У артыкуле «Overkill. Ці адэкватная рэакцыя?» (англ. Qverkill — шматразовае забойства, звышзабойства) Алесь Адамовіч у самым пачатку спасылаецца на выказванне Дж. Шэла, аўтара кнігі «Лёс зямлі»: «Мы сядзім за сталом, спакойна п’ем каву і чытаем газету, а ў наступнае імгненне можам апынуцца ўнутры вогненнага шара з тэмпературай у дзясяткі тысяч градусаў. Мы ідзём на працу па звыклай нам вуліцы, а праз секунду можам апынуцца на спустошанай раўніне пад пацямнелым небам, шукаючы абгарэлыя парэшткі нашых дзяцей».
Алесь Адамовіч у падтрымку прачытанага згадвае свае адчуванні былога партызана пасля вайны: «Пасля вайны доўга, вельмі доўга жыла ў свядомасці пастаянная прыкідка: вось адсюль зручна — з кулямёта! Або вось так з аўтамата пацягнуць... У каго? Ды ні ў каго. На «другім канцы» нікога і не бачыш, пэўнага, але ўсё роўна спрацоўвае колішняя пастаянная «гатоўнасць» упасці раней, чым па табе пройдзе піла кулямётнай чаргі і тах-тах-тах!.. Увайшло, унедрылася калісьці, на працягу года было «рэфлексам на выжыванне», а потым — цэлыя дзесяцігоддзі — гульня памяці, фантазіі або яшчэ чаго, я не ведаю. І раптам знікла — выцясненне. Мінулае — будучыняй, тое, што сышло, — тым, што чакаецца».
Звяртаючы ўвагу на завяршэнне мінулага стагоддзя і тысячагоддзя і ацэньваючы пачатак цяперашняга стагоддзя і тысячагоддзя, лёгка зняверыцца ў надзеі на чалавечую мараль і ўсеагульную справядлівасць. А. Адамовіч заспеў толькі завяршэнне 1990-х і не дачакаўся двухтысячагоддзя, аднак ён адзін з першых пісьменнікаў і літаратаразнаўцаў звярнуў увагу на тое, што «менавіта сёння катэгорыі маральныя, духоўныя, як ніколі, набываюць палітычную вагу, моц, — калі шырокія масы людзей уключаюцца ў барацьбу супраць агіднай бесчалавечнасці, бяздум’я тых, хто хацеў бы і далей багацець, замацоўваць сваю ўладу праз памнажэнне сродкаў усеагульнай пагібелі. Колішнія летуценнікі аб «вечным міры», якія сучаснікам здаваліся наіўнымі фантазёрамі, утапістамі, сёння па-другому чытаюцца, паўстаюць перад намі... Але сёння менавіта іх уяўленне — духоўна-маральнае, агульначалавечае — важнае, як ніколі, у барацьбе за самае сутнаснае».
Пра асаблівую адказнасць літаратуры пра вайну за стан свету і чалавецтва, пра неабходнасць адносін літаратуры да праблемы вайны і міру, паглыбленне гуманістычнага пачатку і павышэння выхаваўчага ўздзеяння мастацкіх твораў даволі бурна разважалі ўдзельнікі рэспубліканскай навуковай канферэнцыі «Літаратура пра вайну і праблемы веку», праведзенай Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР сумесна з Саюзам пісьменнікаў БССР у красавіку 1983 г. Беларускія і рускія пісьменнікі, літаратуразнаўцы, крытыкі адказвалі на пытанні, якой павінна быць філасофія, этыка і эстэтыка ваеннай літаратуры, якія ўрокі «ваеннай» класікі прымальныя ў новым часе, якой бачыцца беларуская «ваенная» літаратура сярод іншых нацыянальных літаратур, як бы яны паставіліся да пачатку атамнай вайны, да якой заставалася некалькі гадзін...
Алесь Адамовіч, калі яшчэ гучала рэха спрэчак удзельнікаў канферэнцыі, пасля ўсяго сказанага ім у дакладзе «Заглядваючы ў дзень будучы» і заключнага выступлення, распачаў гутарку з мастаком-графікам Уладзімірам Бойкам, таленавітым афарміцелем, інтэрпрэтатарам «ваеннай» літаратуры, аўтарам будучай прадмовы да жыццяпісу пісьменніка. Размова, паводле слоў самога А. Адамовіча, ішла пра хвалюючае пытанне: «Што кожны з нас можа ў цяперашняй сітуацыі? Так, усё зрушылася да самага краю, спаўзае, слізгае, што мы, менавіта мы, што можам зрабіць, тыя ж пісьменнікі, мастакі? Калі ўсур’ёз сувымяраць тое, што адбываецца, мы, удзельнікі, з магчымай «вагой» нашых прафесій? Ці не мае рацыю тут рускі пісьменнік Уладзімір Салаухін, які ў беларускім публіцыстычным тэлефільме «Формула гуманізму» заявіў палемічна, але цалкам прадумана: нас ніхто не пытае і не спытае! Пачыналі вайну Ірак з Іранам — хто пытаў у пісьменнікаў? Або на Блізкім Усходзе. Што тут значыць меркаванне пісьменнікаў, мастакоў? Словы іх на вагах міжнароднай палітыкі не шмат цягнуць. А таму давайце, маўляў, займацца справай, дзе мы нешта можам, значым — на вечнай ніве маральнага ўзнаўлення чалавека. Бо гэтулькі п’яніц, бездухоўнасці — як з гэтым ісці ў будучыню?! Па-свойму гэта пераканаўча... На тое ж п’янства, на тую ж бездухоўнасць і г. д., і г. д., як рэагаваць. А таму (як бы нам гэтага ні хацелася) літаратура не ў стане вылучыць, вычленіць «меншае зло» з агульнага (тэрмаядзернай пагрозы) і змагацца з гэтым больш ці менш паспяхова. Будзе, ёсць у такой спробе, такім падыходзе адпачатковая фальшывасць, трусасць, якая пазбавіць пісьменніцкае слова, пазіцыю мастака маральнай грунтоўнасці. Не, не поруч усё гэта існуе, а ўсё ўнутры самага вялікага зла — тэрмаядзернай пагрозы самому роду чалавечаму!»
Читать дальше