Далей Сыракомля прасочвае жыццё беларускага селяніна ад нараджэння да смерці. Звычайна ў сям'і рады сыну-працаўніку, а не дачцэ. Немаўлятамі апякуюцца старэйшыя браты і сёстры. Летам калыска выносіцца ў поле — туды, дзе жне маці. «Калі дзіця ў такой калысцы, пастаўленай у цяньку ад жытнёвага снапа, заходзіцца ад спякоты або голаду, малая нянька спявае яму песеньку пра каточка». Дзяцей звычайна страшаць ваўком, дзедам і — панам! Гэты страх потым застаецца на ўсё жыццё... Да 10 год дзеці бегаюць у адной кашулі і басанож, потым апранаюць сярмягу і хадакі з ліповай кары. З 12 год яны ўжо лічацца «рабочымі душамі і фігуруюць у інвентары», ходзяць на паншчыну і на талаку, якая называецца «гвалтам». А потым — бязрадаснае юнацтва і сталасць, калі ў хаце бывае «сем посных пятніц на адным тыдні». Адзінай стравай часцей за ўсё служыць «цвёрды хлеб з жытняй мукі і мякіны».
Цяжкае жыццё ўпрыгожваюць толькі нядзельныя танцы ў карчме ды песні (Сыракомля цытуе іх па зборніках Чачота). Асабліва многа сардэчнасці і цеплыні ўкладвае народ у песні вясельныя. Аднак вяселле — толькі маленькая светлая прагаліна ў цёмным лесе. Прывабнасць кахання хутка знікае, бо маладыя глядзяць на сябе «перш за ўсё як на рабочую істоту». «Цяжкая праца, скромная ежа і без меры ўжытае спіртное» губяць рэшткі пачуцця. І ўсё ж селянін ніколі не перастае быць чалавекам. Пад вонкавай яго суровасцю, пад яго «загарэлымі, касцістымі, прыкрытымі грубой і рванай сярмягай грудзьмі тояцца глыбокія пачуцці».
Урэшце да селяніна прыходзіць жабрацкая старасць, смерць — і забыццё. Замыкаецца жыццёвы круг, бесчалавечны па сваёй сутнасці, поўны пакут і прыніжэння.
«Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» багаты цікавымі фактамі з мінулага Беларусі. Аўтар успамінае пра выдавецкую дзейнасць С. Буднага, пра пастаноўкі ў нясвіжскім радзівілаўскім тэатры твораў Мальера, пра «Календары», якія друкаваліся ў Нясвіжы ў XVIII стагоддзі Янам Пашакоўскім. Прываблівае чытача фігура нясвіжскага філосафа Саламона Маймона, які быў знаёмы з Кантам, Гётэ, Мендэльсонам і выдаў у Берліне каля 20 твораў па філасофіі і матэматыцы. З «Вандровак» мы даведваемся, што ў сярэдзіне мінулага стагоддзя Мінская губерня купляла кніг усяго на 4-5 тысяч рублёў у год. А гэта, абураецца аўтар, на мільён жыхароў губерні — да смешнага мала. Кніга Сыракомлі таксама істотна пашырае нашы ўяўленні аб грамадскіх поглядах аўтара. Ён рашуча асуджае «сярэдневяковую адсталасць» езуітаў, заклікае пашыраць асвету, развіваць мясцовую прамысловасць. Некаторыя старонкі «Вандровак» — гэта ўзнёслы гімн любві да наднёманскіх палёў і лясоў, якія не раз нараджалі ў сэрцы паэтычнае натхненне і любоў да прыгожага.
Перад сённяшнім чытачом «Вандровак па маіх былых ваколіцах» можа паўстаць пытанне: а чаму ваколіцы Залуча, Нясвіжа, Стоўбцаў Сыракомля называе былымі, колішнімі? Чаму ён, заканчваючы кнігу, выказвае жаданне захапіць адсюль як мага больш «для запасу паветра»? Справа ў тым, што яшчэ да выхаду кнігі, 17 верасня 1852 года, паэт назаўсёды пакінуў Залуча і праз Мінск выехаў у Вільню. Цяжка сказаць, што прымусіла яго зрабіць гэты крок. Раптоўная смерць трох дачок-малалетак? Трагедыя бацькі, якога на старасць прагналі з суседняга фальварка Тулёнка? Жаданне быць бліжэй да выдавецтваў і рэдакцый, да пісьменніцкага асяроддзя? Хутчэй, усё гэта, разам узятае.
Шумлівая і цесная Вільня ненадоўга прыпыніла паэта. На гарадскім бруку «вясковы лірнік» адчуваў сябе нібы птушка ў клетцы. І калі здарылася аказія, ён узяў у арэнду ад Тышкевіча невялікі фальварак Барэйкаўшчына, што паабапал дарогі з Ашмян на Вільню. У красавіку 1853 года паэт пераехаў сюды разам са шматлікай сям'ёй (часам за стол сядала звыш 20 чалавек) і маладым сакратаром і памочнікам Вінцэсем Каратынскім.
Жывучы ў Барэйкаўшчыне, Сыракомля не парываў сувязей з беларускімі сябрамі. У 1855 годзе ён зноў прыехаў у «родны Мінск». З чэрвеня ўрачысты вечар у гонар госця наладзіў Навум Прыгаворка (так у адпаведнасці з псеўданімам усе тады звалі Дуніна-Марцінкевіча). На вечары прысутнічаў увесь цвет мясцовай інтэлігенцыі. «Вясковаму лірніку» наладзілі сапраўдную авацыю, насілі яго вакол стала на руках. Мінскія аматары паказалі Сыракомлю цэлы канцэрт, у якім выконваліся творы Міцкевіча, Манюшкі, Фрэдры, Мальера. Расчулены паэт падзякаваў за гасцінны прыём наступным тостам:
Шчаслівы той, каго любоў братоў акружыць блізка,
Вось так, як я, прыязшо шчырай Вашай сёння ў Мінску.
Як я цаню хвіліны гэтыя, паверце!
За нізку вершаў маю столькі братніх сэрцаў.
Я бяру абавязак, браты, перад Вамі
На вялікую дружбу і працу між намі.
Ах, каб даў бог мне час гэты ў песнях адзначыць,
Шчырым словам і чынам братам адудзячыць.
Сёння тут за сталом і Навум мой харошы,
Сэрца ж маё ледзь толькі расчуліцца можа,
Песня здольна мая ледзь на ноты слабыя:
Хай жыве родны Мінск наш, браты дарагія!
Читать дальше