— Значыцца, мы не дарэмна стараліся, аддаючы гэтай рабоце свой час, веды, вопыт. Цяпер з упэўненасцю можна сказаць, што кніга атрымалася. I нядрэнная кніга. Такая ж думка не толькі ў міністра, але і ва ўсіх членаў рэдкалегіі. А калектыўная думка — правільная думка. Нам застаецца прыдумаць назву кнігі і на гэтым паставіць кропку.
I мы пачалі думаць пра назву.
— Назва кнігі, што імя для чалавека,— гаварыў Іван Міхайлавіч,— і мы павінны падабраць імя, дастойнае кнігі.
Паколькі і героі, і аўтары ўспамінаў піянеры і школьнікі, то мы і парашылі адштурхнуцца ад гэтага. Перабралі больш за дзесятак розных назваў, але ніводная з іх не задавальняла ні Янку Маўра, ні мяне.
Праз нейкі час, калі здавалася, што мы зайшлі ў тупік, я раптам успомніў лозунг, які бытаваў у час вайны: «Ніколі не забудзем, нікому не даруем!»
— Іван Міхайлавіч, а што, калі з гэтага лозунга ўзяць першую частку: «Ні-ко-лі не забудзем»? Не забудзем таго, што перажылі дзеці, ды і ўсе савецкія людзі, у дні чорнага ліхалецця.
— Сапраўды, добра! — усклікнуў Маўр і выразна паўтарыў: — «Ніколі не забудзем». Лепшага загалоўка нам, бадай, і не прыдумаць. Гэтак мы і назавём наша дзіця.
Як толькі была знойдзена назва кнігі, Янка Маўр з непрыхаваным задавальненнем прамовіў:
— Застаецца здаць рукапіс у выдавецтва, і наша місія скончана.
— А прадмова? — далікатна сказаў я.— Лічу, што такую незвычайную кнігу выдаваць без прадмовы ніяк нельга.
Янка Маўр зацікаўлена зірнуў на мяне.
— Праўда, праўда, нельга. А хто яе напіша?
— Па-мойму, вы рэдактар, вы і павінны гэта зрабіць,— сказаў я і тут жа вылажыў свае меркаванні.— Хто лепш за вас ведае ўсё да драбніцы: як яна стваралася, якія былі цяжкасці, што ўвайшло і што не ўвайшло ў кнігу. Так што вам, як гаворыцца, усе карты ў рукі.
Іван Міхайлавіч насупіў свае густыя пасівелыя бровы і хрыплаватым басам разважна сказаў:
— Усё гэта правілыіа. Але ўсё-такі будзе куды лепей, калі да такой своеасаблівай кнігі, першага вопыту ў нашай дзіцячай літаратуры, прадмову напіша хто-небудзь іншы, больш паважаны, чым я.
— Каго вы маеце на ўвазе? — спытаў я.
— Якуба Коласа,— не задумаўшыся, адказаў Маўр.— Тым больш што ён якраз і благаслаўляў нас на гэтую складаную, але высакародную справу. I дамаўляцца пойдзеш ты.
— А можа... зручней будзе зрабіць гэта вам? А што, калі ён не згодзіцца?
— Тады ўжо давядзецца схадзіць да яго мне самому. Але я ўпэўнены, што ён згодзіцца.
Я ўзяў рукапіс і, не заходзячы дахаты, рушыў да Коласа на кватэру. Канстэнцін Міхайлавіч быў якраз дома. Ён адчыніў мне дзверы, правёў у свой кабінет. Убачыўшы ў маіх руках пакунак, запытаў, што я прынёс.
— Рукапіс кнігі...
— Якой кнігі?
— Памятаеце, у 1946 годзе вы благаслаўлялі нашу рэдакцыю на стварэнне калектыўнай кнігі пра подзвігі беларускіх дзяцей у гады Айчыннай вайны? Памятаеце? Дык вось, кніга гатова. Я прынёс рукапіс і хачу прасіць, каб вы прачыталі яго і заадно напісалі прадмову.
— Ну-ну, пакажы,— зацікавіўся Якуб Колас.
Я падаў рукапіс. Ён узяў яго і пачаў паволі гартаць. Прачытаўшы некалькі загалоўкаў, закрыў яго, паклаў на стол і задуменна сказаў:
— Па загалоўках бачу: патрэбная будзе кніга і... цяжкая. Ды калі гаварыць праўду, пра вайну весела і не напішаш. Асабліва пра такую жудасную, як Вялікая Айчынная.
Канстанцін Міхайлавіч з хвіліну памаўчаў, а потым спытаў, калі трэба напісаць прадмову. Я сказаў, што пажадана як мага хутчэй. Рукапіс адрэдагаваны, і яго неабходна здаваць у выдавецтва.
— Добра, пастараюся не зацягваць,— паабяцаў Якуб Колас.
Я падзякаваў за згоду і развітаўся.
Канстанцін Міхайлавіч стрымаў сваё слова. Дзён праз тры ён сам прывёз прадмову ў рэдакцыю. Вось што пісаў Якуб Колас пра вартасці кнігі «Ніколі не забудзем», пра яе выхаваўчае значэнне, пра яе аўтараў:
«Кніга паказвае велічнасць душы і патрыятызм усяго народа ў цэлым і ў прыватнасці яго гераічных дзяцей, смелых, вынаходлівых, бясстрашных, цвёрдых воляй, мужна пераносячых нечуваныя пакуты, моцных сваёю вераю ў перамогу над ворагам». I далей: «Напісаная нашымі дзецьмі кніга аб вайне павінна стаць здабыткам не толькі чытачоў Савецкай Беларусі,— яна варта таго, каб яе перакласці на мовы іншых народаў Савецкага Саюза».
Лепш, бадай што, і не скажаш.
Кніга нарэшце была здадзена ў Дзяржаўнае выдавецтва. Варта тут адзначыць, што выдавецтва ўлічыла важнасць і надзённасць гэтай кнігі, дало ёй, як кажуць, «зялёную» вуліцу. I к пачатку навучальнага года кніга «Ніколі не забудзем» з'явілася на прылаўках кнігарань. Алесь Якімовіч, Аляксей Кулакоўскі, Іван Грамовіч, Валянцін Зуб, Цодзік Даўгапольскі, Міхась Даніленка і іншыя пісьменнікі, што прымалі ўдзел у апрацоўцы ўспамінаў дзяцей, падзялялі нашу радасць.
Читать дальше