іншай нацыі, што на ёй можна пісаць творы самых разнастайных жанравых форм, можна выяўляць самыя глыбокія і складаныя пачуцці.
Читать дальше