У працытаваным вышэй артыкуле М. Грабоўскага даволі трапна вызначана творчая манера Я. Баршчэўскага. У адрозненне ад Я. Чачота і іншых тагачасных збіральнікаў народнай творчасці, яго сапраўды менш за ўсё турбавала дакладнасць у перадачы той або іншай казкі ці легенды. Пачутае ў дзяцінстве і юнацтве, сабранае ў час шматлікіх падарожжаў пісьменнік адвольна спалучаў і пераплятаў, дапаўняў устаўкамі пра саміх апавядальнікаў, пра побыт беларускага народа, уводзіў у тэкст беларускія народныя песні. У выніку атрымалася нешта накшталт беларускай «1001 ночы», дзе адна казка пераходзіць у другую і ўсё звязана адной і той жа фігурай (у беларускім варыянце — прывабнай фігурай шляхціца Завальні, у доме якога выпадковыя госці расказваюць пра розныя дзівосныя здарэнні). Чытаючы зборнік, сапраўды цяжка вызначыць, дзе канчаецца народная казка і дзе пачынаецца аўтарская белетрызацыя, уведзеная дзеля сувязі і цэласнасці.
Першы том «Шляхціца Завальні» адкрываецца вялікай прадмовай Р. Падбярэскага, у якой даецца першы (калі не лічыць «Беларусі» А. Рысінскага) нарыс развіцця новай беларускай літаратуры. У прадмове разглядаецца творчасць польскіх паэтаў, якія жылі ў Беларусі і ўзнімалі беларускую тэматыку,— Францішка Рысінскага, Яна Аношкі, Францішка Князьніна, Тадэвуша Лады-Заблоцкага; даецца высокая ацэнка «першай чыста народнай па духу і форме беларускай паэме» «Энеіда навыварат», якую аўтар прыпісвае віцебскаму віцэ-губернатару Манькоўскаму. Аднак сярод тых, хто ўзначаліў «нязвычны інтэлектуальны рух» на Белай Русі, вышэй за ўсё Падбярэскі ставіць Яна Баршчэўскага: «Гэты чалавек глыбока разумее сваю старонку ў паэтычных адносінах. Напісаўшы фантастычныя апавяданні на аснове паданняў беларускага простанароддзя, ён пачынае заслугоўваць усеагульнай увагі і займаць зусім выключнае месца сярод пісьменнікаў, якія там пачынаюць з'яўляцца». І далей, аб тым жа «Шляхціцу Завальні»: «Тое, * што піша п. Баршчэўскі прозай, непасрэдна не датычыцца ні гісторыі, ні літаратуры, ні мовы Белай Русі, але датычыцца рэчы больш важнай — народнага духу і паэзіі, адкуль выцякаюць і гісторыя, і літаратура, і мова. Ён абапёрся на самы плённы прынцып, бо вырашыў даць вялікую мастацкую панараму нацыянальнага жыцця. Народ у яго — заўжды перад вачыма». У фантастычных апавяданнях «Шляхціца Завальні» «простанароддзю належыць толькі само ядро, цэласную ж карціну на фоне, расквечаным нацыянальнымі фарбамі, стварыў сам аўтар». Героі ў «беларускага рапсода», як называе Баршчэўскага Падбярэскі, «выходзяць тыповымі». Адзначаючы станоўчае ў зборніку, аўтар прадмовы ўказвае і на мастацкія пралікі — голае маралізатарства, зададзенасць ідэі.
Услед за прадмовай Р. Падбярэскага ў першым томе «Шляхціца Завальні» ідзе артыкул «Некалькі слоў ад аўтара». У ім Баршчэўскі дае кароткую характарыстыку паўночнай Беларусі і побыту яе жыхароў. Прызнаючы, што большасць казак, выкарыстаных у зборніку, мае змрочную афарбоўку, аўтар тлумачыць гэта змрочнасцю народнага жыцця. На тварах беларусаў, піша Баршчэўскі, заўсёды нейкі сум і панурая задума. Вось чаму і ў іх фантастычных творах «заўсёды дзейнічаюць нядобразычлівыя духі, якія, аднак, служаць толькі злым панам, вядзьмарам і ўсякім непрыяцелям сялян».
Першапачаткова Баршчэўскі меркаваў выпусціць не чатыры, а шэсць томікаў «Шляхціца Завальні». Але цяжкасці з выданнем прымусілі адмовіцца ад гэтай задумы. Рукапісы апошніх двух томікаў да нас таксама не дайшлі. Магчыма, урыўкамі з іх з'яўляюцца апавяданні пра драўлянага дзядулю і жанчыну-авадня, якія часткова змешчаны ў альманаху «Рубон».
Не маючы магчымасці друкавацца па-беларуску, у апошнія гады свайго жыцця Баршчэўскі амаль цалкам перайшоў на польскую мову. Аднак яго польскія творы (балады «Дзве бярозы», «Дзявочая крыніца», «Пачаноўская гара на Русі», «Русалка-зводніца», паэма «Жыццё сіраты») таксама заснаваны на беларускім фальклорным і бытавым матэрыяле. У іх моцна адчуваецца ўплыў польскіх рамантыкаў, асабліва маладога Міцкевіча. Гэтым уплывам тлумачыцца адыход Баршчэўскага ад рацыянальнага класіцызму, захапленне фальклорам, побытам народа, цікавасць да нацыянальнай ідэі. Услед за польскімі рамантыкамі паэт адмаўляе навакольную рэчаіснасць, супрацьпастаўляючы ёй грамадства, заснаванае на справядлівасці і любві да бліжніх. Ён верыць у дзейснасць мастацкага слова. Музыка ў паэме «Жыццё сіраты», чый вобраз у многім аўтабіяграфічны, хоча «заспяваць людзям велічны гімн», які «развее чорныя хмары і збудзіць скалы».
Читать дальше