Пра ўсе «подзьвігі» кіраўнікоў мясцовай савецкай улады ў Беларусі не расказаць. Адзін летам запрагаў жанчын у сані і прымушаў везьці на п'янку ў суседнюю вёску, другі гвалтаваў па чарзе калгасніц, трэці цягнуў у хату ўсё, што ўпадабаў. Ад уладарных вырадкаў не было паратунку, і нярэдка даведзеныя да адчаю людзі накладалі на сябе рукі.
…Пра арышт старшыні Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпана Белаўца, безумоўна, адразу стала вядома ў акрузе. Ня дзіва, калі многія ўспрынялі навіну са злараднасцю — цягаў воўк, пацягнулі й ваўка. І тое, што пры гэтым была парушаная нейкая мітычная «сацзаконнасьць», наўрад ці хвалявала даведзеных да галечы вяскоўцаў, у якіх старшыня сельсавету канфіскаваў маёмасць за няўплату падаткаў. Магчыма, Белавец і не валок у хату жабрацкае багацьце (на восем ратоў на падворку Белаўца на момант арышту налічвалася ўсяго адна карова і пяць сьвіней — цяжка ўявіць, як сям'я кармілася нават тады, калі бацька быў на волі. А ўжо пасьля арышту напэўна зьведалі і голад, і холад). Аднак старшыня сельсавету, як і ягоны следчы Гарбачэўскі, быў часткай бязьлітаснага мэханізму гвалту, што ўрэшце пажор і яго самога. Не такі ўжо й рэдкі выпадак для сістэмы, якая замяніла чалавечыя дачыненні партыйнай маральлю і знайшла вялікае мноства ахвотнікаў гэтую мараль праводзіць у жыцьцё.
У жніўні 1960 году Вайсковы трыбунал Беларускай вайсковай акругі, як напісана ў даведцы, спыніў справу Сьцяпана Белаўца «за адсутнасцю саставу злачынства». Магчыма, яго дзецям, якія зьведалі ўсе «выгоды» званьня членаў сям'і здрадніка радзімы, прынесла палёгку афіцыйнае пацьверджаньне, што іх бацька — ня польскі шпіён. Старшыня сельсавету і сапраўды ня быў агентам замежных разьведак…
1961. «Да гэтых справаў я ніякіх адносінаў ня меў»
Блякнот Гарбачэўскага танчэў: даводзілася пісаць новыя й новыя тлумачэнні, каб давесьці сваю правату і заслугі перад партыяй. Пэрсанальная справа хутка расла ў аб'ёме. Пра амурныя прыгоды ніхто ўжо ня згадваў, а чамусьці пачалі выторгваць іншыя факты.
Магчыма, яму проста не шанцавала. Пасьля сьмерці Сталіна парадку менш стала паўсюдна. Вось і перагляд справаў рэпрэсаваных даручылі не спэцыялістам, якія гэтыя справы добра ведалі, бо самі некалі вялі, а пабочным, ня надта дасведчаным асобам з вайсковай пракуратуры. Іх увагу і прыцягнуў ягоны подпіс, які стаяў пад мноствам розных дакумэнтаў. Вайсковы пракурор І. Пастрэвіч прыводзіў прозьвішчы і характарыстыкі некаторых асобаў, якіх ён выкрыў: непісьменны калгаснік Міканор Кулакоўскі, старшыня калгасу, бацька пяці дзяцей Уладзімір Герасіменя, лясьнік Фёдар Сідарук, намесьнік старшыні калгасу Аляксандар Бялькевіч, лясьнік Аляксандар Аліноўскі, калгаснікі Марыя Лазоўская, Баляслаў Корбут, Юльян Смоліч…
«Ня ведаю, навошта зьбіраць рознага роду выпадкі і недахопы за 25 гадоў працы, у кожнага яны бываюць. Падаваць іх агулам, не канкрэтызаваць, выпустошваць увесь зьмест, як і чаму тая ці іншая акалічнасць здарылася, і толькі ў бок абвінавачаньня. Я і так перажыў у сувязі з гэтымі справамі, што паслужыла прычынай звальненьня з органаў…»
Радкі нататніка перапаўняла шчырая крыўда, і пошта разносіла лісты адрасатам. Аднак яму пачалі прад'яўляць архіўныя дакумэнты з імёнамі, пратаколамі, ордэрамі на арышт бяз санкцыяў пракурора. Так, там стаяў ягоны подпіс, але ж хіба ўсё запомніш. Можа, і афармляў якія-небудзь паперы. Але сам сьледзтва ня вёў, а толькі падпісваў першапачатковыя дакумэнты — астатнім займаліся ў Слуцку і Менску.
Ён тлумачыў зноў і зноў:
«Згодна з пастановамі ў той час вышэйстаячых органаў і пракуратуры, афамленьне справаў рабілася наступным чынам: паводле матэрыялаў, якія меў той ці іншы орган МУС (агентурныя распрацоўкі, пратаколы допыту сьведкаў, дакумэнтацыя і да т. п.), складалася апэратыўным работнікам абагульненая даведка, пісалася пастанова на арышт, бралася санкцыя пракурора і ўвесь пазначаны матэрыял накіроўваўся ў акруговы аддзел (у той час Слуцкі) для вядзеньня сьледзтва з арыштаваным. Як там вялося сьледзтва, хто яго вёў, якія матэрыялы атрыманыя сьледчым, хто накіроўваў справы паводле падсуднасьці і пісаў абвінаваўчае заключэнне, мне невядома, бо да гэтых справаў і матэрыялаў я ніякіх адносінаў ня меў і больш іх ня бачыў».
Спраўдзілі. Зь дзевяці выбарачна паднятых справаў сем ад пачатку і да канца, да адсылкі ў Маскву наркаму Яжову на зацьверджаньне сьмяротнага прысуду, былі складзеныя і аформленыя ўласнаручна Макарам Гарбачэўскім. Тады, у 1961-м, не змаглі ці не захацелі спраўдзіць словы Гарбачэўскага пра тое, што больш справаў арыштаваных ім людзей ён ня бачыў…
Читать дальше