Немцы не адзін раз адганялі нас ад вагонаў, I мы вярталіся зноў і зноў, пакуль не панабівалі ўсе нашы кішэні. Аднёсшы дадому соль, мы прыйшлі ў другі раз. Немцы ўжо грузілі апошнюю машыну і вагоны падмялі так, што нельга было сабраць нават на засол аднаго гаршка.
Але нечакана нам пашанцавала. У метрах пяцідзесяці ад таго месца, дзе мы стаялі, у тупіку ўбачылі адзін вагон, якога мы раней чамусьці не заўважылі.
— Пойдзем паглядзім, што там такое,— прапанаваў я.
Мы падышлі да вагона. Ён быў яшчэ запламбіраваны, але гэта нас не спыніла. Мы садралі пломбу, разарвалі дротавую прывязь і рассунулі дзверы. Тое, што мы ўбачылі, вельмі нас узрадавала. Вагон даверху быў нагружан маленькімі скрыначкамі. Я ўскочыў наверх і ўзадраў дошкі адной з скрынак. Але было цёмна, і я не мог убачыць, што там знаходзіцца. Я ўсадзіў руку ў скрынку і адчуў нешта густое, ліпучае.
Адкалупаўшы кавалак, я панюхаў і потым пакаштаваў. Ого! Гэта быў самы сапраўдны пчаліны мёд. Нечакана наш няўдалы дзень скончыўся так добра.
Спачатку мы хацелі завярнуцца і хутчэй бегчы да сувязнога, каб сказаць яму аб каштоўнай знаходцы, але Барыс падаў добрую думку:
— З якой гэта ласкі мы пабяжым з пустымі рукамі...
Мы набралі скрынак, колькі маглі, і, хаваючыся па-за вагонамі, панеслі да нас. Мамы дома не было. Мы занеслі скрынкі ў наш хлеў і схавалі іх у яме, дзе стаяла бочка з капустай. Яму загрузілі да краёў, а наверх паставілі, як і было, бочку. Потым Барыс пабег да сувязнога, а я зноў вярнуўся на станцыю сачыць за вагонамі. Толькі гэта падышоў я да станцыі, як убачыў, што немцы нешта вельмі забегалі каля вагона з мёдам. Я вярнуўся дадому. Неяк выйшла, што матцы я так нічога і не сказаў пра гэтую справу.
А калі назаўтра раніцай я бег да Барыса і параўняўся з будкай вартавога, адтуль выбег немец і схапіў мяне. Адначасова ў гэты самы момант па вуліцы праходзіў другі, мне незнаёмы, хлопчык. Немец схапіў і яго. Нас абодвух адвялі ў камендатуру.
Як высветлілася пазней, немцы супроць нас ніякіх доказаў не мелі, і трапілі мы да іх у рукі зусім выпадкова. Майго таварыша па няшчасцю звалі Васілём. З ім нам прыйшлося перанесці многа пакут.
Нас білі і дапытвалі, але мы нічога ім не сказалі. Тады нас пасадзілі ў барак, які быў турмой. Праз дзень мая маці неяк даведалася, дзе я, і прынесла мне перадачу, якую мы падзялілі з Васілём. Бачыцца з мамай мне не дазволілі.
На другі дзень немцы пасадзілі нас у легкавую машыну і павезлі да майго дому. Я вельмі хваляваўся, бо ведаў: калі немцы знойдуць мёд, то мне будзе канец.
Мамы дома не было — яна цэлымі днямі праседжвала ў прыёмнай у жандармерыі. Я быў такі галодны, што, як толькі ўвайшоў у хату, зараз жа накінуўся на хлеб, а немцы пачалі рабіць вобыск. Перавярнуўшы ўсё ў хаце, узарваўшы падлогу, перакапаўшы зямлю, яны, нічога не знайшоўшы, загадалі мне весці іх у хлеў.
«Ну, зараз я прапаў!» — падумаў я, але рабіць не было чаго, і я павёў іх.
Немцы, як і ў хаце, усё перавярнулі, усё перагледзелі, нарэшце падышлі да бочкі, пад якой я і хаваў скрынкі з мёдам. Халодны пот выступіў у мяне на лбе. Сэрца, здавалася, зараз выскачыць з грудзей. Я з вялікім жахам сачыў за кожным рухам немцаў. «Хаця б яны не адвярнулі бочку»,— мільгала ў мяне ў галаве. Але ў гэты самы момант, як я аб гэтым падумаў, маленькі немец плячом перакуліў бочку і засвяціў ліхтарыкам у яму. Я заплюшчыў вочы... Так пастаяў я хвіліну, а мо і больш, і раптам чую:
— Нікс, нікс...
Я расплюшчыў вочы. Яма была пустая, і ніякіх скрынак там не было...
У Васіля яны спыталі, ці далёка ён жыве. Васіль адказаў, што да яго дому больш за два кіламетры, і, паколькі дарога была гразкая, яны паленаваліся ехаць і адвезлі нас зноў у турму.
«Куды дзеліся скрынкі з мёдам?» — думаў я ўсю дарогу, але нічога не мог прыдумаць.
Мы трапілі ў камеру, дзе знаходзіліся людзі, якім пагражала смерць. Свайго ўчынку я не схаваў ад іх, і яны навучылі мяне, як адказваць немцам: «Я злавіў некалькі птушак і хацеў для іх зрабіць клеткі, але ў мяне не хапала дроту для пераплёту клеткі, і я бег да аднаго свайго таварыша, каб ён мне дапамог у гэтай справе. Па дарозе мяне схапілі і адвялі ў паліцыю...»
Так я паўтараў заўсёды слова ў слова, як толькі мяне выклікалі на допыт. А Васіль казаў сваю праўду. Усе гаварылі, што нас павінны адпусціць, бо ніякіх яўных доказаў супроць нас не было. Але камера, куды нас пасадзілі, была камерай смертнікаў. Значыцца, нічога добрага мы чакаць не маглі, і невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб не здарылася наступнае.
Читать дальше