У штабе было чацвёра. За сталом сядзеў чалавек у пенснэ і курыў папяроску. Перад ім ляжалі паперы, стаяла попельніца. Астатнія трое прымасціліся ля акна, на лаве. Той, што ў пенснэ, назваў сябе палкоўнікам Галавінкіным і ветліва сказаў:
— Ты гавары праўду. Я таксама за партызан і дзяцей партызан люблю. Скажы мне, хто вы, чые вы?
Расказала так, як аб гэтым умаўляліся з Тоняй і Святланай у лесе.
— А дзе партызаны? — спытаў ён.
— Я не ведаю, што такое партызаны,— адказала я.
— Як вы трапілі ў лес?
Я сказала, што ўцякала з мамай, як бамбілі вёску. А ён кажа:
— Мама з наганчыкам? Так, з наганчыкам?
— Не, без наганчыка,— адказала я.
Ён паківаў галавой.
Я гавару:
— Я заснула, а мама мяне ў пярэпалаху пакінула.
— Вывесці і паклікаць другую, самую маленькую,— загадаў ён.
Святлану павялі. Што цяпер будзе? Я сядзела і плакала. Баялася, каб яна не нагаварыла абычаго. Потым яна вярнулася, а ўзялі Тоню. За гэту я хвалявалася менш. У хаце, акрамя трох маленькіх дзяцей, нікога не было. Я падышла да Святланкі, абняла яе і ціхенька стала дапытвацца, што яна гаварыла ў штабе.
— Тое, што мы вучылі ў лесе,— адказала яна.
— А больш нічога не сказала?
— Не, я ж памятаю, што трэба гаварыць.
Затым прыйшла Тоня. Я распытала ў яе. I яна гаварыла тое самае, што раней.
Прайшла ноч. Настаў дзень. Раптам пачалася трывога. Немцы замітусіліся і кудысьці пабеглі.
Я глянула ў акно. Не відаць нікога. Адчыніла дзверы і зірнула на двор — і там пуста.
— Пайшлі,— шапнула я дзяўчынкам.
Выйшлі з хаты на двор, а адтуль на вуліцу. За вёскай зусім блізка пачынаўся лес. Мы падаліся ў той бок. У канцы вёскі стаялі патрулі. Абышлі іх агародамі і пабеглі прама ў лес. Зашыліся ў гушчар і прасядзелі там ноч і дзень.
Толькі ўранні асмеліліся выткнуцца з лесу. Было ціха, і мы па шырокай дарозе пусціліся наперад. З перадышкамі прабеглі кіламетраў шэсць. Паказалася вёска. Немцаў у ёй не было. Пакуль мы лазілі па лясах і балотах, вопратка ў нас паабрывалася, пратаптаўся абутак. Ногі былі нацёртыя, апухлыя і моцна балелі. Дужа ныла ў жываце. Мы зайшлі ў першую хату і папрасілі есці. У гэтай хаце жыла надта добрая бабуля.
— Хто вы, дзеткі? — спытала яна ў нас.
— Мы ўцяклі з вёскі, там немцы...
— А дзе ж вашы мамкі?
— Не ведаем...
Хто мы і адкуль — не прызнаваліся нават гэтай добрай бабулі.
Бабуля накарміла нас бульбай з квасам, дала памыць ногі. Потым прынесла ахапак сена, разаслала на падлозе і паклала нас спаць. Мы вельмі стаміліся і ў мяккім сене хутка заснулі.
Назаўтра яна зноў накарміла нас. Мы спыталі, дзе тут знайсці вёску з партызанамі.
— Ідзіце, дзеткі, прама, там спытаеце.— I яна паказала, у які бок ісці. Мы шчыра падзякавалі добрай бабулі, развіталіся і рушылі далей.
Цётка Вера была з пасёлка Лучны Мост Сялібскага сельсавета Бярэзінскага раёна. Мы рашылі прабірацца ў той бок. Навакольныя сяляне ведалі гэты пасёлак. У кожнай вёсцы мы пыталі:
— Як прайсці ў Лучны Мост?
I нам расказвалі і паказвалі дарогу.
Так мы прайшлі дванаццаць сёл, пакуль не трапілі ў вёску Барсучына, якая была недалёка ад гэтага пасёлка. Спыніліся ў хаце селяніна Кардымона. Тут мы ўжо не баяліся — немцаў і блізка не было. Расказалі селяніну, хто мы такія. Ён схадзіў на пасёлак і наказаў Алесю Барысевічу, бацьку цёткі Веры. Тыя забралі нас да сябе. Але заставацца ў іх нам нельга было. Сюды часцяком наязджалі паліцаі. Мы папрасілі Барысевіча, каб ён, убачыўшы партызан з брыгады Ціхамірава, сказаў пра нас.
Праз два дні прыехалі два партызаны: Жора і дзядзька Віця. Мы ўзрадаваліся, убачыўшы сваіх байцоў. Распыталі, дзе цяпер наш атрад.
— Пайшоў і ўжо далёка,— сказаў дзядзька Віктар.— Каб вы прыйшлі дні на два раней, мы б адвезлі вас туды.
Я спытала, дзе мая мама і сястра Аня. Ці жывыя яны?
— Жывыя,— адказаў ён.— I знаходзяцца ў атрадзе.
Дзядзька Віктар і Жора адвезлі нас у партызанскую вёску Міраслаўка. Там нас размеркавалі па розных кватэрах.
Я трапіла ў сям'ю Паўла Рыгоравіча Запруцкага. Я хутка прывыкла да іх, яны да мяне.
Добра пазнаёміўшыся з гаспадыняй, цёткай Анютай, расказала ёй, што я — яўрэйка, што мая мама і старэйшая сястра ў партызанах, а бацька ў Чырвонай Арміі. Але я папрасіла яе, каб яна аб гэтым нікому не гаварыла. I яна не сказала нават свайму мужу.
У Паўла Рыгоравіча было чацвёра дзяцей, усю іх гаспадарку разрабавалі паліцаі. Гаспадары харчаваліся адной бульбай. Але гэта былі надта добрыя людзі. Яны адносіліся да мяне, як да роднай. Я пражыла ў іх год і два месяцы. За гэты час на вёску часта рабілі налёты паліцаі і немцы. Гаспадары завозілі мяне на які-небудзь хутар або ў лес. Павел Рыгоравіч і цётка Анюта чула адносіліся да мяне. Аднойчы я сказала, што хачу навучыцца прасці, і дзядзька Павел зрабіў мне маленькую прасніцу.
Читать дальше