У А. Адамовіча было шмат шырокіх задум. Сярод іх — аповесці «Чалавек у рэспіратары», «Краіна, якой не шкада», «Апавяданне пра мудрае і клапатлівае кіраўніцтва народа, якога не было», «Аповесць пра тое, як «выжылі» (у справаздачах) пасля Чарнобыля»... Нямала, як для аднаго чалавека, і шмат для пісьменніка-грамадзяніна. А што ж збылося? У небывалай у гісторыі зямлі сітуацыі, калі на карту пастаўлена жыццё чалавецтва, думка А. Адамовіча працавала, як ніколі раней, напружана і мэтанакіравана. Яго маральны імператыў гэтага часу выказаны ў словах: «Дадумваць да канца!», «Калі не мы, то хто ж?», «сыграць ролю бервяна, тарана — прабіць сцяну маўчання», «не аслабляць напору», «звяртацца да пачуццяў людзей». Публіцыстыка А. Адамовіча гэтага перыяду адлюстравана дастаткова поўна ў яго кнігах «Адваяваліся!» (1990), «Мы — шасцідзясятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992). За ўсім, што рабіў А. Адамовіч у 90-я гг. як мастак слова, публіцыст, грамадскі дзеяч, адчуваецца подых гераічнай і трагічнай беларускай гісторыі. Менавіта ў гэты час з’явілася рэальная магчымасць прадухіліць пагрозу трэцяй сусветнай вайны, ядзернага сутыкнення вялікіх дзяржаў. А. Адамовіч быў адным з прадвеснікаў новай эры ў гісторыі чалавецтва, пазначанай збліжэннем («канвергенцыяй») Захаду і Усходу, імкненнем да раззбраення, разуменнем небяспекі экалагічнай катастрофы.
Нягледзячы на самыя змрочныя прадчуванні, Алесь Адамовіч заставаўся аптымістам: што было, тое было, не вернеш назад, жыццё ён пражыў не дарэмна, здолеў нямала добрага і патрэбнага здзейсніць і ў літаратуры, і ў навуцы, і ў грамадскай сферы, а таму была надзея на ўдзячнасць і светлую памяць нашчадкаў. Запамінаюцца іранічна-філасофскія адносіны яго да самога сябе, імкненне падвесці філасофскія вынікі свайго роздуму над агульнымі для ўсіх жывых і сумленных людзей «вечнымі пытаннямі» дабра і зла, любові і нянавісці, жыцця і смерці. Аповесць «Vixi» завяршаецца на аптымістычнай ноце: «Так, жыццё пражыць — не поле перайсці. Як усё проста, але сказана назаўсёды, пра ўсіх. З Вечнасці перабегчы ў Вечнасць. А па шляху — столькі ўсяго».
Жыццё пісьменніка не завяршаецца з яго фізічным сыходам у лепшы свет, а яго мастацкія творы і яго зіхоткая публіцыстыка знаходзіць свой працяг і паглыбленне ў сучаснай рэчаіснасці. Імя і прозвішча Алеся Адамовіча згадваецца пры нагодзе і надзвычай часта. У беларусаў досыць шмат выдатных дзеячаў мінулага, адсутнасць якіх у жыцці іх нашчадкаў адчуваецца вельмі абвострана. І не толькі братоў-беларусаў.
Неўзабаве з Масквы, дзе пісьменнік жыў і тварыў у апошнія гады, дайшла вестка, што выйшаў у свет першы том Збору твораў выдатнага рускага паэта і ўсенародна вядомага барда Уладзіміра Высоцкага. Цікава і сімвалічна, што ў якасці ўступу да гэтага тома выдаўцы змясцілі слова Алеся Адамовіча пра паэта, які выканаў некалькі песень у яго кінафільмах «Вайна пад стрэхамі» і «Сыны ідуць у бой».
Алесь Адамовіч загарэўся прагай пабыць у родных мясцінах. Папрасіў стрыечнага брата Мікалая Тычыну падвезці на машыне ў яго родную Глушу, што непадалёку ад Бабруйска. На глушанскіх могілках пастаяў нейкі час каля магіл родных і блізкіх: бабулі Ефрасінні, бацькі і маці. Паказаў удаве свайго старэйшага брата Яўгена і Мікалаю, «дзе ён хацеў быць пахаваны». Заадно пагадзіўся пад’ехаць за 12 вёрст у пасёлак Завалочыцы, дзе адзінока дажывала свае дні цёця Каця (так ён называў звычайна маці Мікалая). Быў усцешаны, пакаштаваўшы пасля доўгай дарогі баршчу, згатаванага ў вясковай печы. Выйшаўшы на падворак з Мікалаем, азірнуў навокал сядзібу сваякоў, пахваліў гаспадарку «дзядзькі Аляксандра» і, глянуўшы на пабрацейніка, параіў: «Даглядайце і шануйце свой бацькоўскі агарод!»
Вярнуўшыся ў Мінск, незадоўга да ад’езду пабываў у рэдакцыі часопіса «Нёман», перамовіўся з галоўным рэдактарам Анатолем Кудраўцом, здаў у друк падрыхтаваную дакументальную аповесць «Падарожжа з Мінска ў Маскву і назад» (апублікаваную ў жніўні 1994 г.). У апошнюю паездку на цягніку ў сталіцу яго праводзілі сябры Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Уладзімір Бойка, Яўген Коктыш, родныя і блізкія.
26 студзеня А. Адамовіч выступаў у Вярхоўным судзе Расійскай Федэрацыі з прамовай у абарону маёмасных правоў Саюза пісьменнікаў, вярнуўся на сваё месца ў зале, спытаў у суседа, як ён выступіў, супакоіўся, а сусед у гэты момант раптам адчуў, як ён злёгку галавой нахіліўся да яго пляча, — здарыўся другі, пасля ранейшага, апошні інфаркт.
Читать дальше