Аднак варшаўскія вытанчаныя крытыкі не заўважалі і не хацелі заўважаць, што адначасова ў паэзіі Сыракомлі з'явіліся куды больш істотныя рысы, чым паспешлівасць і шматслоўнасць. Гаворка ідзе аб дэмакратычных і рэвалюцыйных тэндэнцыях у творчасці «вясковага лірніка». На яго свядомасць аказала велізарнае ўздзеянне рэвалюцыйная сітуацыя, якая склалася ў краіне ў канцы 50-х — пачатку 60-х гадоў. Паэт актыўна ўдзельнічаў у вострай палеміцы вакол сялянскага пытання, вакол шляхоў вызвалення краіны ад прыгонніцтва і самаўладства. Такія творы барэйкаўшчынскага перыяду, як «Вясковыя палітыкі», «Вясковая школа», «Урывак І», «Вызваленне сялян», давалі сучаснікам адказ на гэтыя актуальныя пытанні. Адказ недвухсэнсавы і просты: пароду патрэбна воля, сялянам — зямля і асвета. Сэрца і розум інтэлігенцыі павінны служыць «шарачковаму простанароддзю». Ніхто не мае права прыніжаць чалавечую годнасць «братоў у капоце і братоў у сярмязе». У час вялікіх грамадскіх падзей паэтам нельга маляваць «заход сонца», бо трэба засяроджваць усю ўвагу «на маладой заранцы» заўтрашняга дня. Верай у лепшае будучае, жаданнем, каб чалавек працы заўжды заставаўся «самім сабою», поўны апошнія радкі гутаркі «Вясковая школа» (1862):
Запалавее жытняе поле.
Накорміць хлебам людзей уволю!
Людзі збяруцца дзякуй сказаць мне,
Ціха заплачуць бацька і маці;
Перламі слёзы ў сэрцы зальсняцца.
Вось мая кніжка... Вось мая праца.
Кім ты маніўся стаць, чалавеча? —
Панам, уланам, яшчэ там нечым;
Каб нават біўся ў мур галавою,
Век застанешся самім сабою.
(Пераклад М. Лужаніна.)
Раней, у 40-х — пачатку 50-х гадоў, Сыракомля рэдка бічаваў шляхту — часцей павучаў яе, апелюючы да розуму і сумлення. Цяпер жа амаль знікае жаданне расчуліць. На змену прыходзіць непрыкрытая нянавісць да пана, які «хіліць пеністы келіх цаною ў тры дні сялянскай паншчыны» («Штогодныя святы ў Літве»), Сапраўдным надмагільным каменем прыгонніцтву стала вядомая «Эпітафія землеўласніку», прысвечаная ўсім тым, хто
Біў хлопаў бойма,
Гарэлкай спойваў,
Сто хат меў з гакам,
Любіў прысмакі,
Пхаў грошы ў торбу
І піва сёрбаў.
Штодня з азартам
Гуляў у карты
Ды ў аканома
Распытваў дома:
Ці будуць войны,
Ці свет спакойны?
(Пераклад М. Лужаніна.)
Ва «Урыўку І» Сыракомля выкрыў ліберальнае пустаслоўе буйной шляхты, якая імкнулася прыкрыць сваю рэакцыйнасць гучнымі словамі аб прагрэсе. Перад выбарамі на высокую пасаду адзін з герояў твора, багаты граф, не супраць запрасіць на баль нават селяніна, нават дачку пераплётчыка, бо гэта павінна забяспечыць яму галасы выбаршчыкаў. Але што варты разважанні графа аб гуманізме, калі за гучнымі фразамі не стаяць канкрэтныя справы! Удзельнікам балю паказваюць будыніну з шыльдай «Вясковая школа». Усе хваляць дабрачыннасць графа, усе віншуюць яго. І ніхто не здагадваецца заглянуць у будынак, які з'яўляецца... звычайным пустым гумном. Або другі выпадак. Калі на кухні прыгарэла смажаніна, граф тут жа загадаў «гуманна высеч кухара». Астаўшыся без лішніх сведкаў, гэты вяльможа цынічна прызнае: «Без корчмаў і прыгону ўласнік загіне». На шчасце, народ даўно зразумеў, што тоіцца за шматслоўем «ліберальнага» графа, і трапна ахрысціў яго «ліберальнай жывёлінай».
Зразумела, што ў легальным друку дэмакратызм Сыракомлі не мог праявіцца ў такой ступені, як гэтага жадалі і сам аўтар, і шматлікія чытачы. Прыходзілася лічыцца з «нядрэмным вокам» цэнзуры. «У нас у Літве,— скардзіўся паэт у пісьме да Паўліны Вільконскай, — страшэнная глухата ў літаратурным свеце. І не таму, што мы не здольны праявіць нейкія прыкметы жыцця. Цэнзура, страшэнная, пякельная цэнзура душыць сваёй цяжкай лапай кожнае, нават самае нявіннае дыханне грудзей». І таму найбольш радыкальныя творы Сыракомлі («Сахар-мароз», «Мазурка» і інш.) распаўсюджваліся нелегальна, у рукапісных спісах. Напярэдадні і ў час паўстання 1863 года жандары знаходзілі іх у Віцебску, Мінску і нават глухой Смаргоні.
У падрыхтоўцы да паўстання 1863 года актыўна ўдзельнічала не толькі паэзія Сыракомлі. Ён сам таксама быў цесна звязаны з патрыятычным падполлем. У віленскім доме паэта збіраліся тыя, хто потым стаў на чале паўстання. Магчыма, тут бываў нават Кастусь Каліноўскі. Невыпадкова ж у снежні 1863 года, праз год пасля смерці Сыракомля менавіта на кватэры яго ўдавы быў арыштаваны Нітуе Далеўскі, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Каліноўскага! Абмежаваная і палахлівая жанчына наўрад ці змагла б самастойна наладзіць кантакты з рэвалюцыянерамі. Значыць, такія кантакты былі ўстаноўлены яшчэ да смерці яе мужа.
Читать дальше