Аднаго разу да нас зайшоў немец і спытаў, хто тут ёсць добры сталяр. Адзін стары аб'явіўся. Немец паклікаў яго зрабіць недзе перагародку.
Увечары дзед прынёс ахапак стружак, каб палажыць сабе пад бок, бо падлога была цэментавая і спаць было вельмі холадна і жорстка. Мы ў яго выпрасілі жменю стружак для таго, каб пагрэць рукі. Праз хвіліну пасярод камеры весела гарэў маленькі агеньчык.
Я глянуў на агеньчык, і тут мне прыйшла ў галаву адна думка. Я параіўся з Васілём, потым з адным партызанам. Схапіўшы ўсе дзедавы стружкі, я кінуў іх на агонь. Полымя адразу ахапіла ўсю камеру.
— Пажар! Пажар! — пачалі крычаць людзі і кінуліся ламаць дзверы. Наваліўшыся ўсім гуртам, хутка высадзілі іх і пачалі разбягацца. Было цёмна, узняліся страшэнная мітусня, крыкі, стрэлы... Не ведаю, што з кім сталася, а я ўцёк.
Калі я вярнуўся дадому, то даведаўся, што мае скрынкі з мёдам знайшла мама і перахавала ў другое месца.
АЛЯКСАНДР ЛЯЎКОВІЧ (1931 г.)
г. Шклоў, школа № 29.
Наша вёска Валадарск Рэчыцкага раёна была цэнтрам усяго партызанскага войска. Навокал яе, у лясах, жылі партызаны. Немцы часта нападалі на партызан, і яны вымушаны былі перабірацца ў другое месца.
Людзі таксама пераехалі ў лясок за вёскай. Тут мы пражылі два дні. Потым наша сям'я разам з іншымі рашыла перабрацца ў другі, большы лес.
Мы пагрузілі на падводу свае манаткі і выехалі ў поле. Наперадзе віднелася вёска Вузнаж. Дзесьці, далёка за лесам, нешта гарэла. Дым вялікімі чорнымі клубамі ўздымаўся ўгору.
— Дуброва гарыць,— гаварылі людзі.
Калі прыехалі ў вёску, то ўбачылі, што яна пустая. Усе людзі жылі ў лесе. Навокал стаяла такая цішыня, нібы ўсё пазамірала. Неба было сіняе, чыстае, без ніводнага воблачка. Страшэнна пякло сонца.
Калі мы праехалі вёску і зноў апынуліся ў полі, раптам перад намі ўзвілася ў небе ракета.
— Бяжыце ў лес! — сказаў дзед Рыгор.
Людзі кінулі свае пажыткі і памчаліся да лесу.
Але не прабеглі мы і метраў сто, як наперадзе загурчаў кулямёт. Мы ўсе, як па камандзе, пападалі на зямлю. Кругом свісталі кулі.
Не магу апісаць, што тады адбылося.
Выпусціўшы чаргу, кулямёт на некалькі секунд заціх. Людзі не ляжалі на месцы. Некаторыя паўзком, а некаторыя перабежкамі кінуліся назад, думаючы праз вёску прабрацца ў лес.
Мама кінулася за намі. Але, прабегшы некалькі крокаў, яна ўспомніла, што на возе засталася мая трохгадовая сястрычка Валька. Вярнулася да воза, схапіла Вальку і пабегла на ўвесь рост. Зноў загрукатаў кулямёт. Я і брат Пеця пачалі крычаць:
— Лажыся, мама, паўзі!
Але яна чамусьці не паслухала нас. Мы папаўзлі назад да вёскі. Мама была за намі. Прапоўзшы крыху, я хацела крыкнуць, каб яна хутчэй бегла, але ўбачыла, што яна ляжыць на зямлі. Калі я крыкнула некалькі разоў і яна не адклікнулася, у мяне ў грудзях нешта абарвалася.
Я з бабкаю хутка падбеглі да мамы. Яна ляжала бокам, рукі яе былі падкладзены пад галаву, нібы яна спала. Хустка была насунута на вочы. Адхінуўшы яе, я ўбачыла, што куля папала ў левае вока і на яго месцы глыбокая рана. Мама ледзь чутна храпла. Ад жаху я ўся закалацілася і кінулася ёй на грудзі. Я заплакала наўзрыд, пачала крычаць і зваць маму, але яна маўчала. Маленькая Валька поўзала ў нагах, тузала за спадніцу і жаласна клікала:
— Мама, мама-а...
Але мама не чула яе голасу. Бабка прысела ля мамы на калені і моцна загаласіла.
Недзе далёка ад нас пачуўся гул. Гэта рухаліся ў вёску нямецкія машыны. Бабка сказала:
— Бяжыце, дзеткі, уцякайце, бо гады тыя вас не пашкадуюць.
Не хацелася пакідаць на полі забітую маці, але і заставацца тут нельга было. Мы добра ведалі, што маме нічым не дапаможам, а нас могуць забіць немцы. Я пацалавала маму, схапіла на рукі Вальку і пабегла. За намі пакрочыла і бабка. Навокал нікога не было. Усе людзі ўжо разбегліся, толькі нерухома ляжалі забітыя.
Хутка мы нагналі бабулю Аўгінню Гуз, якая бегла па полі, падала, ускоквала і зноў бегла. Яе параніла ў нагу, але не ў косць, а ў мяса, і ёй можна было бегчы.
Як толькі мы выйшлі на гароды, наша бабка ўпала ў нізенькі лянок. Ёй было шэсцьдзесят пяць гадоў, і яна вельмі змарылася. Яна сказала:
— Я больш не магу ісці, а вы ўцякайце адсюль.
Сказаўшы гэта, яна заплакала.
За вёскай пачыналіся кусты, за імі чарнеў сасновы лес. Я з Валькай пабегла ў той бок. Брат Пеця крыкнуў мне ўслед:
— Куды ты? Не бойся, немцы ў ільне нас не ўбачаць.
Я не паслухалася яго і пабегла: страх гнаў уперад. Пеця застаўся з бабкай.
Читать дальше