Ад тых абозаў я меў палёгку з кормам паршукам. „Конскія яблыкі”, рабыя ад неператраўленага аўса, смакавалі і даволі пераборлівай мацёры.
Беларускія класы ліквідавалі і мус было ісці ў польскія. Неўзабаве захадзілі з вуліцы на вуліцу, з хаты ў хату камісарскія агітатары, каб беларусы выязджалі ў Расею, бо „зьдзесь будзет Польша”. Ціснулі на бацюшку Савіча, з разлікам, што следам за ім здымецца ў нейкі вырай уся парафія... Не на таго яны напалі. Дурылі галаву і нам, але бацька, даўшы рады немцам, тым лаўчэй абалваніў тых ганучнікаў, здольных ано махляваць. Абяцаючых без аніякага толку.
Тлумачыў ім: – Таварышчы, нашто вам гэты вываз, ну, думайце самі!? Забяроце нас да сябе, нада будзя хату там каждаму даць, а ў вас жа ўсё папалена! Нада будзя хлебам карміці, а ў вас жа сваім не стаёт. Нада будзя работу, а ў вас жа нет чым плаціць, страна зьніштожаная. Зачэм вам гэта бяда на галаву, у вас жа сваіх людзей неізьвесна куды дзяваць, хаця Расея вяліка, но пустая, бяда зь бядою ў ёй, а вы яшчо і нас хаціце зваліць на свае змораныя плечы... Мы вам у вас плакаць будземо!
А яны: – Эта ты напрасна так гаварыш, пан: всё вам у нас будзет, дажа свіней сваіх заберош...
Маці на тое: – Ага, забярэш, каб калхозьнікі пакралі!..
Бацька спалохана перапыняў яе: – Не слухайця, таварышчы, дурную бабу! (І да іх) Я вам кажу: нашто вам гэта наша бяда?! Мы вас очань шкадуем, і таму эта наша бяда хай ужэ на палякаў валіцца, тагды вам лучша з вайны адбудавацца.
Саветы: – Вас палякі здзесь душыть будут, как раньша.
Бацька: – Э, таварышч, хто толькі нас не душыў, а мы жывем. Хай душаць палякі, дамо рады. Затое Расеі лягчэй будзя...
У Крынках кішма кішэла загранічнікаў, уцекачоў з тых вёсак, якія спачатку адыйшлі да СССР. З Вялікіх Азяранаў, Парэччаў, Юраўлянаў, Ласінянаў... Кватаравалі яны ў сваякоў, парабкавалі. Рамашэвіч рабіў моцныя калёсы. Як ні кідалі іх вобземлю, ні зрушыліся. З ім супражыў азяранец Кучынскі, і абодва прыбраліся ставіць нам новую хату, цяперашнюю, на жыдоўскіх пажарышчах. Марудна цясалі, абы доўга, бо не мелі куды падзецца. Сваяцкі нам Гарбуз, афіцэр Белай Гвардыі, пісарыў у паўпісьменнага войта Нэваля. Хто ведае, ці не ад такое ганьбы распіваўся... Хама Нэваля ў рэвалюцыю нашпарыў бы ён бізуном!
Павялася мода садзіць садкі. У садаўнічага Ганацкага на Акопах купілі мы пару яблынькаў. Знайшлося ім месца ў закутку вузкага і пераходнага падворка (за намі пабудаваўся быў бацькаў брат Грыша). Я не мог прычакаць, калі дрэўцы прымуцца расці! Падліваў іх ці не штодзень, аж нехта сказаў, што пагніюць ім ад таго карані. Завёў кролікаў-трусоў, якім прыносіў дзяцеліну з прыгумення ды падкрадваў моркву на чужых загонах; падпільнавала мяне цётка з Плянтанскай – дагнаць не дагнала, і шчасце, што не апазнала. Набліжалася тым часам зіма і былі б клопаты з імі, але, аднойчы, усіх выдушыў тхор. Неразважліва, бо я ў роспачы высачыў ягоныя крывавыя слядцы, – вялі ў блізкую крушню. Выбілі тхарыны вывадак да нагі ўпалоханыя за свае куры і качкі гаспадары.
Яновічы не чыталі па-польску. Не лічылі гэта патрэбным. Пісьманосец Клімовіч з Касцельнай хварэў на інтэлігента і настаяў выпісаць „Rolnik Polski”. За газету браўся я, дэкламуючы з яе паведамленні са свету крынкаўцам, прыходзячым „на майсы” ў шаўцоўню, дзе несціхана балбатаў радыёпрыёмнік „Філіпс”, набытак ад савецкіх марадзёраў. Электроўню ўжо, здаецца, сяк-так адбудавалі... Слухалі наогул песні з Масквы, адкуль перадавалі іх як бы бесперапынна; у вядомы момант знаходзіў бацька Лондан з сігнальным у эфіры бубнам: Nadajemy wiadomości dobre czy złe, ale zawsze prawdziwe...
Загранічнікі што ні вечар спадзяваліся абвесткі, што Англія з Амерыкай ужо-ўжо пойдуць вайною на бальшавікоў. Сімпатыкі АК – таксама. А кацапы маўчалі, час ад часу падміргваючы адзін аднаму. Мяне дадаткова здзіўляла тое, што нічога не кажуць у радыё пра палітыкаў, пра якіх поўна ў маёй газеце: ні слова пра Хурхіля, а ўсё пра якогасьці Чэрчыля, і няма дэ-Гаўле, ёсць дэ-Голь, можа брат дэ-Гаўля?.. Наведваліся з заказамі абутку – з матчынай радні ад Гарадка, з аповедамі, як у тым старонні ганяюць прэч банды, хто гранатамі або і вінтоўкамі. Наслухаўшыся, я склаў каліграфічным пісьмом лістоўку з тытульнымі словамі „Не забывайце, беларусы, што ў нас сталіца Мінск...” Сцібрыўшы клею ў чаляднікаў, замацаваў яе ў месячную ясноту на тэлеграфным слупе каля таго ж моста (удзень тае паперы ўжо не было). Стасько Шамрухевіч намякаў мне пасля, каб гэта я так, засранец, апошні раз... Яму было пад васемнаццаць, на сем-восем больш. Тоячыся ад яго, намаляваў я акварэлькамі мапу Беларусі і схаваў яе ў куфар (унікальны сённячы экспанат).
Читать дальше