З «Анкетай» А. Адамовіч звярнуўся да пісьменнікаў. Брыль, Быкаў, Лобан, Мележ далі свае адказы, якія шмат у чым супадалі. На пытанне «Якія два-тры пісьменнікі сусветнай літаратуры ідуць з Вамі праз усё творчае жыццё? Чаму?» — адказалі: Янка Брыль: «Талстой і Чэхаў. Глыбіня агульначалавечага зместу і мастацкая дасканаласць. А таксама — што вельмі важна — іх чалавечы воблік»; Іван Мележ: «У розныя перыяды жыцця мне спадарожнічалі розныя і многія пісьменнікі. Я паграшыў бы супраць праўды, калі б выбраў двух-трох... Люблю Бальзака і Купалу, Ражэ Мартэн дзю Г ара і Кузьму Чорнага, Скота Фіцджэральда і Івана Буніна, і Міхайлу Кацюбінскага. Нязменна — Льва Талстога, Міхаіла Шолахава (асабліва «Ціхі Дон»), Аляксандра Фадзеева (асабліва «Разгром»). Схіляюся перад магутным талентам Дастаеўскага. Ганаруся, што карэньчыкі яго — у нашым Палессі»; Васіль Быкаў: «Два-тры — гэта мала. Нават самых лепшых двух-трох недастаткова. Кожны з вялікіх добры па-свойму. У Талстога мяне прыцягвае ўсеабдымнасць і глыбіня жыцця, а таксама чалавечнасць; у Дастаеўскага — яго цікавасць да праклятых бакоў жыцця і да чалавека як біялагічнай істоты; у Чэхава — яго ціхая, сціплая чалавечнасць; у Чорнага — глыбіня і дакладнасць у жывапісанні беларускага мужыка. Хемінгуэй для мяне дарагі перш за ўсё сваёй непрадузятасцю да вайны, якую ён называў вялікім бардаком, і нейкай даверліва-сяброўскай стрыманасцю. Акрамя таго, ёсць сучасныя...»; Мікола Лобан: «Назаву двух: Льва Талстога — найвышэйшае майстэрства ў спалучэнні з вялікай мудрасцю — і Кузьму Чорнага, вялікага майстра паказу душы беларускага селяніна».
Сярод многіх Леў Талстой, яго аўтарытэт, як бачым, прызнаецца і ставіцца асабліва высока беларускімі празаікамі. Робіць свае глыбока прадуманыя высновы і Алесь Адамовіч не толькі як беларускі празік, які пісаў беларускія апавяданні, аповесці, раманы ў большасці сваёй на рускай мове, перакладзеныя на беларускую мову і надрукаваныя амаль адначасова перакладчыкамі ў аўтарскім варыянце, але і як беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык. «Вартыя высокага прызнання творы, — падводзіў канчатковы вывад А. Адамовіч, — час «суміруе» ў сусветную класіку. Але іншы раз адбываецца большае: «множанне», «узвядзенне ў ступень». Сусветная літаратура не проста павялічылася на Талстога. Яна была «памножана» на Талстога, «узведзена» да Талстога. Эстэтычная «столь» чалавецтва адразу стала іншай...»
Уплыў сусветнай класікі на беларускую прозу сведчыць пра нацыянальную і эстэтычную яе сталасць, яе творчыя магчымасці, моц яе літаратурных традыцый, яе мастацкія кантакты з блізкімі суседнімі і творча сталымі літаратурамі. Сучасная беларуская літаратура, у чым перакананы А. Адамовіч, надзвычай напружаная ў сваіх творчых пошуках: «гэта можна ўявіць як спружыну, адзін канец якой замацаваны недзе «на» фальклоры, «на» народна-паэтычнай традыцыі, а другі імкне за сучаснасцю, за праблемамі, надзеямі і трывогамі сучаснага свету, чалавека. Гэта расцяжэнне не магло б прадаўжацца бясконца, нейкі «канец» абавязкова сарваўся б (і зрываецца ў творчасці менш таленавітых і менш глыбокіх аўтараў), калі б сама глеба народнага жыцця заставался нерухомай, а не ўзнімалася насустрач сучаснасці».
Магчымасці беларускай кампаратывістыкі былі яшчэ раз пацверджаны А. Адамовічам у рамане-даследаванні «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1975), прысвечаным творчасці М. Гарэцкага. Жыццё і творчасць класіка была ўпершыню прадстаўлена тут у поўным сваім аб’ёме. Узаемасувязі і ўзаемадзеянні літаратур цікавілі вучонага пастолькі, паколькі садзейнічалі раскрыццю самага галоўнага — эстэтычнай і нацыянальнай сутнасці беларускай літаратуры, якая жыве і развіваецца не ў моры суб’ектыўных выпадковасцей, а ў напружанай атмасферы агульначалавечых дачыненняў, пошукаў, знаходак і страт. Менавіта ў непасрэднай суаднесенасці са з’явамі сусветнай літаратуры літаратура нацыянальная набывала асаблівы сэнс, станавілася сапраўды жыццёвай і неабходнай. На гэтым ярка асветленым экране сусветнага літаратурнага працэсу наглядна выступалі шматлікія раней не заўважаныя мастацкія каштоўнасці беларускай літаратуры як літаратуры, якая расце, сталее, ідучы па шляху паскоранага творчага развіцця.
Даследаванні Адамовіча-літаратуразнаўцы 70-х гадоў — «Маштабнасць прозы» (1972), «Горизонты белорусской прозы» (Масква, 1974), «Здалёк і зблізку. Беларуская проза на літаратурнай планеце» (1976), «Кузьма Чорный. Уроки творчества» (Масква, 1977), «Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек» (1978), «Літаратура, мы і час» (1979) — гэта кнігі-роздумы, кнігі-змаганне, аўтар якіх, выступаючы ў ролі і тэарэтыка, і практыка, знаходзіўся ў самым асяродку грамадскіх і літаратурных дыскусій, характэрных для 70-х гг. Ён — мастак, вучоны, крытык, шукальнік ісціны, і яму сапраўды трэба было ведаць, куды ісці ў сваім пошуку далей (так, «А што там, далей?», называўся адзін з артыкулаў-«прагнозаў» Адамовіча).
Читать дальше