Франсуа Рабле, Шарль дэ Кастэр, Рамэн Ралан, Міхаіл Булгакаў… Безумоўна, гэтыя класікі сусветнай літаратуры былі светлымі настаўнікамі Уладзіміра Караткевіча ў час напісання рамана. І калі б вучань толькі паўтарыў іх на сваім, беларускім матэрыяле, то нават і тады яго праца варта была б ухвалення. Аднак вучань не дужа капіраваў настаўнікаў, пайшоў адметным ад іх шляхам. Яго Юрась Братчык блізкі, як гэта і падкрэліваў сам аўтар, да вечнага і шматпакутнага вандроўніка Тыля Уленшпігеля з аднайменнага рамана Шарля дэ Кастэра, але блізкі пераважна ў тыпалагічным плане — як сын адной і той жа эпохі, як народны заступнік, народны характар. Больш чым на чужыя ўзоры, Караткевіч арыентаваўся на сваё — на старыя летапісы, легенды, казкі. І яшчэ — творча выкарыстаў біблейскія матывы. У рамане ёсць і дванаццаць апосталаў, і грэшніца Магдалена, і пакутнік Лазар, і трыццаць сярэбранікаў Іуды. Аднак усё гэта пазбаўлена арэолу святасці (тыя ж трыццаць сярэбранікаў проста прапіваюць). Самыя разнастайныя крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні гэтага твора, дзякуючы багатай фантазіі аўтара зліваюцца ў адно непадзельнае і непаўторнае цэлае.
Адначасова з прозай пісаліся і вершы. Плённасць паэтычных пошукаў Уладзіміра Караткевіча выразна выявілася ў зборніку "Мая Іліяда" (1969). У ім багата твораў ("Беларуская песня", "Землятрус", "Здратаваныя магілы", "Маленне аб чашы", "Чорная балада Гаркушы", "Балада аб трыццаць першым сярэбраніку", "Трасцянец", "Таўры"), якія ўражваюць значнасцю вобразаў і абагульненняў, страснасцю пачуццяў. У вялікім цыкле вершаў "Таўрыда" апяваецца прыгажосць Крымскіх гор і стэпаў, велічны Карадаг, Чорнае мора, у якое Караткевіч любіў хадзіць з рыбакамі. Але часцей за ўсё паэт звяртаецца да роднай Беларусі, уваскрашае яе светлыя постаці ("Скарына пакідае радзіму", "Нявесце Каліноўскага", "Багдановічу"). Мінулае для яго неабходна, каб лепш асэнсаваць сучаснасць і будучыню, каб яскравей выказаць сыноўнія пачуцці да сваёй Айчыны. Патрыятызм Караткевіча страсны і дзейсны, асабліва ў "Беларускай песні":
Дзе мой край? Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,
А мужчыны, як скалы, — ударыш, і зломіцца меч.
Дзе мой край? Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,
Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.
Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,
Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбіцца змрок…
Крытыкі і даследчыкі (М. Барсток, С. Гаўрусёў, Я. Шпакоўскі, М. Ярош) у свой час аднадушна ацанілі "Маю Іліяду" як значнае творчае дасягненне аўтара, як кнігу спелую, маштабную і цэласную, як сведчанне непарыўных сувязей з Купалавай і Багдановічавай традыцыямі і смелага наватарства. Вядома, у рэцэнзіях былі і крытычныя закіды — у празмернай рацыяналістычнасці асобных вершаў, зададзенасці, кніжнасці. І ўсё ж хочацца тут удакладніць, што ўказаныя "недахопы" з'яўляюцца працягам "вартасцей" Караткевіча, тлумачацца асаблівасцямі яго таленту. Кніга, літаратура, не толькі беларуская, але і славянская, еўрапейская, сусветная, былі для яго такой жа крыніцай натхнення, такой жа глебай, што і рэальнае жыццё.
У сямідзесятыя гады значна пашыраюцца творчыя гарызонты Караткевіча. Ён многа і прагна чытае, часта глядзіць тэлевізар. Даволі многа ездзіць у іншыя рэспублікі — у Арменію, Грузію, Латвію, Эстонію. Некалькі разоў выбіраецца — адзін і з Валянцінай Браніславаўнай — у Польшчу і Чэхаславакію.
Першая зарубежная паездка Уладзіміра Караткевіча адбылася ў 1971 годзе. Яго запрасіў у Кракаў дацэнт Ягелонскага універсітэта, чэхіст па спецыяльнасці Здзіслаў Нядзеля. Ураджэнец Беларусі, ён дужа хацеў паглядзець сваю радзіму, і ў 1969 годзе я запрасіў яго ў Мінск, тады ж пазнаёміў з Караткевічам. Нядзеля хацеў адказаць рэваншам і ўзаемна запрасіць мяне ў госці. Але я сказаў:
— Мяне збіраюцца і так паслаць у Польшчу ў навуковую камандзіроўку. То лепей няхай пан Здзіслаў запросіць Валодзю. За граніцай ён яшчэ ніколі не бываў: у афіцыйныя дэлегацыі яго не ўключаюць па "крамольнасці". А ў Польшчы пабываць хоча, бо цікавіцца яе гісторыяй, у многім для нас агульнай.
— Толькі адначасова з табой, Адасевіч, — папрасіў Валодзя. — Што я там адзін буду рабіць.
Читать дальше