Ужо былі апублікаваны чатыры часткі аповесці, калі ўзнікла неабходнасць у пятай, заключнай частцы, якая мае назву «Дублёр». Раздзел пра Сталіна ляжаў з 1979 года, схаваны да лепшых часоў, папрокі чытачоў гучалі для яго як галасы аднадумцаў. У завершаным творы з’явіліся даты: 1970—1980, 1987—1988. Прыблізна тое самае адбываецца і са спробай празаіка растлумачыць унутраныя матывы паводзін «другога дыктатара», унутраны маналог якога прадстаўлены ў апошнім раздзеле аповесці пад шматзначнай назвай «Дублёр»: калі гэта ўвасабленне ўзаемазалежнасці кіраўніка з яго папярэднікамі і паплечнікамі па ўладзе, то што тады такое трагедыя мільёнаў? Што такое наогул у наш час трагедыя як род літаратуры? Падзагаловак пятай часткі аповесці «Сны з адкрытымі вачамі». Менавіта згадкі пра сон (сны) з расплюшчанымі вачыма, ажно на працягу апошніх 15 гадоў, пра якія і ён сам, кіраўнік вялікай дзяржавы, «таварыш Сталін», не кажучы ўжо пра ягоных падначаленых, не адразу здагадаўся. «Памыляецеся, дарагія мае, моцна памыляецеся, калі думаеце, што, калі сплю, — гэта ваш час. Сон — вось мая тайная паліцыя, мой Фушэ. Не падмане і не прадасць. Трэба, дык і пра самога «пракурора» Лаўрэнція ўсё даведаюся. Сноў столькі, сны такія, і думак ад іх столькі, што мог бы працу напісаць, як па мовазнаўстве. І памагатыя, зануды-акадэмікі, мне тут непатрэбныя. У сне чалавек не схлусіць самому сабе. Другім — так, а сабе — толькі праўду: як падумаў, што адчувае — так яно і ёсць, можаш напісаць і ў справу падшыць», — у апошнім сваім сне мроіў пра сваё жыццё Сталін.
Алесь Адамовіч уважліва пераглядвае гісторыю краіны Саветаў за больш як 30 гадоў кіравання Сталіна, у вуснах якога згадваюцца многія вядомыя імёны і прозвішчы, падзеі і перамогі, памылкі і страты: «Чаго, чаго так выюць сабакі, на каго кідаюцца там, каля агароджы? Ды не, усё добра, усё як трэба, як я хачу, перамог таварыш Сталін. Таварыш Сталін заўсёды перамагае, падабаецца вам гэта або не. Тыя кунцаўскія дні, ночы не паўторацца ніколі. Забыць, і каб ніхто не смеў знаць-помніць! Нікога не павінна быць, хто б помніў. Не да таго будзе. Усіх праз чысцілішча, усіх! Я вас асаджу з белага каня! Вы не першыя, і да вас былі “пераможцы”».
Раман «Карнікі» А. Адамовіча не толькі ставіць важнае пытанне, што такое чалавек, які парушае Боскую запаведзь «Не забі!», і дае свае пасільныя адказы, але і выклікае шмат новых пытанняў, на якія чалавецтва пакуль што не можа адказаць і перад якімі яно становіцца ў тупік. Магчыма, адсюль Адамовіч ішоў да свайго славутага закліку: «Дык рабіце звышлітаратуру!» Калі мець на ўвазе не проста публіцыстыку з уласцівымі ёй сродкамі ўздзеяння на чытача, але менавіта мастацкую літаратуру, якая выкарыстоўвае найноўшыя вобразныя тэхналогіі, створаныя ў кінамастацтве, у сучаснай музыцы, заснаванай на дысгармоніі і г. д.
Над пытаннямі жанру і стылю пісьменнік шмат разважаў у літаратуразнаўчых кнігах першай паловы 80-х гадоў, такіх, як «Пра сучасную ваенную прозу» (1981), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Тэорыя літаратуры з дапамогай А. Адамовіча імкнулася не адставаць у сваім развіцці ад мастацкай практыкі, якая ў творчасці самога пісьменніка апошняга яго дзесяцігоддзя здзейсніла рашучы рывок наперад і выйшла на новы віток эстэтычнага руху. Вучоны нагадваў пра гэты перыяд класікі: «Талстоўскі крок», «Неабходнасць Талстога», «Думку вырашыць», «Дадумваць да канца», «Выбух на вяршыні літаратуры», «Як быць геніяльным», «Калі не мы, дык хто?» і інш.
Дакументальная «Блакадная кніга» (1982), матэрыялы для якой А. Адамовіч збіраў разам з рускім празаікам Д. Граніным на працягу некалькіх гадоў, была не толькі працягам калектыўнай кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем далейшага пошуку беларускім пісьменнікам новых шляхоў у літаратуры. У «Запісной кніжцы. 1975» А. Адамовіча некалькі радкоў: «Вось я на Піскароўскім. Усё пад снегам, маўчыць і крычыць. Забуртаваныя мільёны трупаў, забуртаваны горад. Бурты гэтыя яшчэ могуць загаварыць, сказаць патрэбнае людзям, свету — і пра тое, як вайна можа забуртаваць цэлыя краіны і ўсё чалавецтва. Не, нехта павінен гэта зрабіць. Не возьмуцца яны, буду рабіць адзін — два гады, пяць гадоў».
У інтэрв’ю беларускаму альманаху «Братэрства» Алесь Адамовіч адказваў на пытанне: «З чаго пайшла, пачыналася “Блакадная кніга”?»: «Атрымалася неяк само сабой... Былі нейкія нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыней да блакадных ленінградскіх трагедый... І не нешта, а менавіта тое, што вайна была на ўсіх адна — Айчынная: што ў Беларусі, што ў Ленінградзе. Акрамя таго, унутраны гул ад доўгай працы над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» ўсё яшчэ працягваўся і, магчыма, таксама падштурхоўваў, патрабаваў нейкага працягу...» У памяці пісьменніка было ўсяго некалькі блакадных гісторый, пачутых ад Галіны Максімаўны Гарэцкай, дачкі беларускага класіка Максіма Гарэцкага (у пачатку 70-х гадоў А. Адамовіч часта наведваў яе ў Ленінградзе, каб мець матэрыялы жыцця і творчасці пісьменніка, пра якога ён пісаў вялікую працу «Браму скарбаў сваіх адчыняю...»). Жыццёвыя выпадкі, якія пазней выглядалі як заканамернасці, наладжвалі сувязь з «Блакаднай кнігай».
Читать дальше