Уладзімір Караткевіч
Казка пра Пятра-разбойніка
Валэндаецца па зямлi пракляты Пётр-разбойнiк. Твар у яго чарнейшы за зямлю, не можа ён вачыма людзям у вочы глядзець.
Шмат часу хадзiў ён на жыр i людзей рэзаў. Пакуль паноў забiваў — усё яму даравалася, а калi ўзяўся за простых — напала на яго чорная хвароба: твар зрабiўся такiм, што сiтам не накрыеш, каўтун галаву пакрыў, абляпiлi цела скуллi, уцякаюць ад яго людзi, баючыся заразы.
Рэжа ён дзень i ноч без просыпу, ды сумлення нi ў якой крывi не затопiш. Забiвае ён дзядоў, немаўлят за ногi вешае, толькi пачаў адчуваць кожны раз, што лепш бы ў сябе нож уватхнуць, чымсьцi ў другога.
Iшоў ён аднойчы ўноч некуды i стаў на раскрыжаваннi шляхоў: страшна яму зрабiлася. Насупраць, над шляхам, працягнулася галiнаю сухое дрэва, а на iм пугач сядзiць i вогненнымi вачыма глядзiць.
I зразумеў Пётр-разбойнiк — няма яму даравання ад простых людзей, няма i не будзе нiколi.
— Скажы, зямля, — пытаецца Пётр-разбойнiк, — як мне ў цябе дараванне заслужыць?
Цяжка ўздыхнула зямля:
— Не, Пётр-разбойнiк, не будзе табе даравання. Толькi што… вунь ля разбуранага млына ляжаць на зямлi трохпудовыя жорны. Уздзень iх сабе на шыю i пакуль не сатрэш iх уласнаю шыяю на порах, пакуль не луснуць яны i не разваляцца на тваiх рамёнах — не быць табе дараванаму.
Цяжка ўздыхнуў Пётр-разбойнiк, нахiлiўся, ускiнуў на шыю жорны i пайшоў. I што ён толькi з той пары не рабiў: i зямлю розным бедакам араў, i лясы карчаваў, i памiраючых ратаваў, i гарады будаваў — нi крышачкi не сцёрлiся жорны. Няма даравання таму, хто кроў сялян пiў, вiсiць яна цяжарам вялiкiм на iм да сканчэння веку.
Зноў прывалокся Пётр-разбойнiк пад сухое дрэва, згубiўшы ўсялякую надзею на выратаванне. Плакаў там тыдзень — маўчыць зямля. Пустэча. Прайшлi гады, а наперадзе тая ж цемра. Няма даравання!
Толькi падняўся ён, аж раптам, бачыць, сядзiць нейкi чалавек i на магiлу мацеры плюе i зямлю родную лае.
— Гэ-эх, — зiтхнуў Пётр-разбойнiк, — ну й падла. Забiваў я шмат людзей, дык няўжо яшчэ за гэткую гнiду мне на душы граху пабольшыцца. Дай яму напрач сальнiк выпушчу, бо, дзякаваць чорту, нож заўсёды пры мне.
Падышоў ззаду да таго, хто на матчыну магiлу пляваў i зямлю родную лаяў, ды й пярэснуў яго навотлiў нажом. I толькi ён зрабiў гэта, як раптам палiў цёплы дождж i змыў з яго каўтун i балячкi.
Навальнiца пачалася, сiняй стралою блiскаўка палахнула, i за громам не пачуў Пётр-разбойнiк, як з гулам луснуў камень i жорны на яго рамёнах распалiся на дзве паловы i рассыпалiся ў порах.
I ўпаў тут Пётр-разбойнiк на зямлю i заплакаў, бо лепей за ўсё — не быць адшчапенцам мацеры-зямлi i калi трэба — пусцiць за яе ў ход нож. I плакаў Пётр-разбойнiк, а вакол пасля дажджу блiшчэлi лiсты i звонка падалi на зямлю празрыстыя кроплi, быццам уся зямля плакала ад шчасця разам з iм.