- А скуль мы ведаем!.. Мы на словах нікога не прымаем - пішыце заяву і аўтабіяграфію!.. - І я фізічна запомніў, як у тым сне на нейкім бланку, які мне выдала візготная пані, на ягоных верхніх лінейках чорным па белым напісаў: “Аўтабіяграфія для прыёму ў беларусы”.
Помню, што лёгка, як заўсёды, пачаў аўтабіяграфію з месца і даты народзінаў, але з тым, што далей пісаць, як выявіцца беларусам так, каб мяне прынялі ў беларусы, - узнікла праблема...»
Так пачне Уладзімір Някляеў у 2004 г. ствараць свой радавод, у якім як радня -і Купала, і Пушкін. Гэтыя ўводзіны ў аўтабіяграфію стануць спачатку аўтарскай прадмовай да кнігі «Так», а потым - першымі старонкамі напісанага ў Хельсінкі эсэ «Цуды ўсе ў адным-адзіным цудзе». Зразумела, у дадзеным выпадку біяграфія пісалася без аніякай канцылярскай мэты: нікуды і нікому канкрэтна. Тым не менш, гэта была ўсё-ткі аўтабіяграфія - і розніца з ранейшымі някляеўскімі спробамі біяграфічнага летапісу тут відавочная. Так, пішучы ў 1978 г. аўтабіяграфію для прыёму ў Саюз пісьменнікаў, ён умясціў сваё крэўска-смаргонскае дзяцінства ў некалькі слоў: «Нарадзіўся 11 ліпеня 1946 года ў г. Смаргоні Гродзенскай вобласці. Скончыўшы 9 класаў, паступіў вучыцца ў Мінскі тэхнікум сувязі...» Але праз чвэрць стагоддзя, каб патлумачыць тое, адкуль ён такі ёсць, Някляеву спатрэбіцца не толькі іншая колькасць слоў, але і іншы ракурс бачання, гістарычная і літаратурная рэтраспекцыі:
«Даўным-даўно адзін з каралёў Брытаніі, састарэўшы і стаміўшыся быць каралём, вырашыў скінуць з плячэй сваіх цяжар улады і падзяліць каралеўства на тры часткі паміж трыма дочкамі, адну з якіх, Кардэлію, у апошні момант абдзяліў. Дзякуючы геніяльным фантазіям Шэкспіра, увесь свет ведае пра тое, што сталася далей.
Значна менш, чым легенда пра ўладара Брытаніі караля Ліра, вядомая свету гісторыя пра ўладара Вялікага Княства Літоўскага Гедзіміна, які, састарэўшы, вырашыў падзяліць паміж сямю сынамі найбагацейшыя гарады сваёй дзяржавы. Двух са сваіх семярых сыноў, у тым ліку Альгерда, вялікі князь абдзяліў.
Па смерці Гедзіміна Альгерд, якому дасталося Крэва, рушыў вайной на брата свайго Яўнута, адабраў у яго вялікакняскі, па спадчыне Яўнуту перададзены, вянец - і з дапамогай другога свайго брата, Кейстута, сам стаў вялікім князем. Амаль праз сорак гадоў Кейстут гэтаксама, як дапамог Альгерду, дапаможа стаць вялікім князем і сыну Альгердаву, свайму пляменніку Ягайлу, а Ягайла ў “падзяку” за гэта загадае забіць у Крэве і сына Кейстута, свайго брата стрыечнага Вітаўта, якога ўратуе, выведзе з вязніцы жанчына...
Напал жарсцяў чалавечых, што віравалі ў Крэўскім замку, ніколькі не меншы, чым у трагедыях Шэкспіра. У Крэве стагоддзямі спляталіся, сцягваліся ў вузел заблытаныя шляхі і сцяжыны нашай гісторыі.
Пад рэшткамі замкавых сцен, на руінах нашай гісторыі прайшло маё дзяцінства. Праз гэта, адсюль я - беларус. Нацыянальнасць - не запіс у пашпарце, а мова, гісторыя і культура, да якіх ты належыш. Хоць бацька мой, Пракоп Міхайлавіч Някляеў, родам з Волгі, - ва ўсім рускі чалавек. З неабдымнымі, як прыволжскія стэпы, памкненнямі і стыхійным, так да скону і не ўтаймаваным, характарам. На вайне яго, цяжка параненага і кантужанага, нават закапалі былі ў магілу, але ён і ў магіле выжыў. У 1945 годзе, калі ён адваяваў, яго не адпусцілі на Волгу, а накіравалі ў Заходнюю Беларусь. Тут лёс і звёў яго з маёй маці, так што я ў нейкім сэнсе - вынік вайны, таму і напісаў у адной з першых сваіх паэм: “Сутыкненне нацый і народаў вырашала: быць мне ці не быць?..” Пра тое самае адна з найбольш біяграфічных маіх аповесцяў “Мірон ды Мірон”.
Маці мая, Анастасія Іванаўна Магер, вечная працаўніца, ціхая верніца. Калі бацьку я помню з пісталетам у руках, з якога - ледзь што не па ім - пачынаў ён страляць ва ўсе бакі, дык маці - са Святым Пісаннем, з малітваю перад абразом: “Даруй, Божа, пасланаму Табой мужу майму...”
Малілася яна, калі царкву ў Смаргоні зруйнавалі, пад яблыняй, якую называла Царквой. Ва ўсіх дрэў у нашым садзе былі свае імёны...
Так я і вырас, гэтак - паміж пісталетам і абразом - і прайшло дзяцінства. Амаль усё, што мной напісана, адтуль.
Чытаць я навучыўся недзе гадоў у пяць - і не па лемантары, а па Бібліі. Мой дзед Ясь, Іван Маркавіч Магер, якога дасюль у Крэве згадваюць, як святога, аслабеў на вочы і ўжо не бачыў літары Святога Пісання. “Цяпер твае вочы будуць маімі”, - сказаў ён аднойчы і стаў вучыць мяне грамаце. Літары ў нас называліся Агрэст, Бульба, Гурок, Карова, Морква, Парэчка, Свіння, Цялушка, Шчаўе, Яблык - яны раслі ў садзе і на гародзе, мыкалі і рохкалі ў хляве. І штовечар я дзеду, заікаючыся і ад няўмення, і ад намагання хоць неяк спасцігнуць тое, што напісана, чытаў: “Слово в начале было у Бога и само было Бог”».
Читать дальше