У прыватнасьці, мною была створана і група пад кіраўніцтвам Каржа Васіля (потым — Герой Савецкага Саюзу)… Зь ліку супрацоўнікаў і затрыманых байцоў, якія ўцякалі зь перадавой ад Берасьця, стварыў падразьдзяленьне для зьнішчэньня дробных групаў праціўніка ў раёне Століна. Уступіў у бой з фашыстамі, дзе былі падбітыя танкі і ўзятыя ў палон нямецкія афіцэры. Працаваў па спэцыяльным заданьні на перадавых пазыцыях нашых войскаў. Пасьля вайны на працягу амаль двух гадоў удзельнічаў у разгроме ўзброеных бандаў нацыяналістычнага падпольля ў Гарадзенскай вобласьці. Асабіста захапіў узброенага важака банды «Квят» і іншых, за што абвешчана падзяка з выдачай узнагароджання. Усе іншыя факты пералічыць не ўяўляецца магчымым…»
Ліст ён скончыў просьбай выклікаць яго на гутарку і падпісаўся: Гарбачэўскі Макар Давыдавіч, зваротны адрас — Берасьце, вуліца, дом, кватэра.
Аднак яшчэ раней у партыйныя органы паступіла заява нейкага Д-на, члена партыі з 1940 году, кіраўніка аднаго з аддзелаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Д-н пісаў:
«Мае асабістыя назіраньні і абурэньне суседзяў ладам жыцьця і паводзінамі Гарбачэўскага даюць мне поўнае права заявіць аб тым, што ён, здаровы чалавек, на працягу 5–6 гадоў нідзе не працуе, а вядзе паразіцкае жыцьцё. І апроч усяго, маральна разбэшчаны чалавек. Спіць ён з 8 гадзінаў раніцы да 4 гадзінаў дня, пасьля чаго робіць візыт да суседкі па кватэры Тамары, муж якой афіцэр Савецкай Арміі служыць у Смаленскай вобласьці. Пасьля ён прымае ў сябе на кватэры Жэню, «сяброўку» Тамары, жонку кіраўнічага работніка, якая мае апроч мужа дачку. Увечары Гарбачэўскі сустракаецца паводле графіку з грамадзянкай Хоміч, муж пэнсіянэр, і потым адпраўляецца на сустрэчу да дзьвюх іншых, на жаль, ня ведаю іх прозьвішчаў і імёнаў. У Жэні і Хоміч з-за Гарбачэўскага ўзьнік канфлікт, які дайшоў да вулічнага скандалу, у выніку Хоміч прыходзіла скардзіцца да мужа апошняй. Рэшту ночы да 7–9 гадзінаў раніцы Гарбачэўскі праводзіць за картачнай гульнёй з выпіўкай. Ён ня варты ня толькі высокага званьня члена КПСС, але і члена нашага сацыялістычнага грамадзтва.» — заключаў свой ліст у ЦК партыі падмануты муж — кіраўнічы савецкі работнік.
Д-н выносіў сямейную бялізну на партыйны суд з простай прычыны: калі ён давядзе, што невінаваты ў разводзе, яго, магчыма, не пакараюць па партыйнай лініі, не пацерпіць кар'ера. Яшчэ да звароту ў ЦК ён усё расказаў сакратару сваёй партарганізацыі. Той потым дакладаў у абкам партыі, што Д-н «вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай, бо яна ўжо каля двух гадоў здраджвае яму і знаходзіцца ў сувязі з Гарбачэўскім, які разьбівае яго сямейнае жыцьцё. Тав. Д-н неаднаразова гутарыў з Гарбачэўскім, каб ён не разьбіваў ягонае сямейнае жыцьцё, спыніў сувязь зь ягонай жонкай, але Гарбачэўскі не зрабіў гэтага».
Скаргі Д-на паўплывалі на характарыстыку Гарбачэўскага. У першай, выдадзенай у будаўнічым трэсьце, дзе Гарбачэўскі стаяў на партуліку, адзначалася, што ён дысцыплінаваны, добрасумленны, прачытаў калектыву лекцыю «Аб павышэньні рэвалюцыйнай пільнасьці». У другой характарыстыцы, выдадзенай пазьней, Гарбачэўскага называюць нясціплым, маральна няўстойлівым, адзначаюць распусны лад жыцьця і інтымныя сувязі з замужнімі жанчынамі.
Лісты былі атрыманыя ў Менску ў ЦК партыі і падшытыя ў папку з надпісам «Пэрсанальная справа» (у Нацыянальным архіве, які ўключае і былы архіў ЦК КПБ, папка захоўваецца і дагэтуль). Справу Гарбачэўскага разглядала парткалегія КПБ — так у 1961 годзе называўся партыйны суд унутранага карыстання, які караў камуністаў за ўчынкі, несумяшчальныя з высокім званьнем партыйца. Не сумяшчалася рознае — занадта добрае веданьне гісторыі і хрышчэнне дзіцяці, уласная думка аб чарговай генэральнай лініі і развод; на павальную п'янку часам глядзелі скрозь пальцы, а часам за куфаль піва гналі з пасады. У партыі існавала сыстэма пакараньняў з падрабязнай градацыяй, якая ўвесь час разьвівалася і перабудоўвалася: зьвярнуць увагу, паставіць на від, папярэдзіць, потым ішла вымова, строгая вымова і вымова з занясеньнем. Адзін час практыкаваўся перавод з членаў партыі ў кандыдаты і, як вышэйшая мера, — выключэнне з шэрагаў партыі.
А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталін, «для шараговых членаў партыі знаходжанне альбо выключэнне з партыі — гэта пытанне жыцьця і сьмерці». Праўда, так было пры таварышу Сталіне. Пры іншых таварышах было іначай.
Нягледзячы на сакавіты партрэт нораваў эпохі, гэтую ўнутрыпартыйную перапіску можна было б і ня згадваць, калі б не адна даведка, якая таксама была падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскі Макар Давыдавіч апошнім часам быў начальнікам улікова-архіўнай управы КГБ Берасьцейскай вобласьці. Загадам КГБ пры Савеце Міністраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьці, на ўліку асобай інспэкцыі як парушальнік савецкай законнасьці ня значыцца. Даведку падпісаў маёр КГБ Камароў.
Читать дальше