11. Кантроль за выкананнем даручэнняў гэтага пратакола ўскласці на Савет міністраў Рэспублікі Беларусь (Замяталін У. П.) і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (Пашкевіч І. І.).
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнка ».
У хуткім часе і сам Уладзімір Някляеў, спасылаючыся на гэтую сустрэчу з Лукашэнкам, звяртаўся з афіцыйным лістом да старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Грыгорыя Кісяля, дзе, у прыватнасці, указваў на тое, што «беларуская літаратура практычна знікае з тэлеэфіру. [.] Не застаецца ніводнай перадачы, якая прапагандавала б творчасць пісьменнікаў [.]. Не асвятляецца дзейнасць прафесійнага пісьменніцкага саюза, на экране не бачаць вядомых літаратараў, пісьменнікаў сярэдняга пакалення, маладых творцаў». Акцэнтуючы ўвагу на тым, што СБП «гатовы прапанаваць шэраг тэм, серыйных перадач, тэлечасопісаў, сюжэтаў», Някляеў заключаў: «.мы гатовы да самага плённага супрацоўніцтва з беларускім тэлебачаннем і радыё ў справе прапаганды лепшых дасягненняў айчыннай літаратуры»
Што тычыцца асабістых узаемаадносінаў Уладзіміра Някляева з прадстаўнікамі ўлады, дык з кімсьці, можа, яны й маглі палепшыцца, але толькі не з Замяталіным, які ў хуткім часе даў падначаленаму яму старшыні Дзяржкамдруку М. Падгайнаму даручэнне: «Крыніцу» ў спіс перыядычных выданняў, якія маюць датацыю з бюджэту, не ўключаць. Хмары навіслі і над самім Някляевым: кантракт з ім як з галоўным рэдактарам скасоўваўся. «Коллектив почти на три месяца оставили без зарплаты вроде бы только из-за “многостаночника” Некляева, который не желает освобождать редакторское кресло. Вот пусть он уйдёт - и всё у вас станет хорошо: и редактор будет тот, которого захотите, и деньги, и бумага, и печатать вы на ней сможете всё, что пожелаете. Редакция - живые люди, поверили в эту заметалинскую сказку, потому что всё в ней вроде бы складно, да ещё обещано то, чего хочется». Але Някляеў - які перад тым пакінуў пасаду галоўнага рэдактара «ЛіМа» - аддаваць «Крыніцу» на расправу Замяталіну не пажадаў.
Адказваючы пазней на пытанне пра пасады галоўнага рэдактара ў «ЛіМе» і «Крыніцы», Някляеў скажа: «Дальбог, гэтыя пасады мяне ніколі не грэлі, можа апроч пасады галоўнага рэдактара “Крыніцы”. Вось мы рабілі такі часопіс - сабраліся людзі, якія хацелі працаваць разам і рабілі тое, што яны ўмелі рабіць лепш за ўсё. Гэта не так часта здараецца - гэта проста шчаслівы выпадак».
«БЛІЗ ЦАРА...»
Між тым што-нішто з прагнозаў Васіля Быкава пачало збывацца: някляеўская «Прошча», якая выйшла ў 1996-м, напрыканцы 1998-га была ўганаравана Дзяржаўнай прэміяй. Разам з прадстаўленнем Камітэта па прэміях Лукашэнку нібыта было пададзена заключэнне, паводле якога Някляеў, атрымліваючы прэмію, быццам скарыстоўвае службовае становішча, але Лукашэнка тое заключэнне адкінуў як падкоп і данос ворагаў.
Праўладны публіцыст Яўген Росцікаў, прыгадваючы сустрэчу Рады СП з Лукашэнкам, пісаў пра гэтую прэмію Някляеву: «И они своего добились. Как уже не раз случалось в нашей истории - именно побеждённые продиктовали свои условия победителям. С президентом был заключён некий “протокол”, по которому потекли из бюджета многомиллиардные суммы на поддержку ничтожнейших писательских изданий, повалили гранты и госпремии, которые президент, вопреки комитету по премиям, стал назначать своим указом. И первым таким указом он распорядился выдать госпремию председателю этой писательской Рады, поэту- песеннику Владимиру Некляеву».
Сам жа лаўрэат гаварыў:
«- Калі атрымліваў Дзяржпрэмію, разумеў, што гэта не проста прэмія - аўматычна я прымаў іх правілы гульні. Аднак я ўключыўся ў гэтую гульню з разлікам выйграць. Гэта былі наіўныя ўяўленні, бо калі прэмію далі, а ты яе ўзяў, значыць, яшчэ адна гірка лягла на іх шалі. Я, вядома, загуляўся, хоць цудоўна разумеў, што хай гэта і аперэтачная дзяржава, аднак усё ж гэта рэальная ўлада з турмамі, мянтамі, КДБ. У самым пачатку майго ўзаемадзеяння з Лукашэнкам ён пластылінава паддаўся, зрабіў выгляд, што нешта кумекае ў тым, пра што яму гавару. А гаварыў я пра многае - пачынаючы з нацыянальнай ідэі. Гэта была, безумоўна, памылка, якую сёння трэба прызнаць. Бо калі няма пазітыўнага выніку, значыць, памылка.
- Гаварыілі з Лукашэнкам пра нацыіянальную ідэю? І што ён у адказ?
- Вядома, я не гаварыў так прама, што, маўляў, давай падымем сцяг нацыяльнай ідэі, - гаварыў пра тое, што, уласна кажучы, з’яўляецца стрыжнем краіны, народа. Гэта ж не хлеб і не трактары - гэта той прадукт, які не бачны, які вырабляецца духоўна і найбольш каціруемы. Гэта перш за ўсё мастацтва, якое з’яўляецца духоўным жыццём любой нацыі. І найвялікшыя дывідэнды атрымлівае тая краіна, якая ўсяляк дапамагае развіццю мастацтва. І хай у яго гэтыя замарочкі з мовай, якія я ўжо быў не ў стане пераламіць, але ёсць жа проста культурны складнік...
Читать дальше