Мы, камуністы,
з бою —
як салдата —
Выносім на руках сваіх
планету.
Мы раны забінтуем ёй, загоім,
Перададзім — блакітную —
нашчадкам…
У гэтых радках непасрэдна, публіцыстычна выказаны актыўнаваяўнічая, наступальная грамадзянскасць паэта, вера ў будучыню нашай цудоўнай блакітнай планеты, вядучыя сацыяльныя сілы эпохі.
Язычніцкая адухоўленасць гэтай рэчы не супярэчыць актуальнасці яе зместу. У паэме «Сяліба» паэт прыходзіць да ёмістага, сацыяльна і маральна насычанага эпічнага абагульнення, шырока разгорнутага ў прасторы і часе.
У 1979 годзе ён напісаў новую паэму — «Маўчанне травы».
Далёка не кожнай паэмы хапае на цэлую кнігу (маецца на ўвазе, зразумела, не памер твора), «Сялібы» напэўна, не хапіла б. «Маўчанне травы», трэба адзначыць, адпавядае такім патрабаванням: гэта па-сапраўднаму маштабны мастацкі свет, «паэма лёсу» як называе свой твор аўтар. Называе не без падстаў — гаворка ідзе пра няпросты жыццёвы шлях чалавека, у якім адлюстраваўся народны лёс на цяжкіх, пераломных этапах гісторыі, ад дакастрычніцкіх часоў да нашых дзён. Паэма ўражвае шырынёй і ўгрунтаванасцю светапогляду паэта, глыбокім роздумам над лёсам роднага краю, які паэтызуецца ў вобразе веснагоркі — прыдарожнай гары-кургана.
Веснагорка, маці Беларусь,
І адкуль, скажы, не перла намець?..
На крыжах — Скарына і Кастусь,
Лёс народа, сэнс яго і памяць.
На крыжах кружыў з усіх Еўроп
Вецер злы з крывавым чадам Азій.
Ды знаходзіў люд мой чарнатроп
І да сонца зноў і зноў вылазіў.
Зрэшты, В. Зуёнак не першы ў беларускай літаратуры спрабуе асэнсаваць пытанне аб гістарычным лёсе народа. Але, як вядома, шляхі мастакоўскіх пошукаў шматстайныя — у кожнага свой…
Беларуская паэзія здаўна славілася сваімі ўстойлівымі эпічнымі традыцыямі, пачатак якім паклалі народныя паэмы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», а таксама творы Ф. Багушэвіча і В. Дуніна-Марцінкевіча. Нельга не прыгадаць таксама ў гэтай сувязі імёнаў Я. Купалы, Я. Коласа, М. Чарота, многіх іншых і, магчыма, у першую чаргу А. Куляшова, дасягненні якога ў галіне эпічна-паэмных форм асабліва ўражваюць.
Што ж новага адкрыў, ідучы па ўжо традыцыйнаму шляху, В. Зуёнак?
Адным сказам ці абзацам тут не адбудзеш. Пачнём з таго, што яго паэма — пры ўсёй сваёй эпічнай заглыбленасці — аўтабіяграфічная. Пра сваё перажытае хто лепш раскажа, акрамя цябе! «Перадаверыць» гэта каму іншаму цяжка, нават немагчыма. Падзеі ў В. Зуёнка адбываюцца недзе ва ўсходняй частцы Беларусі — у родных мясцінах паэта, вёсцы з абаяльнай назвай Узбор’е.
Палёўка пры лесе — Узбор’е —
Вёска — сорак двароў:
На захад — жытное горне,
На ўсход — перазовы бароў,—
так пачынаецца паэма, у якой аўтар паэтызуе сваё Узбор’е — блізкае яму і бясконца дарагое: «Бываюць жа цуды зямныя! І ёсць паміж іх старана: то баравая заные, то жніўная ў сэрцы струна». Поле і лес — тая сфера жыццядзейнасці ўзборцаў, у якой праходзіла спакон вякоў іх гістарычнае існаванне. Узброены пачуццём свядомага гістарызму, аўтар ідзе да вытокаў — хоча даследаваць карані сацыяльнага і духоўнага жыцця народа.
І тут, у паэме, вельмі шмат лірычных адступленняў, падказаных аўтару ўспамінамі дзяцінства, якія, аднак, не толькі не супярэчаць эпічнаму пачатку, але і паглыбляюць яе праўдзівасць, узмацняюць верагоднасць і цеплыню пачуццяў. Гэта тыповая беларуская вёска, што, як гаворыцца, «спрадвеку жыве з мазаля».
Вяснуецца ў полі з сяўнёю,
П’е жніўнем з ламоткіх крыніц
І боханам — сонцу раўнёю —
Уваходзіць на покут святліц.
Ля борцяў узятак цікуе,
Румуе калоды на сплаў,
Цяслярыць і скрыпкі штукуе —
Ніхто не прыліпне да лаў!
Звярніце ўвагу на паэтычнае майстэрства, на дакладнасць і ёмістасць слова ў Зуёнка, на сакавітасць пісьма. Ён умее адным штрыхом — праз дэталь, «мікравобраз» — даць цэласную карціну вясковага працоўнага ўкладу. Цудоўна напісаны сцэны ў карчме, перабудова вёскі на новы лад, замалёўкі на касьбе, рытуал вясковай лазні, у якой чалавек выганяе бярозавым венікам хворасць і стому пасля працоўнага тыдня. Паэма — уся! — прасякнута народным духам, ахутана атмасферай фальклорнага сінкрэтызму. У слове паэта спалучаюцца адлюстраванне і выражэнне, паказ і гучанне, думка і пластыка. Зрэшты, у іншым выпадку яму, відаць, цяжэй было б так глыбока пранікнуць у свет народнага жыцця. Ён умее цаніць устойлівыя народныя выразы, у якіх адклаліся цэлыя пласты жыццёвага вопыту чалавека. Жыхары Узбор’я ўспрымаюць сваё жыццё-быццё праз старую прымаўку: «Няўродзіцца — ліха і ліха — як песня маўчыць». А якія песні ведаў народ!
Читать дальше