— I не саджаюць, і самі не растуць: у іншапланецян купляем. Дурняў (хай брат даруе мне) пакідаюць на Прывідусе, а разумных на Зямлю высылаюць. А якое ж жыццё без дурняў?! Думаю, з урадам Прывідуса дамову заключым. Мы вам аднаго дзівака, а вы нам сем дурняў!
Усе зноў у рогат. Смяяліся вучоныя, студэнт, мой брат, а пляменнік ледзь з крэсла не зваліўся. Бачу, сімпатыі на маім баку. Давай ужо сур'ёзна расказваць пра Зямлю, яе прыроду, насельнікаў. Я, каласочкі-красачкі, не прахвесар, але па слова ў кішэню не лез. На кожнае пытанне меў адказ. Хаця адкуль мне ведаць, колькі акул у Ціхім акіяне ці пігмеяў у Аўстраліі? Хітрыць давялося. Маўляў, адны вучоныя кажуць столькі і столькі, а па падліках іншых крыху больш. Аж лоб узмакрэў ад тых хітрыкаў. Не прывык Манюкін маніць.
Нарэшце апошняе пытанне. Задаў яго карэспандэнт той самай газеты, што двойчы назвала мяне варварам.
— Ці думаеце вы, спадар Манюкін, вярнуцца дадому? Там вам засталося жыць не больш як трыццаць гадоў, а на Прывідусе ажно дзвесце. Што вы выбераце, кароткі век з каўбасой ці доўгі з таблеткамі?
Глянуў я на брата, на пляменнікаў, абвёў вачыма залу. Усе прыціхлі. Няпростае пытанне. Тут не пра любошчы пытаюць і не пра чарцей-ведзьмаў.
— Выберу, — кажу, — каўбасу. Пах яе мне нават у сне ноздры казыча. Глытайце свае таблеткі самі. Люблю я траву касіць, рыбу лавіць, песні з бабай Аўдоляй спяваць, казкі ўнукам баяць, На жаль, не жыць мне дзвесце год! Каб і застаўся на Прывідусе, то памёр бы ад нэндзы. Так што не памінайце ліхам!
…Цэлую ноч прасядзелі мы з братам і пляменнікамі. Ці давядзецца яшчэ калі-небудзь сустрэцца?
Брат падарыў мне на дарогу касету з незвычайнай музыкай і два невялічкія шарыкі, якія я павінен быў адразу ж праглынуць.
— Адзін паможа табе стаць найвялікшым кухарам, другі — лекарам! — сказаў Праўдзін. — Ніхто не прыгатуе такой неэвычайнай сёрбанкі, як ты. 1 яшчэ ты будзеш разумець мову зёлак.
Падзякаваў я за падарункі, пракаўтнуў шарыкі, а рана раніцай развіталіся мы з братам, сеў я ў зоркалёт, і робат за некалькі хвілін даставіў мяне да сушні.
Дома ўжо чакалі баба і ўнукі. На стале стаяла мачанка, дыміліся бліны. Дзіва!
— Адкуль вы даведаліся, што я менавіта сёння вярнуся? — спытаў неўзнарок.
— Дык учора паштальёнка тэлеграму прынесла! — крыкнулі ўсе разам.
Мне нічога не заставалася, як сесці за стол.
I які гэта дурань прыдумаў рэкі выпрамляць? Не было ў яго сэрцы бога. Мусіць, у дзіравым корабе нарадзіўся. Выпраміць бы яму ўсе звіліны ў неразумнай макаўцы.
Без рэчкі вёска не вёска, а чалавек — паўчалавека. У яго, дальбог, душа драбнейшая за гарошыну. Не бачыў ён, як купаюцца ў вадзе месяц і зоры, не чуў, як спяваюць салаўі ў прырэчных лазняках. Ды што там казаць, усе нашы паэты-землякі выраслі на беразе рэчкі. I Крапіва, і Трус, і Бялевіч, і мой аднавясковец Якімовіч, дарэчы, як і я, казачнік. Хай казачнік не паэт, але ж добрую казку, што і песню, не проста скласці. Даўно няма Алеся Якімовіча, а ўсе ведаюць казку пра каваля Вернідуба і яго маці Параску.
Яшчэ гадоў дваццаць назад у нашай Уздзянцы вадзіліся трохпудовыя самы, велізарныя шчупакі і язі. А колькі было акунёў, лінёў, мянькоў, яльцоў і плотак! Ледзь не з кожнай нары паказваў хвост рак-вусач. Сплыло ўсё гэта, адышло, і ўжо не бруіць рэчка. Хіба павернецца язык назваць зарослую асакой і макрыцай канаву Уздзянкай?
Так ці гэтак, але даўным даўно жыў у нашым Чурылаве заўзяты рыбалоў. Не ведаю ўжо, якое імя далі яму бацькі, але людзі ахрысцілі яго Сомікам, бо ён быў чымсьці падобны на сома. Маленькія чырвоныя вочкі, прыплюшчаны нос, шырокі зубасты рот і даўжэзныя вузенькія вусы. Твар дробненькі, вечна злосны. Калі і з’яўлялася на ім усмешка, то нахабна-іранічная.
Жонка і дзеці не ўжыліся з Сомікам, сышлі з дому, і ён застаўся адзін. Жыў Сомік з ракі. Калі не спаў, то сетку плёў ці рыбу лавіў. А рыбак ён быў удачлівы. Штодзень прыпіраў дадому тры, а то і чатыры вялізныя торбы рыбы. Высыпле яе ў глыбокія драўляныя ночвы, сядзе на лаву і пасміхаецца. Прыемна назіраць яму, як ловяць адкрытым ротам паветра шчупакі, як б" юцца аб край ночваў, падскокваюць яльцы і акуні. Глядзіць, смяецца, як з гары едучы.
Лавіў Сомік рыбы так шмат, што не паспяваў яе ні спажываць, ні прадаваць. Не з’есць — сабакам выкіне, а з суседам нават драбнарыбіцай не падзеліцца. Як маладзейшы быў, тады-сяды адпусціцца, занясе родзічам маленькую місачку плотак ці печкуроў. Трасецца, каб не перадаць. Кпілі суседзі: адной рукой дае, а другой адбірае.
Читать дальше