У адрозненне ад І. Пташнікава і М. Стральцова, творы якіх аб'ядноўвае перавага маральна-этычнага зместу характараў, І. Чыгрынаў паказвае больш, так сказаць, сацыяльнага чалавека, у адзінстве яго грамадзянскіх і маральных якасцей, падкрэслівае неаўтаномнасць асабістага, яго залежнасць ад усяго, што адбываецца навокал.
У творах на ваенную тэму важнейшым становіцца ў наш час прычынна-выніковае і этычнае асэнсаванне ваенных падзей. Як правіла, поспеху дасягаюць тыя пісьменнікі, якія псіхалагічную дакладнасць спалучаюць з глыбінёй сацыяльнага даследавання, з агульнай карцінай жыцця народа, магутныя сілы і вялікія патэнцыяльныя магчымасці якога праходзяць выпрабаванне іменна ў час вайны.
Да такога спалучэння імкнецца і І. Чыгрынаў, які ў рамане па-мастацку ўвасобіў пэўную канцэпцыю гістарычнага працэсу, канцэпцыю ў ланцугу «чалавек — абставіны — выбар». Аб гэтай канцэпцыі, ідэі ў дачыненні да многіх твораў сучаснай прозы добра сказаў А. Бачароў у сваім грунтоўным даследаванні «Чалавек і вайна»: «Ідэя трываласці жыцця, народжаная не абмежаванасцю ці адыходам ад складанасці быцця, а пазнаннем яго сацыяльных і гістарычных заканамернасцей, верай у нятленнасць яго карэнных асноў, пранізвае вобразнае бачанне вайны савецкімі пісьменнікамі».
Як вядома, развіццё беларускай літаратуры ў XX стагоддзі ішло хутка, але не без унутранага напружання, таму што складанай была сама гістарычная рэчаіснасць, а асэнсоўваць яе прыходзілася літаратуры яшчэ досыць маладой. Грандыёзнасць сацыяльных пераўтварэнняў, неабходнасць выхавання чалавека сацыялістычнага грамадства прад'яўляюць да беларускай літаратуры і мастацтва надзвычай вялікія патрабаванні, вымагаюць ад пісьменнікаў пошуку новых, усё больш скандэнсаваных форм вобразнасці, новых тыпаў абагульнення. Беларускія пісьменнікі дасягнулі вялікага майстэрства ў псіхалагічным аналізе. Аднак побач з пільнай увагай да духоўнага свету асобнага чалавека, да яго перажыванняў, думак, пачуццяў пашыраецца ў беларускай сучаснай літаратуры тэндэнцыя да гістарызму, да філасофскага асэнсавання падзей. Аналіз унутранага свету герояў у сучасных творах звязвэецца з шырокімі абагульненнямі падзей з жыцця народа. Высокі ўзровень аналітычнага пачатку вымагае і ўзмацнення сінтэзу. Асабліва моцнае імкненне да маштабных тыпаў абагульнення праяўляецца іменна ў творах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. Мы разглядаем і дылогію І. Чыгрынава «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» як далейшы крок наперад усёй беларускай прозы ў авалоданні сінтэзам.
Сінтэтычны аналіз і грамадскіх з'яў, і ўнутранага свету чалавека ва ўсёй паўнаце іх сувязяў — важнейшая якасць дылогіі І. Чыгрынава. Паспрабуем удакладніць, што неабходна разумець пад сінтэзам прозы.
Як ужо адзначалася ўпачатку, прынцып гістарызму становіцца адным з важнейшых прынцыпаў усёй савецкай літаратуры. У паняцце гістарызму сучасныя даследчыкі ўключаюць канцэпцыю гісторыі, аўтарскую пазіцыю, пэўную сувязь характараў і абставін, гэта значыць, паказ людзей і падзей у суаднесенасці з гістарычнай праўдай, у суаднесенасці з мінулым і будучым народа.
У аснове гістарызму — ідэя пераемнасці, сувязі часоў. Гэта і вызначае цікавасць пісьменнікаў да адлюстравання народнага характару вайны, да шматграннага вырашэння праблемы суаднесенасці чалавека і эпохі, да сцвярджэння і раскрыцця сэцыялістычнай свядомасці асобы, яе камуністычнай марэлі.
І. Чыгрынаў у сваёй дылогіі «Плач перапёлкі» і «Апраўданне крыві» ставіць праблему неўміручасці сацыялістычных заваёў, перадачы эстафеты гуманістычных ідэалаў з мірнага ў ваеннае жыццё. Стыль дылогіі пабудаваны быццам на пераходах, на «паваротах» гэтай эстафеты. Сюжэт цікавы ўжо тым, што апісваецца ў раманах не фронт, не тыл і яшчэ не акупацыя, а нешта пераходнае, хісткае, няўстойлівае. Стылёвая дамінанта твораў трымаецца менавіта на атмасферы пераходнасці і ў абставінах, і ў паводзінах людзей, і ў руху чалавечай свядомасці. Вельмі цяжка людзям, якія яшчэ бачаць перад сабой звыклыя рэчы, робяць прывычныя справы, усведамляць, што недзе побач існуе нешта зусім супрацьлеглае таму, да чаго прывыклі, на што могуць спадзявацца. Цяжка, аказваецца, звязаць розным палюсы і катэгорыі вымярэнняў. Нездарма Зазыбе, які раптам пачуў упершыню за многа гадоў званы ў царкве, здалося, што гэта «адным часам і мінулае, патрывожанае імі, і будучае, пра якое нельга было пакуль даведацца, уставалі і напаміналі аб сабе». Звон, які заўсёды збіраў народ на агульную справу, і званы Хатыні... Маштабы народнага гора спачатку не ў поўнай меры ўсведамляліся нават вопытнымі і дасведчанымі людзьмі. Як піша С. Андраюк: «людзі гадамі, дзень у дзень, былі прызвычаеныя да пэўнага рытму, пэўнай атмасферы. Усё было натуральнае, гарманічнае. І раптам — усё зрушылася, перамянілася нешта вельмі істотнае і значнае».
Читать дальше