Такім чынам, берасьцейскі Казанова быў зь ліку чэкістаў… Датэрміновае спыненьне службы ў 1955 годзе сьведчыла, што ён патрапіў пад хвалю адлігі, калі пасьля прыходу да ўлады Мікіты Хрушчова некаторых асабліва заслужаных спэцыялістаў адпраўлялі на пэнсію. Але пазбаўляліся далёка не ад усіх. Да таго ж, калегі Гарбачэўскага даводзілі, што савецкай законнасьці той не парушаў. Тады за што звольнілі чэкіста ў росквіце сілаў (калі верыць скаргам падманутых мужоў)?..
З анкеты
члена КПСС з кастрычніка 1929 году, партбілет № 05820215, Гарбачэўскага М. Д., беларуса, 1906 г. н., паходжаньне — зь сялянаў вёскі Багданава Бешанковіцкага раёну Віцебскай вобласці:
1925–27 — працаваў на сельскай гаспадарцы ў бацькоў
1927–28 — тэхнічны сакратар Лёзьненскага райкаму партыі
1928–29 — курсант школы аднагадзічнікаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзімір
1929–30 — загадчык улікова-статыстычнага пададдзелу акругкаму партыі, г. Віцебск
1930–35 — супрацоўнік ОГПУ НКВД БССР, г. Менск
1935–36 — слухач Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква
1937 — начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД
Як вынікала з далейшай анкеты, праца на раённым узроўні для сталічнага спэцыяліста працягвалася менш за два гады. Спачатку яго ўзялі ў рэспубліканскі апарат НКВД, пасьля даверылі самастойны ўчастак у Заходняй Беларусі — ён ўзначаліў Пінскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобін, Гарбачэўскі ўзьляцеў на ключавую пасаду ў службовай ерархіі — стаў намесьнікам наркама дзяржбясьпекі Лаўрэнція Цанавы па кадрах.
Але гэта будзе потым. Падмурак прафэсійнага посьпеху закладаўся на нізавым, самым важным і самым цяжкім участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы — у райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лінія, тут праходзіла перадавая, тут, недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзінаў у суткі, трэба было на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.
Гарбачэўскі прыехаў у Старобін з найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзіў курс навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкі і правядзеньня адкрытых працэсаў над «правымі цэнтрамі» і «трацкісцкімі блёкамі»; супрацоўнікі і курсанты НКВД адыгрывалі ролю публікі на такіх працэсах, вучыліся найвышэйшаму пілатажу сацыялістычнай законнасьці. Адным з тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкі, быў Барыс Берман, чыя ўзорная праца была аддзячаная званьнем камісара дзяржбясьпекі З-га рангу і прызначэннем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937 годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў і выпускнік Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскі.
Архіўныя дакумэнты дазволілі заглянуць глыбей у адзін старобінскі дзень адстаўнога банвіяна Макара Гарбачэўскага. Гэты дзень — субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень начальнік Старобінскага райаддзелу НКВД выпісаў ордэры на арышт з нумару 161 па нумар 231, усяго, калі верыць лічбам, на семдзесят чалавек.
1937. «Чыста савецкі чалавек…»
На стандартным бланку стаяла назва арганізацыі — НКВД, нумар ордэру, дата выдачы і тэрмін дзеяньня — адны суткі. Гарбачэўскі зацвярджаў ордэры на арышт і вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле архіўныя матэрыялы сьведчаць, што камуністычная бюракратыя ахвотна карысталася алоўкамі. Нават подпісы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамі нярэдка зробленыя сінім альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кіраўнікі ў гэтай справе бралі прыклад з маскоўскага начальства гэтаксама, як са сталінскага галіфэ і кіцеля пераходзілі на хрушчоўскія вышытыя кашулі, а потым на брэжнеўскія двубортавыя гарнітуры. Магчыма, прычына карыстання алоўкам, а не чарнільнай ручкай — у тым, што грыфэльныя запісы лёгка сьціраць, а значыць, падпяваць, хістацца ўсьлед за генэральнай лініяй партыі.)
У Старобінскім райаддзеле, апроч начальніка, працавалі яшчэ два апэратыўныя работнікі, Казлоў і Карнееў. Яны вялі апэратыўную распрацоўку, зьбіралі агентурныя зьвесткі і давалі матэрыялы Гарбачэўскаму на подпіс. Апроч таго, начальнік райаддзелу асабіста вёў сьледчыя справы, дапытваў, дамагаўся хуткіх і поўных прызнанняў; яго падследныя звычайна ішлі па «першай катэгорыі».
Трыццаціпяцігадовы жыхар памежнага Старобінскага раёну, старшыня Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпан Белавец пісаў лісты да маці і таму, на думку начальніка райаддзелу НКВД, несумненна падпадаў пад гэтую катэгорыю. У сакрэтнай даведцы, на падставе якой начальнік падпісваў ордэр, пазначаная непасрэдная прычына арышту: «У Польшчы пражываюць сваякі Белаўца — маці і стрыечныя браты. Меў сувязь са сваякамі шляхам перапіскі».
Читать дальше