Беларуская крытыка многа пісала пра «Тартак», адзначала вялікае майстэрства пісьменніка ў абмалёўцы коланага з герояў аповесці. Неабходна сказаць, што, ствараючы ў «Лонве» ўсёабдымны, эбагульняючы вобраз вёскі, зямлі вакол яе, Пташнікаў не ставіў перад сабой задачу стварыць такія ж абагульняючыя чалавечыя характары — тыпы. Ішло яшчэ авалоданне псіхалагічным аналізам, прыёмамі асацыятыўнага пісьма. Але тое, што было накоплена папярэднімі творамі і ў прыватнасці «Лонвай», дало выдатны плён ужо ў «Тартаку». Атрымаўся твор з надзвычай тонкай і дакладнай суаднесенасцю розных планаў і асобных стылёвых элементаў, якія знаходзяцца паміж сабой у заканамерных спалучэннях, абумоўліваючы высокую трываласць мастацкай тканіны аповесці.
Агульны касцяк арганізацыі твора такі: зрух-завязка — выбух-кульмінацыя. Паміж імі дзеянне часта перарываецца рэтраспектывай. Кожная падзея пакутлівага падарожжа возчыкаў збожжа з асуджанай на знішчэнне вёскі Дальва у камендатуру паказваецца праз успрыняцце ўсіх герояў аповесці, але выпадкі ў дарозе размеркаваны так, што кожны з іх успрымаецца адным з герояў з асаблівай эмацыянальнай аддачай. Гэта ўскладняе структуру аповесці, робячы яе ў той жа час вельмі гнуткай. Кожны раздзел твора прымае па сутнасці выгляд навелы, якая ў сваю чаргу кампазіцыйна складаецца з дзвюх частак: супастаўлення ўспаміну ці сну з рэальнымі падзеямі падарожжа.
Як ужо адзначалася, Пташнікаў вельмі дакладны ў перадачы канкрэтных дэталяў падарожжа, назіранняў, успамінаў, перажыванняў яго герояў. А тыя адчуваюць абсалютна рэальную небяспеку, і кожная хвіліна іх набліжэння да смерці (інакш паездку не ўспрымаюць ні самі героі, ні чытачы) арганічна ўпісваецца ў агульны ідэйны змест твора. Канфлікт «Тартака», аповесці трагічнай,— гэта канфлікт жыцця і смерці. Канкрэтныя ўвасабленні гэтых паняццяў — тое, што сведчыць пра жыццё, і тое, што сведчыць пра смерць, у аповесці не проста яркія і маляўнічыя дэталі, а, як правіла, разгорнутыя вобразы-сімвалы з выразным эмацыянальна-іншасказальным сэнсам. З гэтага пункту гледжання цікава было б параўнаць падобную па тэме да «Тартака» (спаленне вёскі) аповесць Б. Сачанкі «Апошнія і першыя». Стыль Пташнікава ў «Тартаку», пры ўсім напружанні рытму, вытрыманы ў адным ключы, адной праекцыі. Танальнасць «Апошніх і першых» больш складаная, галоўным чынам за кошт сцяжэння ў вобразе канкрэтнага і абстрактнага, будзённа-рэальнага і ўмоўнага, за кошт устаўных легенд, алегорыі, шырокага выкарыстання сімволікі. Але сімволіка тут — звароты да Смерці, Маці, Зямлі, Неба, Ночы — як знешні наплыў на душэўныя перажыванні галоўнага героя Ясіка. Сімволіка Б. Сачанкі знаходзіцца на ўзроўні сюжэтна-кампазіцыйным, павярхоўным, яна служыць рамантызавана-трагічнай узнёсласці апавядання, узмацненню публіцыстычнасці твора як гнеўнага праклёну вайне і ўяўляе сабой цікавы прыклад выкарыстання ў беларускай прозе ўмоўна-алегарычных форм. Стыль Б. Сачанкі вытрыманы ў пафасных інтанацыях, што адпавядае агульнай структуры твора і чаго абсалютна няма ў прыземлена-канкрэтнай манеры І. Пташнікава, сімволіка якой праз дробныя элементы стылю прыводзіць да галоўнага сэнсу. Так, у сімвалічным плане падаецца смерць кожнага з герояў: яна перакрэслівае тое, што было самым дарагім у жыцці, пра што думаецца ў апошнія імгненні. Тым трагічней смерць кожнага з гэтых людзей, што, як паказвае аўтар, жыццё іх было сапраўды прыгожым, ясным, высокім, прайшло ў працы, у служэнні людзям, у яднанні з прыродай.
Вось Махорка. Разам з Настай ён нясе маральную адказнасць за сваіх спадарожнікаў, асабліва за дзяцей. Знешне па-сялянску суровы, нават грубаваты, ён любіць людзей і ў душы — мяккі чалавек. Але яго перапаўняе і нянавісць да ворагаў, жаданне адпомсціць ім. Ён добра разумее сітуацыю, адчувае, што выйсця ў іх няма, выратаванне было б цудам. Але страх не бярэ яго, не прымушае забыць пра абавязак, пра адказнасць за іншых. І ў апошнія свае мінуты ён думае не пра сябе: «Махорка падумаў быў адразу, што трэба было б дапамагчы Насце падапхнуць калёсы, бо Буланчыку цяжка па пяску». Пачуўшы выбухі, Махорка перш за ўсё крычыць: «На зямлю!.. Дзяцей на зямлю!.. Алёшу!.. Алёшу глядзі!..» і смерць Махоркі, сейбіта, чалавека ад зямлі, перадаецца праз галоўнае, што было ў яго жыцці: «З калёс з мяха пасыпалася жыта — яму на рукі... Ён згледзеў яшчэ, што ў галавах у яго расце авёс, насеяўся па дарозе: малады, зялёны, з цёмным доўгім зернем... «А нам, татарам...» — падумаў ён і яшчэ быў падняў руку...»
Читать дальше