Верагодна, сярод старшыняў сельсаветаў былі розныя людзі. Аднак Сьцяпан Белавец запомніўся людзям даволі пэўна. Яны засведчылі ў 1960 годзе, што старшыня сельсавету «вельмі актыўна праводзіў палітыку ўцягнення сялянаў у калгас і на гэтай глебе часам крыўдзіў асобаў, якія не хацелі ўступаць у калгас. Да асобаў, якія не выконвалі падаткаў, Белавец ставіўся жорстка, часам паводле яго патрабавання ў некаторых аднаасобнікаў канфіскавалася маёмасьць».
Пяць цалкам зьнішчаных гаспадарак, пушчаных голымі ў сьвет сем'яў аднаасобнікаў пацвярджаюць характарыстыку Сьцяпана Белаўца як «чыста савецкага чалавека». Яго паводзіны не адрозьніваліся ад дзеянняў большасці мясцовых уладароў сельсавецкіх пячатак. Вось некаторыя штрыхі ў партрэт старобінскіх сельсаветчыкаў з даведкі Камісіі савецкага кантролю (ад 13 сакавіка 1937 г.):
«Аб скажэньнях дырэктываў партыі і ўраду і парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьці ў Старобінскім памежным раёне.
…У савецкіх арганізацыях праводзілася голае адміністраванне, якое суправаджалася зьдзекамі над калгаснікамі і аднаасобнікамі.
Па Даманавіцкім сельсавеце:
Старшыня Чарняк, які зьяўляецца адначасна парторгам Даманавіцкага і Чырвонаазерскага сельсаветаў, канфіскаваў у Хаміцэвіча Мацьвея карову, цяля і дзьвюх авечак за няўплату штрафу 250 рублёў, пра які Хаміцэвіч уведаў у дзень канфіскацыі маёмасьці. Карова і цяля былі здадзеныя на базу за 455 руб. 50 кап., зь іх 125 руб. 50 кап. прысвоеныя старшынём сельсавету. Чарняк таксама канфіскаваў у Хаміцэвіча Пятра каня, кажух, адрэз сукна і тачылы без афармлення акту пад выглядам неіснуючай нядоімкі па культзбору. Чарняк прысвоіў кажух, сукно і тачылы, а каня замацаваў за сельсаветам для разьездаў.
Па Чырвонаазерскім сельсавеце:
Старшыня Мурашка (член КПБ, сыстэматычна п'янствуе) займаўся незаконнай канфіскацыяй і прысваеннем часткі маёмасьці аднаасобных гаспадарак. Шэраг гаспадарак былі Мурашкам разбураныя ў выніку налічэння непасільных падаткаў, шляхам налічэння неіснуючых неземляробчых і рынкавых даходаў. Напрыклад, Паддубіцкаму Аляксею (сям'я з васьмі душ, сын у Чырвонай Арміі) вызначыў 1600 рублёў падатку на падставе заведама дутых даходаў. За няўплату такога непасільнага падатку канфіскавалі ў яго каня і адзіную карову. Мурашка прысвойваў незаконна канфіскаванае ў вяскоўцаў (карову, свінню, футра, швэйную машынку, збожжа і інш.) Сакратар сельсавету Мацукевіч Фёдар і член Бердніковіч Васіль зьбілі калгасніцу Казьлякевіч Стэфаніду і яе дванаццацігадовую дачку пры незаконнай канфіскацыі каровы для пакрыцьця нядоімкі яе брата-аднаасобніка. Старшыня сельсавету Мурашка і член Сівец абшукалі і канфіскавалі два кілаграмы ільнавалакна ў сьляпой 65-гадовай Ільшчыц Агаф'і, якая зьбірала яго жабрацтвам.
Па Зажэвіцкім сельсавеце:
У 1936 годзе старшынём быў Свістуноў (цяпер старшыня Пагосцкага сельсавету), які незаконна канфіскоўваў маёмасьць, прычым, апроч пяці ўлічаных выпадкаў, паводле скаргаў выяўлена яшчэ дзесяць выпадкаў канфіскацыі без афармлення дакумэнтамі. Напрыклад, Сьвістуноў прапанаваў аднаасобніку вёскі Гэліна Мікіту Рабаву запрэгчы каня і прывезьці яго ў сельсавет, а там адабраў у Рабава каня з вупражжу і санямі, заявіўшы, што гэта канфіскуецца за няўплату культзбору. Сьвістуновым за нядоімку 20 руб. у аднаасобніка Казлоўскага Канстанціна была апісаная маёмасьць на 400 рублёў, зь якой былі прададзеныя калгасу два хлявы за 60 руб., а рахункаводу сельсавету Бялько швэйная машынка за 100 руб. па падложнай распісцы. Сьвістуноў разарыў шэраг аднаасобных гаспадарак, напрыклад, у Пахай Марыі, апроч усіх гаспадарчых пабудоваў, была разламаная на дровы агароджа вакол хаты.
Па Чыжэвіцкім сельсавеце:
Старшыня Бабаеў (член КПБ) на працягу 1935–36 гадоў займаецца незаконнай канфіскацыяй і прысваеннем маёмасьці аднаасобнікаў. На Шэмет Хрысціну за недавыкананне 9 кг ільну, якія праз тры дні былі здадзеныя дзяржаве, Бабаеў наклаў вусна штраф у 200 руб. і ў той жа дзень канфіскаваў у яе 300 мэтраў тонкатканага палатна. Канфіскацыя была праведзеная шляхам узлому сякерай куфэрка. Шэмет Хрысціна, калі Бабаеў выносіў палатно, цалавала яго рукі, прасіла не адбіраць палатно, якое атрымала ў пасаг дзясяткі гадоў таму і захоўвала для дачок. Але старшыня сельсавету быў няўмольны. Канфіскаванае палатно Бабаеў падзяліў паміж сабой, старшынём калгасу «Свабода» Далінным і аднаасобнікам Чайкоўскім, зь якім п'янстваваў.
Бабаеў ужываў зьдзеклівыя спосабы прымусу да аплаты наўмысна завышаных падаткаў. У Лойкі Антона (сям'я з шасьці малых дзяцей) была разабраная зімою (25 сьнежня 1936 г.) частка жылога дому і прададзеная за 100 руб. калгасу «Перамога». Бабаеў за ўдзел членаў сельсаветаў і нанятых у канфіскацыі даваў прэмію ад 10 да 15 руб. з сумы продажу маёмасьці. Бабаеў зьбіў аднаасобніцу Ткачэню Вінадору за адмову дабраахвотна здаць ільнавалакно».
Читать дальше