Летапiсны Новгородок
(старажытнарускi Наваградак)
Фрыда Гурэвiч
kamunikat.org
Выданьнем гэтай кнігі, якая прысвечана вынікам больш як 25 гадовага археалагічнага вывучэньня старажытнага Наваградка, мелася пачынаецца новая серыя — “Мінулае Наваградчыны — Istoria Novogrodensiae”. Гэтая серыя аб’яднала б работы сучасных аўтараў, якія прысвечаны розным аспектам наваградскай мінуўшчыны, а таксама перадрук (у большасьці выпадкаў і пераклад) даўніх сачыненьняў, у якiх Наваградак і яго ваколіцы фігуруюць альбо як галоўны прадмет, альбо займаюць значнае месца. Дарэчы было б сабраць у асобныя тамы датычныя гораду дзяржаўныя акты: часоў Вялікага княства Літоўскага, часоў Расійскай імперыі, перыяду другой Рэчы Паспалітай, эпохі Савецкай Беларусі. Дакументы лепш чым што паказваюць хаду гісторыі: як змяняліся межы Наваградскай зямлі — ваяводства — павету — раёну, як рос і забудоўваўся горад, як гінуў падчас пажараў і войнаў, як паўставаў і аднаўляўся. Даследваньні сучасных гісторыкаў пакажуць механізмы кіраваньня горадам і паветам (раёнам), раскрыюць ролю і значэньне захаваных помнікаў архітэктуры, раскажуць пра тое, што не захавалася. Падобныя кнігі будуць абавязковым чытаньнем не толькі школьнікаў, краязнаўцаў і аматараў гісторыі, але і тых асобаў, якія займаюць выбарныя і штатныя месцы ў гарадской і раённай адміністрацыі і самакіраваньні — бо ведаць мінулае — значыць лепш арыентавацца ў сучаснасьці. Задума серыі і пачатак яе абмяркаваньня належаць грамадскай ініцыятыве Канстанціна Аляшкевіча, Георгія Бакі, Тамары Вяршыцкай, Міколы Гайбы, Івана Грыня, Яўгена Лецкі, Міколы Нікалаева, Вячэслава Чамярыцкага. Неспрыяльнасьць умоваў пры падрыхтоўцы гэтага малатыражнага выданьня, прынамсі немагчымасьць патрэбнага паліграфічнага выкананьня, вымушаюць адкласьці (але не пахаваць) ідэю такой серыі.
Кнiга Ф. Д. Гурэвiч “Летапiсны Новгородок (старажытнарускi Наваградак)” з’яўляецца працягам кнiгi тае ж аўтаркі “Старажытны Наваградак”, што выдадзена ў 1981 годзе ў Ленiнградзе. Абедзьве манаграфіі прысвечаны гiсторыi вельмi цiкавага горада на Беларусi, якi стаў сапраўдным археалагiчным адкрыцьцём даследчыцы, вывучэньню якога яна прысвяцiла каля трыццацi гадоў i якi займае асаблiвае месца ў яе творчай бiяграфii. Значэньне Наваградка як культурнага i адмiнiстратыўнага цэнтра, а ад ХII стагоддзя i як цэнтра невялiкага княства Старажытнай Русi, вынiкае з усяго зместу дадзенай манаграфii. Але погляд на гэты выдатны археалагiчны помнiк раскрываецца яшчэ больш поўна i глыбока, калi разгледзець яго ў сувязi з агульнымi даследчыцкiмi зацiкаўленьнямi аўтара, якія ўзнiкалi i фармiравалiся на працягу 50-цi гадоў яе жыцьця ў навуцы i якiя зрабiлi яе вядомым спецыялiстам у галiне вывучэньня старажытнай i сярэдневяковай культуры Паўднёва-Усходняй Прыбалтыкi i Беларускага Панямоньня. Таму мы каротка асвятлiм вехi асабiстай i навуковай бiяграфii Ф. Д. Гурэвiч.
Фрыда Давыдаўна Гурэвiч нарадзiлася 1 студзеня 1912 г. (19 снежня 1911 г. па старым стылі) у Рызе, у сям’і гэбрэяў-рамеснiкаў, якія паходзiлi з мястэчка Прэлi — на той час Дзвiнскага павету Вiцебскай губернi. На час яе нарадждэньня сям’я была раздзелена — маці жыла ў Прэлях, а бацька ў Пецярбургу, навучаючыся рамяству абутніка. Калі пачалася Першая сусветая вайна, ў ліпені 1914 году маці з маленькім дзіцем на руках, пакінуўшы ўсё, паехала ў Пецярбург. Ад таго часу сям’я засталася ў Пецярбургу назаўсёды. Гэты горад шмат што вызначыў у лёсе Ф. Д. Гурэвiч, яна захавала любоў да яго на ўсё жыцьцё і балюча перажывала разлуку з ім у перыяд вайны, падчас эвакуацыі. Нягледзячы на тое, што пасля вайны ў яе была магчымасть застацца жыць у Маскве, яна імкнулася ў родны горад і вярнулася туды ў 1946 г. з тым, каб ужо ніколі не развітацца з ім.
Дзяцінства і юнацтва Фрыды Давыдаўны Гурэвiч прыйшліся на гады рэвалюцыі і наступныя за ёй гады голаду, разрухі, НЭП’у. Сям’я жыла бедна, да таго ж у 1917 і 1919 гг. у ёй з’явіліся яшчэ дзве дачкі. Старэйшую падкармлівалі ў спецыяльных сталоўках, якія арганізавалі амерыканцы для хворых і асабліва аслабленых дзяцей. Калі Ф.Д. Гурэвiч споўнілася 7 гадоў, яна паступіла вучыцца ў школу, якая называлася Советская единая трудовая школа, але хутка перайшла ў 5-ю нацыянальную гэбрэйскую школу і закончыла яе ў 1929 г. Як і шматлікія яе аднагодкі, Ф.Д. Гурэвiч у юнацтве была захоплена рэвалюцыйнай стыхіяй, уступіла ў піянерскі атрад — спачатку пры Ваенна-падкоўным заводзе (былым заводзе Поселя), які знаходзіўся на Малым праспекце Васілеўскага вострава, потым пры заводзе “Красный гвоздильщик”.
Читать дальше