Аднаго разу пасля такой бяссоннай ночы мы пад раніцу паляглі апранутыя спаць на падлозе жаночай галёркі сінагогі. Мы толькі што заснулі, аж раптам усхапіліся ад дзікага крыку:
— Уставайце, дзеці Ізраіля, ягняты святыя! Да вас з'явіўся я — прарок Ілья! Уста-вай-це!
Мы ўскочылі на ногі. Перад намі стаяў местачковы вар'ят Моўша. Ён дзіка лупіў на нас вочы і загадаў:
— Распранайцеся, а то я вас зарэжу!
Ён стрыг паветра вялікімі кравецкімі ножніцамі.
— Распранайцеся… а то…
Мы былі так змучаны бяссонніцай, аглушаны і напалоханы яго дзікім крыкам, што і не думалі бараніцца. Паслухаліся. Вар'ят схапіў нашу вопратку і пабег уніз па лесвіцы. Без кашуль мы падышлі да акон і ўзнялі крык. За вар'ятам пагналіся людзі. Ён кінуў нашу вопратку і ўцёк.
З таго разу мы перад сном запіралі дзверы сінагогі на ўсе засовы, каб да нас больш не прыходзіў няпрошаны прарок Ілья.
З самага пачатку я прывучаўся ў ешыбоце да самастойнага жыцця. Мыў сабе бялізну кожную пятніцу ў лазні і развешваў на гары сінагогі. Таксама навучыўся латаць падраныя штаны. Мой гарнітур даўно парваўся. Выпадковыя заработкі мелі ў ешыбоце ўсе юныя талмудысты: чытка Псалтыра пры нябожчыках і спяванне малітваў пры нованароджаных. Ці пры нараджэнні, ці пры смерці чалавек чалавеку заўсёды даваў хлеб.
Мяне карміў мой ножык.
Я меў патаемную майстэрню ў шуфлядзе майго штэндара, і пад заслонай скураных фаліянтаў з залатым цісненнем мой ножык тварыў цуды. Я вырэзваў з дрэва пеналы, скрыначкі, пакрываў іх лакам, пасля чаго наводзіў прыгажосць разьбой. З мяккіх чорных брускоў вырэзваў пячаткі. З аркушаў паперы рабіў маленькія кніжачкі ў прыгожых пераплётах і чырвона-сінім алоўкам размалёўваў іх звяркамі і дрэўцамі. Я прадаваў маленькія альбомчыкі свайго вырабу. Альбомчыкі цаніліся сярод местачковых дзяцей не менш высока, чымся ножыкі і пісталеты ў вясковых пастушкоў. Цэны хісталіся ад двух да пяці капеек за штуку.
Ад строгага інспектара рэбэ Шмар'я мяне ахоўвалі ўсе юныя талмудысты. І я ні разу не папаўся ў яго лапы.
Старэйшыя таварышы — 16-17-гадовыя юнакі звярнулі пільную ўвагу на мае вырабы: скуплівалі ў мяне «тавар» за грошыкі і прадавалі ў пяць разоў даражэй. Яны стварылі «рынак». Закіпела жыццё. Каля сінагогі сярод густых зарасляў палыну была наша біржа. З'явіліся бабулькі з кошыкамі. Прадавалі нам яблыкі, арэхі, абаранкі, боб, гарохавыя бліны, жоўтыя і круглыя, нібы ясны месяц.
Аднак бывалі моманты застою ў «гандлі». Ножык мой адпачываў, бо рынак быў перапоўнены і ніхто больш не купляў. Мне прыходзілася галадаць. Выратаваў мяне ад голаду адзін выпадак. Седзячы раз увечары на ганку сінагогі і марачы аб кавалку хлеба, я заўважыў, як адна нізенькая бабулька гоніцца за гарэзнай казой, гоніцца ды не можа дагнаць.
Я дапамог загнаць казу ў сенцы маленькай бабульчынай хаткі, што знаходзілася на тым баку вуліцы, насупраць сінагогі.
Бабуля не ведала, чым мяне ўзнагародзіць за дапамогу. Я сказаў, што мне ніякая ўзнагарода не патрэбна. Бабуля запрасіла мяне ў хату і пачаставала коржыкамі.
З таго часу пачалося наша знаёмства з бабулькай Бейляй.
Яна была адзінокая. Яе дочкі і сыны жылі ў Амерыцы. Прысылалі ёй акуратна грошы, і яна спакойна дажывала свой век у маленькай хатцы. Тут жа ў хатцы жыла з ёю дойная каза. Старэйшы ўнук бабулі ў Амерыцы быў аднаго ўзросту са мною і аднаго імені. Гэта яе вельмі чуліла. Яна часта даставала са старога камода пачку лістоў, фотаздымкаў усіх яе дзяцей ды ўнукаў. Я чытаў і перачытваў уголас лісты, а яна, непісьменная, слухала з вялікай асалодай.
Яна запрашала мяне прыходзіць да яе па вечарах. Я ахвотна выконваў яе просьбу. Бабуля частавала мяне коржыкамі і арэхамі ў мёдзе. Час ад часу паіла мяне цыкорыяй з казіным малаком. Добрая бабулька была набожная. Часта прасіла мяне чытаць раздзелы са святой кнігі ў перакладзе на жывую жыдоўскую мову. Такая кніга называецца «тайч-хумеш». Яна друкавалася выключна для жанчын. Я чытаў, а старая Бейля слухала ды шаптала за мной слова ў слова.
Пасля кожнай чыткі на стале з'яўляліся пачастункі…
Я перабраўся да старой на кватэру. Яна за мною глядзела, як родная. Часта пад яе дыктоўку я пісаў у Амерыку лісты. Пры пісанні я ўжываў усё красамоўства Бібліі. Старая раструбіла аба мне ў дзесяць труб па мястэчку.
Ка мне пачалі прыходзіць «амерыканкі» з просьбай пісаць іх мужам у Амерыку. Прыходзілі і нявесты пісаць лісты жаніхам. У мяне пачалася вялікая перапіска.
Читать дальше