Дзядзькі мае жылі ў Кіеве дзеля выхавання дзяцей; ім зайздросцілі, што маюць лёгкую дарогу ў Кіеў: калі перавазіліся туды, то дзядзька мой загадаў пабудаваць байдак3, на каторы паставілі 4 каней, гэтулькі сама кароў і ў прапорцыі рознай іншай гаспадаркі, з патрэбнай мерай корму, а ў каюты памясцілі паноў і слуг, ну і паплылі, як у каўчэзе Ноя (гэта тады называлася, што падарожжа нічога не каштуе!). Дом у Кіеве яны мелі свой, дужа блізка ад універсітэту, здаецца, што на Володзімерскай вуліцы. Праходзіць трэба было міма самаго універсітэту і ісці далей; было пара дамоў мураваных, пасля вялікі драўляны дом Оскеркаў, а побач гэткі ж, толькі крыху менш, дом майго дзядзькі з вялікім пустым пляцам, каторы злучаўся ужо з полем. Поле не было засеяна і выглядала, як нейкі гарадскі выган. Цешыліся, што жывуць быццам у вёсцы, а было гэта ад універсітэту, як ад камітэту да Бернадынскага касцёлу ў нашым Слуцку, не далей. У гасцініцы «Мінеральных вод» менш было шыку, чым цяпер у Лейбіхі ў Слуцку, толькі гасцініца прытыкала да царскага саду, у каторым дзіўныя алеі вялі на бераг Днепра. Відокі там так дзіўныя, што хоць пасля я бачыў свету, адначэ відокі Кіева і яго хараство назаўсёды асталіся ў мяне ў памяці. Першы раз бачыў я там тэатр. Быў ён на Падолі мураваны, брудны, цесны і цёмны. Ігралі дзве нейкія штукі: польскую і расійскую, здаецца, што ў абодвых было мардабойства, і памятаю, што ў расійскай былі нейкія брыдкія словы. Рух на Крашчаціку, сколькі памятаю, не быў большы, як у Слуцку на Мастовай4 вуліцы ў тарговы дзень. У царскім садзе публікі збіралася многа, пагода служыла, ды і вясна там пачынаецца раней, як у нас. Усе ведалі аба мне і звярталі ўвагу. Я быў героем дня, што дужа патурала маёй амбіцыі. Хоць у тэатры ігралі штукі па-польску, але на вуліцах мовы польскай, даслоўна, не чуў, і ў гэтым, як і ў многа чым іншым, знайшоў я вялікую перамену, будучы ў Кіеве ў 1878 годзе.
Міла было б спамінаць тыя патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і на свой спосаб выгоды, каб не дзве асобнасці тых часоў: прагавітая, падозрывая ўласць (паліцыя, жандармерыя) і пастаянны на ўсе бакі свіст розаг. Нават з успамінамі гэтай падарожжы лучацца розгі: на тры дні перад выездам зрабіўся ў нас «судны дзень», выйшлі на яў нейкія плёткі. Некалькі асоб высеклі, між іншым таварыша падарожжы, маладога лёкая Яся. Дастаў ён каля 30 розаг, хоць я дужа яго жалеў, але не важыўся дапытвацца, за што, бо і сам у страшнай гразе быў трыманы. Людзі, аднак жа, з гэтым асвоіліся так, што гэта было тэмай кпінак і прыпінак. Ясь, напрыклад, казаў, што яму «мух ганялі», а сляды таго «ганяння мух» прывёз нават дамоў з Кіева, і кіеўскі «незабуд» трываў цэлы месяц. Расказваў ён, што зараз па экзекуцыі загадалі яму трымаць за ногі Магдалену, каторая ўвесь час, як яе білі, плакала, паказываючы яму ўсе свае «сакрэты». Што да Магдалены гэтай, то я пэвен, што там яе віны ніякай не было, але была гэткая прычына: жыў у нашым баку п. Пушчык, абывацель, расіец, эксдзекабрыст, скінуты з палкоўніка гвардыі ў салдаты (знача мучанік ідэі, сын свабоды). Гэты Пушчык5 расказваў апасля ў салоне вось як аб гэтай экзекуцыі: «Дагледзіў я, што з нейкага часу да кавы даюць мне заместа смятанкі — малако, і то штораз радзейшае. Доўгі час не прыбраўся я сказаць аб гэтым, але раз уначы не мог я спаць: боль раны (з тых часоў, як быў салдатам) страшэнна мне дакучала, а раніцай заместа смятанкі дастаю сівое малачко. Гэта мяне зазлавала. Дык, нічога не кажучы, кажу лёкаём (нават і імёны памятаю: Александру і Антону) склікаць усю бабскую службу ў кантору — кантора побач стайні, дзяўчаты на зазыў хлапцоў вясёла папрыбягалі, і тут пачалася расправа. Фурманы Сцёпка і Тодар як адлічылі кожнай па 50, то ўсё наладзілася, хоць, можа, азадкі схудлі, але малако патлусцела». Пан Пушчык расказаў з гумарам, і гэта ў той час трапляла ўсім да пераконання. Гэткія парадкі трывалі ў нас яшчэ цэлы год пасля нашай падарожжы ў Кіеў, а перамена на лепшае, якая пасля сталася, варта таго, каб яе апісаць у асобным раздзеле.
ІІ. Палажэнне сялян
Святой сваёй павіннасцю лічу апісаць палажэпне сялян, каторае ў першым раздзеле зачапіў нават неспадзявана для сябе.
Пасля таго як мы вярнуліся з Кіева, да канца лета былі мы яшчэ дома, гэта значыць у Калатычах. Перад пачаткам школьнага году пераехала мая матка разам са мной у Слуцак на пастаяннае жыццё, а бацька паехаў у ўлюблёнае сваё Грабова * (* Грабовы ёсць два ў Мозырскім павеце: «Вялікае» — калісь Абуховічаў і «Малое» — калісь Радзівілаў. Водка — старка, каторую прадаюць Карказовічы, паходзіць з Радзівілаўскага Грабова. (Прыпіс аўтара.)) ў Мозырскі павет. Стасункі з воласцю былі ўжо напярэдадні волі лепшыя; лагоднымі іх назваць няможна (за цара Мікалая лагоднасці не было), а толькі былі быццам патрыярхальныя. У Грабове было некалькі сялян-гаспадароў, людзей шанаваных і справядлівых, каторыя былі ў зажыласці з самім панам6,— то гэтым стрымлівалася крыху страшэнная самаволя намеснікаў. У Калатычах жа астаўся неагранічаным уладаром Кароль Булгак, казалі, банкарт7 «слаўнага» (?) Булгарына, з мясцовых сялян, чалавек малады, але злога характару,— і бяздольнікі завылі.
Читать дальше