Што думаюць, сціскаючы рулі,
Яны ў рухомай гэтай адзіноце,
Калі абрысы неба і зямлі
Знікаюць на бязлюдным павароце?
Ім сутнасць руху хочацца спазнаць
І падміргнуць свайму былому хвацка.
І хлопцы ашалелыя ляцяць
Па магістралях Брэста, Бранска, Брацка.
Пытанне зададзена — у чым «сутнасць руху»? Сапраўды, у чым яна? Над разгадкаю б’юцца і паэт, і яго героі:
Ім рэжа вочы вецер, сонца, пыл.
Інспектары —
Дзіравяць ім талоны,
А у саміх, відаць, свярбяць далоні,
Ды часам вопыт пазбаўляе сіл.
Яны, пасуравелыя, глядзяць:
Ухабаў менш — спакуса большай стане.
Было дарогу цяжка збудаваць,
Наладзіць рух на ёй — куды складней.
Часцей бачым яго ў роздуме. Вучыцца заўважаць бег часу, пранікліва ўзірацца ў гарадскую ўскраіну, якую насяляюць учарашнія вяскоўцы.
Ён не проста фіксуе рэальнасць, а стварае яе нанава — намаганнямі душы. Ён не траціць свежасць успрыняцця: «кожнае дрэва лагодна па салаўю калыша» — такім яму ўбачыўся старажытны парк у родным Гомелі.
Паэт паказаў сябе як праніклівы лірык, які ўмее ў лірычным перажыванні сканцэнтраваць падзеі
І з’явы навакольнага свету.
Над Белай Руссю — белы снег,
Нібыта чыстае сумленне,
Нібыта светлае збавенне
За самы патаемны грэх.
На досвітку запахне снег
Малінава-празрыстым сокам.
І сад, заружавелы ў сне,
Зазвоніць ціха каля вокан.
Родныя краявіды глыбока хвалююць паэта, ім аддадзена частка яго сэрца, кусочак самай патаемнай і шчырай любові, якая вядома чалавеку з дзяцінства. Рэчка, луг, поле, лес — гэта тое, што спадарожнічае нам з дзяцінства, фарміруючы нашы ўяўленні.
Як добра, што ёсць яшчэ гэта на свеце:
Гром паблажэла рохкае недзе,
І хлопчык абпырсканы весела едзе
Па лужынах цёплых на веласіпедзе.
І не прэюць у лузе пракосы,
І ўвесь свет малады і босы!
Гэтыя простыя рэаліі свету ўвасабляюць у сабе яго прыгажосць, цэласнасць і гарманічнасць. Далучэнне да натуральнага, зямнога азначае далучэнне да хараства, гарманічнасці. У гармоніі — таксама ісціна, — гэта заўважана даўно.
Усе вершы А. Грачанікава, як правіла, вельмі асабістыя: у кожным прысутнічае сам паэт са сваімі адчуваннямі, думкамі і пачуццямі. Аднак яго «я» паўстае не вонкава — яно арганічна сплаўляецца з радком, з кожнай яго клеткай, выступаючы, як голас самога жыцця.
Зборнікі вершаў «Грыбная пара» (1973) і «Начная змена» (1975) вывелі іх аўтара ў першыя рады беларускай паэзіі. Яны сведчылі не толькі пра павелічэнне жыццёвага вопыту паэта, але і пра схільнасць яго да філасофскага паглыблення ў рэчаіснасць.
Усё часова на зямлі, часова…
Але жыве дзіцячы смех і слова,
У небе сонца, пад гарой — крыніца,
І завязі жывая таямніца
Гасцюе ў свеце, як раней гасціла.
О Беларусь! Мяне ты узрасціла,
Дала мне мову, песню, зрок і слых,
Каб імі надзяліў дзяцей сваіх…
Паэт імкнецца сцвердзіць важнейшыя каштоўнасці чалавечага жыцця, зразумець і ўсвядоміць дыялектыку пастаяннага і зменлівага. Ён задумваецца над праблемай прагрэсу — руху грамадства да больш дасканальнага стану.
Плыві наперад,
Карабель жыцця!
Народу мой!
Ад нематы збавёны,
Плыві да новых дзён
Пад ветразем чырвоным,
Мінаючы ўсе бухты забыцця!
Аднак шляхі прагрэсу няпростыя. «Усё гучней — трывога пра зямлю, пра хлеб, і лес, і чыстую крыніцу…»
Нам зберагчы б увесь зямны абшар,
Каб не наклікаць новыя турботы.
Так, перад тым як накапіць нектар,
Майструюць пчолы клапатліва соты.
Не пашкадуй нектару ім, прагрэс!
А што мы самі знаем аб прагрэсе?
Маўчыць прагрэс, маўчыць, як цёмны лес.
Паэзія, на думку А. Грачанікава, з’яўляецца ідэйным, маральным забеспячэннем чалавечага прагрэсу («Не сыравіна мы для руху. Хай будзе рух нам для паслуг»). Яе абавязак — мацаваць сувязь чалавека з роднай зямлёй, са стваральнай працай народа, прыродай і гісторыяй. Такая думка прачытваецца ледзьве не ў кожным творы паэта.
Р. Бярозкіна ў зборніку «Начная змена» асабліва ўзрушыў верш «Карло Каладзе». Пра гэты верш знакаміты крытык напісаў спецыяльны артыкул «Калі паэт і паэзія — тэма…» (Літаратура і мастацтва, 1978, 9 чэрвеня). Карло Каладзе, пра якога напісаны верш, — вядомы сучасны грузінскі паэт, з ім А. Грачанікаў не раз вандраваў па Грузіі.
Паплечнік ён
І старцу, і герою,
Рачулцы горнай,
Стромкаму платану.
Яго я параўноўваю з гарою,
Ні з кім больш
Параўноўваць я не стану.
Читать дальше