Вельмі плённым перыядам росту, інтэнсіўных пошукаў і адкрыццяў сталі для В. Зуёнка, як і для іншых паэтаў, 60-я гады, калі паднялася цана на сапраўднасць пачуцця, вызначылася перспектыўная тэндэнцыя: інтэнсіўнае самасцвярджэнне абвастрыла пачуццё формы, стылю, рушыла наперад паэтыку. Да верша вярталася напружанасць духоўнага пошуку. Аказалася, што ўсе — не толькі самыя значныя — падзеі маюць права на ўвагу. Зуёнак засведчыў сваю здольнасць адкрыць паэзію ў звычайным і прывычным для ўсіх. Ніхто, скажам, не пачуў, як «яблык упаў дасвеццем — ля Халопеніч, на Беларусі…», «а шар зямны здрыгануўся…» Тут знаходзім характэрную для таго часу — 60-х гадоў — стылявую прыкмету — масштабнасць успрымання рэчаіснасці і (гэта ўжо больш індывідуальнае, «зуёнкаўскае») скіраванасць да свету вёскі. Ён жыве яе справамі. Аднойчы яму нават давялося стаць «грамавержцам»: быў сухмень, а ў прыезд паэта дадому выпаў — на радасць землякам — дождж! (верш «Добры прыезд»). Маштаб, узбуйненне, гіпербалізацыя ў яго не супярэчаць праўдзе жыцця, у адлюстраванні якога ён заўсёды імкнуўся да шырокіх абагульненняў.
Ралля — аснова,
Зерня ўток няспынна
Кідаю я рукою агрубелай,—
І тчэцца,
тчэцца мудрая тканіна —
Жыццё…
З гэтаю рысаю светаўспрымання паэта звязаны яго інтэлектуалізм і філасафічнасць, якія грунтуюцца не толькі на асабістым вопыце паэта, але і на вопыце цэлых пакаленняў яго землякоў.
Каб нараджэння не знаў я,
Дык стаў бы, напэўна, нарогам
І поле ўзараў бы.
Жытнёвым бы зернем упаў я
У цёплую, ціхую глебу
І рунню б узяўся.
На ніву сасмяглую
летам
Праліўся б гаючай, жывучай
Вадою…
Вясковая тэма заўсёды шмат значыла для яго. «Маё сэрца ў жыце б’ецца перапёлачным боем»; «жыву сяўбой, бяру сяўбой»; «Прыходзіць хлеб у хаты. Ён ад зямлі, а з ім ўсё — гасціны, заручыны, вяселлі, парадзілі, і геній, што ў стагоддзях уваскрэсне…» Ён перакананы: «сэнс жыцця — у працы», тут паядналіся для яго практычны і духоўны пачаткі, сялянскае і мастакоўскае. І ў гэтым сэнсе паэт ідзе, калі так можна сказаць, за сваімі продкамі. «Продкі мае, — піша ён у аўтабіяграфіі,— людзі простай сялянскай працы. Яны ўлагоджвалі зямлю-карміцельку, здабывалі хлеб свой. І калі ўзносілі малітву, дык не аб вечным жыцці, а найбольш аб ім — аб хлебе надзённым. Яны спрадвеку былі нашымі аднадумцамі: яны былі матэрыялістамі — няхай сабе стыхійна, неўсвядомлена, без кручкаватага шкалярскага мудраслоўя. Яны гаварылі: паміраць ладзься, а жыта сей. І ў гэтым быў залог бессмяротнасці…» Яшчэ ў першай яго кнізе быў цікава разгорнуты вобраз:
Дні — колавыя спіцы,
А час — агонь-рысак.
Стрымай,
стрымай,
вазнічы,
Фурманку-паражняк…
Сэнс гэтых радкоў дастаткова зразумелы — паэт выступае за змястоўнасць, напоўненасць чалавечага жыцця добрымі справамі. І паглядзіце, як ён графічна — «горкай» — пабудаваў радок «стрымай, стрымай, вазнічы», быццам бы і сапраўды па ім з усё нарастаючай хуткасцю коціць парожняя фурманка. Народны вопыт, народная мараль сталі асновай паэтычнай канцэпцыі. Адсюль той «запас трываласці» ў яго вершах, які адзначаў у адным з артыкулаў А. Грачанікаў.
«Крэсіва» — першая кніга вершаў, якія адрэдагаваў на грамадскіх пачатках Р. Барадулін, — не была кнігай пачаткоўца: голас паэта гучаў натуральна і вельмі шчыра.
У 1969 годзе ўбачыла свет другая кніга вершаў В. Зуёнка «Крутаяр», якая развівала думкі, закладзеныя ў першым зборніку. «Асноўны яе матыў,— пісаў А. Вярцінскі,— памяць вясковага дзяцінства, роднай вёскі». Хаця ў цэлым яна, на нашу думку, не стала значным крокам наперад, аднак у многіх творах шырока і пераканаўча праявіўся дэмакратызм паэта, яго павага да жыцця. Больш удалым аказаўся зборнік «Сяліба» (1973) — вершы і паэмы аднайменнай назвы, якія істотна наблізілі аўтара да сучасных жыццёвых пытанняў і турбот.
Я сябра кожнай птушцы,
Ва ўсіх —
наперахоп:
Бярэ гляшэц у пушчу,
Бакас — на расцяроб,
А салаўі — на спеўку,
А жаўранкі — у рунь…
Для В. Зуёнка — сялянскага сына, які нарадзіўся і жыў на ўлонні прыроды, гэта гучала вельмі арганічна. Нездарма адзін са сваіх зборнікаў нарысаў і замалёвак, выдадзены ў 1962 годзе, ён назваў: «Любіць прыроду — любіць Радзіму». Пачуццё «сябра кожнай птушцы» прывілося аўтару «Сялібы» з дзяцінства, аднак, безумоўна, з цягам часу, з гадамі яго «прыродныя» адчуванні нашмат узбагаціліся. Паэт адчуў небяспеку для ўсяго чалавецтва з боку тых, хто атручвае паветра стронцыем, іншымі смяротнымі рэчывамі і рознымі суперсучаснымі відамі ўзбраенняў, накіраванымі на магчымасць змены надвор’я і прыроднага асяроддзя ў ваенных мэтах.
Читать дальше