Урэшце аб тым, што Сыракомля добра ведаў беларускую мову і адчуваў сябе па паходжанню беларусам, красамоўна сведчаць беларускія вершы паэта. Два з іх — «Добрыя весці» і «Ужо птушкі пяюць усюды» — дайшлі да нашых дзён. Большасць жа загінула разам з паперамі сакратара Сыракомлі беларуска-польскага пісьменніка Вінцэся Каратынскага, пра якога гутарка пойдзе далей.
Аднак вернемся да дзіцячых і юнацкіх год пісьменніка. Яны прайшлі ў розных фальварках у наваколлі Слуцка і Нясвіжа — Яськавічах, Кудзінавічах, Мархачэўшчыне. У 1833 годзе бацькі аддалі дзесяцігадовага хлопчыка ў Нясвіжскую дамініканскую школу. Парадкі там былі сярэдневяковыя. За самую нязначную віну настаўнікі-манахі секлі вучняў розгамі. І толькі адзін настаўнік рускай мовы і літаратуры, успамінае Сыракомля ў гутарцы «Школьныя часы», з'яўляўся выключэннем: ён не зневажаў вучняў і знаёміў іх з творамі «айчыны Пушкіна і Жукоўскага».
Правучыўшыся тры гады ў Нясвіжы, будучы паэт чамусьці перайшоў у такую ж дамініканскую школу ў Навагрудку, дзе ў свой час вучыліся А. Міцкевіч і Я. Чачот. У 1837 годзе, атрымаўшы пасведчанне аб заканчэнні пятага класа, хлопчык вярнуўся дамоў і стаў памагаць бацькам па гаспадарцы. Такім чынам, небагатая школьная адукацыя Сыракомлі спынілася на чатырнаццатым годзе жыцця. Усе свае шматгранныя веды паэт здабываў пазней самаадукацыяй.
Восенню 1840 года бацька аддаў юнага Людвіка на службу ў Нясвіж, у кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі. У той час Нясвіж быў глухім правінцыяльным гарадком, які жыў толькі ўспамінамі ды легендамі аб колішняй славе, аб багацці, жорсткасці і дзівацтвах усёмагутных князёў Радзівілаў. Гэтыя легенды ўразілі будучага паэта, ён пачаў капацца ў пажаўцелых актах Капыльскага замка, перавезеных у Нясвіж, і, абапіраючыся на іх, напісаў артыкул аб мінулым свайго горада для фундаментальнага выдання «Старажытная Польшча» М. Балінскага.
Служачы ў Нясвіжы, Сыракомля зблізіўся з маладымі людзьмі, якія групаваліся вакол мясцовага «энцыклапедыста» Адольфа Дабравольскага. Амаль кожны з іх штосьці рыфмаваў. Не адставаў ад іх і Людвік. Так з'явіліся на свет яго першыя жартаўлівыя вершы — «Пісьмо Крышталевіча з Елісейскіх палёў да Раймонда Бараноўская», «Да паламанай гітары Р. Рамбовіча», «Далей за сонцам».
Пачутае і ўбачанае ў Нясвіжы засталося ў памяці на ўсё жыццё. У 1844 годзе, пераехаўшы пасля шлюбу з Паўлінай Мітрашэўскай у Залуча, Сыракомля напісаў шэсць санетаў, прысвечаных Нясвіжу і магнацкаму роду Радзівілаў, якія «крывёю і золатам упісалі свае імёны» ў айчынную гісторыю. А яшчэ пазней, у 1856 годзе, у вершы «Ілюмінацыя» ён расказаў жудасную гісторыю, пачутую пад Нясвіжам з вуснаў старой беларускай жанчыны.
...Гэта было ў другой палове XVIII стагоддзя, калі ў Нясвіжы правіў Кароль Радзівіл, па мянушцы «Пане каханку». Той самы Радзівіл, што загадваў летам высыпаць соллю дарогу з Нясвіжа да летняй рэзідэнцыі ў Альбе, каб пакатацца на санках, запрэжаных парай мядзведзяў. Аднойчы, калі князь спраўляў гучныя імяніны, усім гараджанам загадалі па-святочнаму ілюмінаваць свае дамы. Не гарэла паходня толькі ля хаціны адной беднай маладзіцы: муж якраз паехаў у заробкі, а тут захварэла воспай дзіця. На тое ліха прыбег з ратушы служка і, выбіўшы вокны, бессардэчна выгнаў жанчыну запальваць агні.
Я — па вуліцу бегма, агеньчык то цьмее,
То згасае раптоўна,
А як гляну праз шыбу — дзіця там дранцвее,—
Хата сіверу поўна.
Мой Антосік заходзіцца, бедны, без рады,
Сэрца кроіцца жалем.
Хочу бегчы, ды служка паказвае ўладу,
Бізуном пагражае.
А калі да соцень паходняў дабавілася яшчэ адна, калі з замка грымнулі на «віват» гарматы, з хаціны раздаўся перадсмяротны плач дзіцяці, якое канала ад холаду:
Там венгерскае п'юць, забаўляюцца госці
У раскошы, ў багацці,
А тут паліць святло і па сыне галосіць
Змізарнелая маці.
З таго часу прайшлі гады і гады. Але хіба здольны час утаймаваць вялікае мацярынскае гора?!
І дагэтуль душа мая ў жальбе вялікай,
Як наяве ўсё бачу:
Ручаняты, як воск, скасцямелыя ў крыку,
Жоўты тварык дзіцячы.
(Пераклад М. Лужаніна.)
«Ілюмінацыя» — адзін з найбольш яскравых антыфеадальных твораў «вясковага лірніка», як называлі Сыракомлю сучаснікі. Чытаеш верш — і сэрца поўніцца болем за народнае гора, нянавісцю да прыгнятальнікаў і ўсякага прыгнёту наогул. Нездарма царскія цэнзары баяліся «Ілюмінацыі», як агню. У Цэнтральным гістарычным архіве Ленінграда захаваўся «Даклад цэнзара Сваткоўскага аб двух вершах для часопіса «Русское богатство» ад 23 ліпеня 1880 г.». Адзін з гэтых двух вершаў — «Ілюмінацыя» Сыракомлі перакладзены на рускую мову Пятром Быкавым. Цэнзар знайшоў, што «ў цяперашні час падпольнай барацьбы з урадавай уладай не можа быць дазволена цэнзурай супастаўленне магутнага і багатага ўладальніка з бедным, безабаронным падначаленым і пакуты апошняга ад самавольства першага». Ясней не скажаш!..
Читать дальше