Звернем увагу на апошнія два радкі. Як бачым, герой-апавядальнік (а разам з ім і аўтар) абураецца бяспраўем прыгонных сялян. Ён поўны рашучасці знішчыць панства, хаця за гэта пагражаюць цялесныя пакаранні («паб'юць штаны»). Яшчэ выразней «бунтарскі» настрой сялян выказаны ў фрагменце, які ў прадмове Падбярэскага, відаць, па цэнзурных меркаваннях быў заменены шматкроп'ем, аднак шчасліва захаваўся ў спісе, знойдзеным у час вобыску ў П. Багрыма (сам Багрым наўрад ці ўносіў бы змены ў тэкст):
Дзецюкі! Худа нам жыць,
Пакіньмо прыгон служыць,
Зробім вольнасць, і урэч
Нас ўраднік не будзе сеч.
Ці мы людзі не такія,
Што нам. угрозы ўсякія?
Такім чынам, у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі даволі пераканаўча паказаў пакутлівасць жыцця прыгонных сялян, іх неадольнае жаданне зрабіць урэшце «вольнасць». Больш таго, аўтар сімпатызуе гэтаму жаданню, гэтым бунтарскім настроям. Сімпатызуе? А як жа тады быць з антыпатычным Мінкам, які кіруе «рабункамі»? А як быць з асуджэннем «рабункаў», якое прыкметна ў першых радках верша?
Каб адказаць на гэтыя пытанні, звернемся да тлумачэнняў Р. Падбярэскага. Ён піша, што памеры прадмовы (наўрад ці толькі памеры) не дазвалялі яму цалкам прывесці твор, напісаны ў адпаведнасці «з вядомым у ваколіцы выпадкам у маёнтку п. Маліноўскага ў Шнітаўках, 50 вёрст ад Полацка, у 1812 годзе». Значыць, Баршчэўскі апісаў канкрэтны выпадак. Значыць, і да самога твора трэба падысці вельмі канкрэтна.
Прыгадаем, што адбывалася ў 1812 годзе. Калі французы акупіравалі беларускую зямлю, сімпатыі мясцовай шляхты падзяліліся. Прапольская яе частка стала на бок французаў. Але не менш аказалася патрыётаў, якія не здрадзілі свайму краю. Відаць, да іх ліку належаў і гаспадар Шнітавак Маліноўскі. Бо інакш чым вытлумачыць той факт, што рабаваць двор загадалі французы і што гаспадар хаваўся (магчыма, з партызанскім атрадам) у лесе (у віцебскай публікацыі 1864 года прама гаворыцца: французы «паноў нашых у лес загналі»)? Са сваім прыхільнікам акупанты абышліся б зусім інакш...
Са сказанага вышэй лёгка напрошваецца вывад: у «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі асуджае не сялянскае паўстанне наогул (апошнія два радкі публікацыі Падбярэскага і варыянт, знойдзены ў Багрыма, сведчаць, хутчэй, аб адваротным), а звычайны грабеж, інспіраваныя чужаземцамі «рабункі». Менавіта французы «казалі пазбіраць» сялян, каб тыя нішчылі дабро іх праціўніка. Менавіта яны абуджалі ў «мужыкоў» самыя нізкія інстынкты, «пахваляючы» за грабеж. І хто ж узначальвае ўвесь так званы «бунт»? Антыпатычны Мінка, пра якога ў каментарыях Р. Падбярэскага сказана, што гэта —таксама рэальная асоба, лакей пана Маліноўскага. Наўрад ці было такому «худа» жыць на панскім хлебе («пуза, як барабан»!)... Як бачна з тэксту, Мінкава «крытыка» існуючага ладу мае чыста вонкавы характар. «Новыя» паны не падабаюцца Мінку толькі таму, што яны
Палы сабе паабразалі,
Хвасты ззаду падзякалі (мабыць, паадсякалі.—А. М.).
І цяпер ужо ўсякі
Кусай ззаду...
У «Рабунках мужыкоў» Баршчэўскі не «ганьбіць» рэвалюцыйныя выступленні сялянства. Якая ж тут рэвалюцыйнасць быць сляпымі выканаўцамі волі акупантаў?! Аўтар асуджае толькі сялянскія рабункі, якія ў спецыфічных умовах 1812 года ператвараліся ў звычайнае марадзёрства. Рабункі ёсць рабункі і не болей!
Побач з тым нельга таксама, зыходзячы з апошніх радкоў верша, сцвярджаць, як гэта рабіў у свой час А. Хлябцэвіч, што ў «Рабунках мужыкоў» паказана «класавая вайна мужыкоў з панамі». У сваім вершы Баршчэўскі апісаў адзін канкрэтны выпадак, які адбыўся ў 1812 годзе. З-за абмежаванасці свайго таленту апісаў даволі павярхоўна, не ўзняўся да мастацкага абагульнення, але ўвогуле ў адпаведнасці з гістарычнай праўдай і сапраўднай расстаноўкай сіл. У 1812 годзе лінія барацьбы пралягала зусім не там, дзе яе бачыў А. Хлябцэвіч. «Вайна мужыкоў з панамі» была тады толькі на руку акупантам, і яны імкнуліся яе пашырыць на захопленай рускай тэрыторыі.
І ўжо зусім іншая справа, што потым, калі прызабылася рэальная першааснова верша, «Рабункі мужыкоў», асабліва іх заключная частка з заклікам «пакіньмо прыгон служыць», маглі рэвалюцыйна ўздзейнічаць на сялянства. Калі «мужыкі» маглі напасці на панскі двор па чужой волі, то чаму б гэта не паўтарыць ім па сваёй, паўтарыць актыўна і пры больш зручных для айчыны абставінах?! Мне здаецца, што (хацеў таго аўтар ці не) менавіта такі вывад рабілі чытачы верша ў 20-40-я гады мінулага стагоддзя. Інакш нельга вытлумачыць тую папулярнасць, якую заваявалі «Рабункі мужыкоў» у тагачасным сялянскім асяроддзі. Інакш застанецца незразумелым, чаму Р. Падбярэскі, чалавек перадавых поглядаў, сцвярджаў з усёй катэгарычнасцю, што менавіта «Рабункі мужыкоў» паставілі іх аўтара «на чале сапраўды нацыянальнага беларускага пісьменства».
Читать дальше