Алесь Адамовіч асобна вылучыў гісторыі ленінградскай блакады, пачутыя з вуснаў Галіны Максімаўны Гарэцкай:
«Жанчына-маці, каб уратаваць астатніх дзяцей ад блізкай смерці, не заяўляе да канца месяца пра памерлае дзіцятка (хлебныя карткі!), хавае замерзлы трупік у шафу».
«Пункт прыёму дзяцей-сірот, якіх збіралі ў жудасна ціхіх дамах «побытавыя атрады»: прынеслі хлопчыка, санітарка, добрая душа, цалуе галоднае заплаканае дзіця. Аглянулася: усе дзеці выстраіліся ў радочак, каб і іх пацалавала...»
У кнізе «Я з вогненнай вёскі..» у цэнтры ўвагі — лёс вёскі, у «Блакаднай кнізе» — гэта ўжо лёс горада ў тую ж татальную вайну. Дакументальная «Блакадная кніга» была не толькі працягам кнігі «Я з вогненнай вёскі...», але і выяўленнем узбагачэння жанру «магнітафоннай літаратуры». Трагічны лёс беларускай вёскі ў гады вайны, як у люстэрку, адбіваўся ў такім жа трагічным лёсе вялікага горада Ленінграда, асуджанага на галоднае выміранне. Ствараўся, па сутнасці, незнаёмы літаратуры жанр, які А. Адамовіч называў кнігай-араторыяй, сімфоніяй, хорам (як у антычных трагедыях). «У новага жанру, — пісаў ён, — тая перавага, што яму дадзена здабываць глыбінныя пласты, залежы псіхалогіі, праўды народнага жыцця адкрытым спосабам. Само жыццё сучаснае, якое геалагічна зрушылася, выбухнула небывалымі катаклізмамі, калі верхнія пласты сарваныя і агаліліся нетры, падрыхтавала і нарадзіла гэты спосаб, гэты жанр літаратуры». У «Блакаднай кнізе» шмат спроб звычайных людзей спасцігнуць з дапамогай інтэлекту сэнс падзей вайны, адносіцца да ўласнага існавання разумна, востра крытычна ацэньваючы сябе і іншых, разважаючы над тым, што было, што ёсць і што можа быць.
Чым больш А. Адамовіч і Д. Гранін слухалі гараджан, вывучалі дакументы, чыталі дзённікі, тым больш адкрывалася адна з галоўных апораў таго самага «духу леніградцаў». У «Блакаднай кнізе» апублікаваны зімні дзённічак маленькай Тані Савічавай: «Бабушка умерла 25 янв...», «Дядя Алёша 10 мая...», «Мама 13 мая в 7.30 утра...», «Умерли все. Осталась одна Таня». У другой частцы кнігі асаблівае месца займалі «падзённікі» блакадніка Г. Князева і дзённік падлетка Юры Рабінкіна. Адкуль браліся сілы, адкуль узнікала стойкасць, дзе знаходзілі месца вытокі душэўнай моцы? «Перад намі, — пісалі А. Адамовіч і Д. Гранін, — сталі адкрывацца не менш пакутлівыя праблемы і маральнага парадку. Іншыя меркі ўзнікалі для паняцця дабраты, подзвігу, жорсткасці, любові. Найвялікшаму выпрабаванню падвяргаліся адносіны мужа і жонкі, маці і дзяцей, блізкіх, родных, саслужыўцаў. У апавяданнях людзей паўставалі тыя складаныя маральныя задачы, якія даводзілася вырашаць кожнаму чалавеку. Мы ўбачылі незвычайныя прыклады моцы духу, прыклады высакародства, хараства, выканання абавязку, але і — нечуваных пакутаў, мучэнняў, пазбаўленняў, смерцяў... Не заўсёды было ясна — ці прыйшоў час для гэтых апавяданняў такой жорсткай бязлітаснасці? А з другога боку — ці не сышло, ці не запушчаны час і магчымасць расказаць пра гэта так, як гэта было ў жыцці і наяве, так, як гэта помняць толькі самі ленінградцы?..»
У апавяданнях, ва ўспамінах блакаднікаў, якія А. Адамовіч і Д. Гранін запісвалі і пераносілі ў будучую кнігу, захоўвалася шмат дакладных фактаў, становішчаў, дэталяў. У іх нагадвала пра сябе штодзённае жыццё: памяць (асабліва жаночая — удакладняюць аўтары кнігі) учэпіста фіксіравала неверагодную рэальнасць тых дзён і начэй «блакады». Вывучэнне А. Адамовічам і Д. Граніным калектыўнай памяці, запіс «вусных гісторый» адкрываюць шлях для літаратуры, якая намагаецца ўвабраць у сябе ўсё багацце народнага вопыту, набытага на працягу самай страшнай вайны за ўсю гісторыю, спрабуе вобразна асэнсаваць тое, што адбывалася. Так ствараўся новы, невядомы раней жанр літаратуры — мастацкі дакумент, кніга-араторыя, сімфонія, хор (гэтыя і іншыя падобныя па сэнсу назвы жанру згадваліся крытыкай).
У перавыданні «Блакаднай кнігі» А. Адамовіча і Д. Граніна, упершыню апублікаванай у Беларусі на рускай мове выдавецтвам «Мастацкая літаратура» (2015), у прадмове Наталлі Адамовіч прыводзяцца радкі з запісной кніжкі А. Адамовіча ад 12.2.1975 г., калі была завершана праца над кнігай «Я з вогненнай вёскі...» і ўзніклі «нябачныя, але моцныя токі — ад Хатыняў да блакадных ленінградскіх трагедый — і што токі гэтыя, імпульсы, якраз і накіроўвалі думкі і намеры аднаго з аўтараў кнігі пра Хатыні — накіроўвалі на Ленінград».
У гады «перабудовы» і «галоснасці» А. Адамовіч прыкметна актывізаваў сваю грамадскую дзейнасць, у яго мастацкай творчасці павялічылася доля публіцыстычнасці. У пісьме чытача, змешчаным у якасці эпіграфа да артыкула «Час жывы» (у рускім варыянце «Время живое») і апублікаваным у кнізе літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі А. Адамовіча «Выбери жизнь» (1986), прагучала пытанне: «Пасля таго, што напісалі, ці думаеце Вы (або не?), куды ісці далей?»
Читать дальше