Калі ешыботнікаў пабівалі да крыві, ніхто за нас не заступаўся. Затое, калі хто-небудзь з ешыботнікаў расквасіць нос местачкоўцу, тады яго бацькі прыходзілі ў сінагогу і скардзіліся рош-гашыве. Ад яго даведваўся рэб Шмар'е, які за гэта заўсёды ўсыпаў «малкес».
Раз на тыдзень, у ноч з чацвярга на пятніцу, мы, ешыботнікі, не спалі. Мы павінны былі паўтараць усе раздзелы Талмуда, якія праходзілі за тыдзень. Гэта называлася «мішмер».
Першую палову ночы мы аддавалі гэтай справе, а другую палову запаўнялі рознымі гульнямі. Часта гулялі ў вайну. Пераможаныя павінны былі «плаціць дань» — частаваць пераможцаў яблыкамі, абаранкамі і цукеркамі.
Былі ў нас двое, якія заўсёды прадстаўлялі цыгана з мядзведзем. Цыган вымазваўся ў сажу, пад паліто на спіне падвязваў падушачку і рабіўся гарбатым. Мядзведзя граў хлапчук, які хадзіў на чацвярэньках, апрануты ў вывернуты шэрсцю наверх кажух. Мядзведзь танцаваў, а цыган спяваў жартаўлівыя песні. Кажух нам даваў сінагагальны шамес (служка) рэб Эля, які заўсёды прысутнічаў на нашых гульнях. Ён з намі сябраваў, ведаў усе нашы сакрэты і ніколі не даносіў аб нашых свавольніцтвах інспектару рэбэ Шмар'ю. Рэб Эля толькі глядзеў, каб мы не ламалі штэндараў.
Ён быў вельмі добры чалавек, ненавідзеў сінагагальнага габая (старасту), які прымушаў яго, рэбэ Элю, быць парабкам у рабіна і ў сябе. Рэб Эля праклінаў габая страшнымі праклёнамі, ды не толькі габая, а ўсіх местачковых багачоў, што за розныя паслугі выкідвалі яму, як жабраку, скарынкі хлеба.
Свае праклёны ён шаптаў вечна і да таго прывык гаварыць сам з сабою, што нават у сне рухаў губамі, нібы жвачку жаваў. Хадзіў ён абадраны, голае цела відаць было. Чорныя валасы на галаве і барадзе былі збіты ў лямец. Ён іх ніколі не расчосваў. Пальцы рук у яго былі адмарожаныя, скручаныя, з адпаўшымі суставамі, дзеля чаго шамеса называлі «рэб Эля з гусінымі лапкамі». У яго было дванаццаць дачок. Карміла іх яго жонка-баншчыца, якая ў вольныя ад лазні дні прадавала ешыботнікам пражаны боб і абаранкі. Старэйшыя дочкі служылі нянькамі ў крамнікаў.
Часам уночы рэб Эля нам апавядаў казкі.
— Вы бачыце арлоў і львоў на святым каўчэгу? — запытаўся ён аднаго разу.
Мы таропім вочы ў адзін пункт. У цэнтры сінагогі на ўсходняй старане, дзе моляцца местачковыя багачы, стаіць пазалочаны каўчэг са світкамі торы. Каўчэг аздоблены мастацкай разьбой з дрэва. Два львы і два арлы. Навакол — фантастычныя ўзоры з кветак і траў. Здаецца, што львы зараз рынуцца з месца і пачнуць біць хвастамі аб падлогу. Здаецца, што арлы з распасцёртымі крыллямі зараз узнімуцца пад высокі суфіт. Уночы, калі сінагога асвятляецца скупа адзіночнымі свечкамі, звяры і птушкі выглядаюць зусім жывымі.
— Дык вось, — сказаў рэб Эля, — гэтая самая сінагога пабудавана пяцьдзесят, а мо сто год таму назад. Аднаго разу прыйшоў у кагал незнаёмы чалавек — высокі, прыгожы, з сівой барадой, з вачыма, бы зоркі, у простым ільняным халаце, з сандаліямі на нагах.
— Я разьбяр! — заявіў ён. — Хачу зрабіць каўчэг. Аб цане не буду з вамі гаварыць, аб ядзе таксама. Няхай толькі хлеб і ваду прыносяць да дзвярэй. Адно буду прасіць пачэсны кагал, каб ніхто ка мне не прыходзіў глядзець, пакуль не скончу работы.
— Добра! — згадзіліся братчыкі з кагала. — Няхай будзе так. Працуйце! Прымаем вашы ўмовы. Толькі памятайце, за працу шмат грошай вы ў нас не дастанеце, бо нашы местачкоўцы не Ротшыльды і не графы Патоцкія.
Разьбяр працуе сабе дзень, два, тры. Ён нікуды не ходзіць. Яго ніхто не бачыць. Кожны дзень жанчына прыносіць яму жбан вады і акраец хлеба, ставіць ля дзвярэй ды ўходзіць. Як ні цікавяцца кагальныя братчыкі паглядзець работу, але прапала — умовіліся не глядзець. Яны здалёк бачылі, што і ўночы светла ў новай сінагозе. Разьбяр працаваў круглыя суткі.
Затое габай, гад і злюдзюга, як усе габаі на свеце, каб яго імя сцёрлася з памяці добрых людзей, не стрымаў слова. Аднаго разу ўночы ён пракраўся на жаночую галёрку сінагогі і давай глядзець праз маленькае акенца. Бачыць ён: разьбяр сядзіць на падлозе перад свечкай, трымае на каленях тоўсты фаліянт і ціхенька чытае і ціхенька спявае, і пры гэтым, як маятнік, ківаецца. А працы яшчэ і знаку няма. Нават не пачынаў.
Хацеў пракляты габай стукнуць кулаком аб сцяну ды вылаяць на чым свет стаіць разьбяра. У гэты час заспявалі першыя пеўні, і ўсё ператварылася.
Замест падлогі зелянеў прыгожы стэп. Буялі стройныя пальмы, вінаграднікі, прыгожыя кветкі, апельсінавыя і лаўровыя дрэвы. Замест каменнага суфіта сінела паўночнае зорачнае неба. Над дрэвамі і раслінамі свяціўся яркі поўны месяц.
Читать дальше