(1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976).
Узлёты чалавечага духу цікавілі не толькі Адамовіча-мастака, але і Адамовіча-даследчыка роднай літаратуры. Ён раптоўна для самога сябе адкрыў менавіта з гэтага боку Кузьму Чорнага, пра якога ўжо не раз пісаў раней (кніга «Маштабнасць прозы»). Паставіўшы творчасць лепшых беларускіх празаікаў Максіма Гарэцкага, Кузьмы Чорнага, Івана Мележа, Васіля Быкава, Янкі Брыля, Віктара Казько ў шырокі кантэкст сусветнай літаратуры, Адамовіч пераканаўча прадэманстраваў вялікія мастацкія і філасофскія магчымасці нацыянальнай літаратуры і прыйшоў да лагічных пытанняў пра перспектывы эстэтычнага руху: «А што там, далей?», «Ці адэкватная рэакцыя?», «Як быць геніяльным?», «Калі не мы, дык хто ж?» Так называліся публіцыстычна-эўрыстычныя, філасофска-эстэтычныя артыкулы пісьменніка, які шукаў адказ на адвечнае пытанне: «Што рабіць?»
І адказ яго быў, на першы погляд, парадаксальны: «Ну дык рабіце звышлітаратуру!» Слова пра «звышлітаратуру» — са спрэчкі з сябрам-пісьменнікам. Не можа, нібыта, літаратура, тым больш рэалістычная літаратура, пісаць пра тое, чаго не было. А гэтага, паводле ўспамінаў А. Адамовіча пра размову-спрэчку з «сябрам-пісьменнікам», а менавіта — трэцяй сусветнай вайны — сапраўды і, дзякуй богу, не было: «Так, але ж ужо былі Хірасіма, Нагасакі... І што значыць: літаратура не можа? Ну дык рабіце звышлітаратуру! Але рабіце, рабіце!»
Гэты тэзіс выклікаў у многіх літаратараў неразуменне і рэзкае непрыняцце. Найбольш глыбокія даследчыкі, уважлівыя да зместу, а не формы выказвання, такія, як бліскучы рускі крытык Ігар Дзядкоў, паспрабавалі належным чынам ацаніць Адамовічаву думку: «Звышлітаратура, да якой заклікаў Адамовіч, мабыць, утопія, але гэтым пісьменнікам добра зразумета, што без новага мыслення і новай пачуццёвасці чалавек, магчыма, і вытрывае, але не пераможа. Магчыма, звышлітаратура — гэта браць ношу як мага цяжэйшую?.. »
Мастацкае апавяданне ў «Хатынскай аповесці» раз-пораз перапыняецца ўстаўкамі з дакументальных запісаў у кнізе «Я з вогненай вёскі...», зробленых Алесем Адамовічам і яго сябрамі па пяры, па змаганні ў гады вайны Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Чытач мог лёгка пераканацца ў тым, што вобразнае слова годна вытрымлівае канкурэнцыю з гістарычным дакументам, а мастацкая літаратура і ў новых акалічнасцях не страціла сваёй пераканаўчасці. На аповесць А. Адамовіча адгукнуўся В. Быкаў: «Толькі што прачытаў тваю “Хатынскую аповесць” і цалкам яшчэ ў яе палоне, пад яе ўладным, салодкім і цяжкім уражаннем. Аповесць выдатная, я проста не ведаю, з чым яе можна паставіць побач. У нас, прынамсі, пра партызанаў так не пісалі — ты першы. Хаця і папярэдняя твая кніга цалкам добрая, але гэта — нешта асаблівае. Гэты герой твой і яго адысея, карова ў ночы, статак пабітых кароў, спаленне людзей, палонныя карнікі, гэты твой бой па кругу — нешта апакаліпсічнае, не менш. Мноства цудоўных дэталей, дакладна перададзеных станаў. А якія вобразы!
Цудоўная ва ўсіх адносінах аповесць.
Як на мой густ, дык я б падрэзаў сцэны сённяшняга, але, я разумею, яны патрэбны для асэнсавання, для публіцыстыкі. І публіцыстыка гэтая высокага гатунку — разумна, чэсна, тонка.
І яшчэ назва. Назва ў цябе наогул не зіхціць ні навізной, ні густам — тут таксама. Само слова «Хатынь» занадта ўжо захапанае, няновае, нешта ў ім ад афіцыйнай тэрміналогіі. А ў цябе ж такая свежая, новая, шматфарбная рэч... Я б назваў інакш. Не ведаю як, але інакш.
І яшчэ — шкада, што яна ў «Дружбе народов», а, скажам, не ў «Новом мире», які б яна ўпрыгожыла, несумненна. Але што ў «Маладосці» — добра. Няхай! Пераклад добры, цалкам беларуская рэч. Ніхто не ўсумніцца. Спадзяюся, што паруску яна гучыць яшчэ лепш. Хаця і па-беларуску прыгожа. Тыя, хто цябе папракалі ў адступніцтве ад нацыянальнага, цяпер будуць задаволеныя.
Я вельмі рады, што ты напісаў гэтую рэч, асабліва пасля дзвюх тваіх апошніх аповесцей, якія не ўсім падабаліся. Думаю, што гэтая спадабаецца ўсім. Ды і не можа яна не спадабацца — хіба што якому-небудзь ідыёту.
Словам, я вельмі рады за цябе, віншую, крыху па-добраму зайздрошчу. Цяпер, сябра, калі ты яшчэ пачнеш хоць крыху піць, то сапраўды табе не будзе цаны, як сказаў К. (Навум Кіслік. — М. Т.)».
На працягу 1970—1973 гг. А. Адамовіч разам з Я. Брылём і У. Калеснікам аб’ехалі, абкалясілі з магнітафонам і фотаапаратам усю Беларусь, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак, апыталі і запісалі больш за трыста сведкаў ваеннай трагедыі, апавяданні якіх леглі ў аснову дакументальнай кнігі «Я з вогненнай вёскі... »
Читать дальше