Вось прынёс воўк барана, аблупіў, стаіць і думае. Глядзіць — і мядзведзь прэцца з быком.
— Дзень добры, Міхал Іванавіч!
— Здароў, брат Лявон! Што, не бачыў лісіцы з мужам?
— Не, Міхал Іванавіч, сам іх чакаю.
— А ты схадзітка да іх, пакліч,— кажа мядзведзь ваўку.
— Не, не пайду, Міхал Іванавіч. Я непаваротлівы, ты лепш ідзі.
— Не, не пайду, брат Лявон. Я касматы, касалапы, куды мне!
Раптам — ні адсюль ні адтуль — бяжыць заяц. Воўк і мядзведзь як закрычаць на яго:
— Хадзі сюды, касавокі!
Заяц ажно прысеў, вушы на спіну паклаў.
— Ты, заяц, паваротлівы і на нагу лёгкі: збегай да лісіцы, скажы ёй, што мядзведзь Міхал Іванавіч з братам Лявонам Іванавічам даўно ўжо гатовы, чакаюць цябе, значыцца, з мужам, Катафеем Іванавічам, хочуць пакланіцца бараном ды быком.
Заяц прыпусціў да лісіцы на ўсю моц. А мядзведзь з воўк пачалі думаць, дзе б гэта ім схавацца.
Мядзведзь кажа:
— Я палезу на хваіну.
А воўк яму кажа:
— А я куды дзенуся? Я ж на дрэва не ўскарабкаюся? Схавай мяне куды-небудзь.
Мядзведзь схаваў ваўка ў кустах, заваліў сухім лісцем, а сам залез на хваіну, на самую макаўку, і пазірае, ці не ідзе Катафей Іванавіч з лісіцаю.
Заяц тым часам прыбег да лісіцынай нары:
— Мядзведзь Міхал Іванавіч з ваўком Лявонам Іван-вічам прыслалі сказаць, што яны даўно чакаюць цябе з мужам, хочуць пакланіцца вам быком ды бараном.
— Бяжы, касавокі, зараз будзем.
Вось і пайшлі кот з лісіцаю. Мядзведзь убачыў іх і кажа ваўку:
— Нейкі ж ваявода Катафей Іванавіч дужа маленькі!
Кот адразу ж кінуўся на быка, поўсць натапырыў, пачаў ірваць мяса і зубамі і лапамі, а сам мурчыць, нібыта злуецца:
— May, мау!..
Мядзведзь зноў кажа ваўку:
— Невялікі, ды пражэрлівы! Нам учатырох не з'есці, а яму аднаму мала. Чаго добрага, ён і да нас дабярэцца!
Захацелася і ваўку паглядзець на Катафея Іванавіча, ды скрозь лісце не відаць. I пачаў воўк ціхенька разграбаць лісце. Кот пачуў, што лісце шамаціць, падумаў, што гэта мыш, ды як кінецца — і проста ваўку ў пысу кіпцюрамі ўчапіўся.
Воўк перапужаўся, усхапіўся і давай уцякаць.
А кот сам спалохаўся і сігануў на дрэва, дзе сядзеў мядзведзь.
«Ну,—думае мядзведзь,— убачыў ён мяне!»
Злазіць яму не было калі, вось мядзведзь як чмякнецца з дрэва вобземлю, усё нутро адсадзіў, падхапіўся ды наўцёкі.
А лісіца наўздагон крычыць:
— Уцякайце, уцякайце, каб хаця ён вас не пазадзіраў!..
З таго часу ўсе звяры пачалі ката баяцца. А кот з лісіцаю прызапасілі на ўсю зіму мяса і пачалі жыць ды пажываць. I цяпер жывуць.
ЯК ЛІСІЦА ВУЧЫЛАСЯ ЛЯТАЦЬ
Сустрэўся з лісіцаю журавель:
— Што, лісіца, ці ўмееш лятаць?
— Не, не ўмею.
— Садзіся на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Падняў яе журавель высока-высока.
— Што, лісіца, ці бачыш зямлю?
— Ледзь бачу, з аўчынку зямля здаецца!
Журавель і скінуў яе з сябе. Лісіца ўпала на мяккае месца, на капу сена.
Журавель падляцеў:
— Ну як, умеет, лісіца, лятаць?
— Лятаць-то ўмею — садзіцца цяжка!
— Сядай зноў на мяне, навучу. Села лісіца на жураўля. Яшчэ вышэй падняў ён яе і скінуў з сябе.
Упала лісіца на балота: на тры сажні правалілася ў зямлю.
Так лісіца і не навучылася лятаць.
ГЛІНЯНЫ ХЛОПЕЦ
Жылі-былі дзед ды баба. Не было ў іх дзяцей. Баба і кажа:
— Дзед, дзед, вылепі з гліны хлапчыну, нібыта і сын будзе.
Дзед вылепіў з гліны хлапчыну. Паклаў яго на печ сушыць. Высах хлопец і пачаў прасіць есці:
— Дай, бабка, малака кадушку ды бохан хлеба з падушку.
Прынесла яму баба гэта, а ён з'еў усё і зноў просіць:
— Есці хачу! Есці хачу!
I з'еў у дзеда з бабай увесь хлеб, выпіў усё малако і зноў крычыць:
— Есці хачу! Есці хачу!
Няма чаго яму больш даць. Гліняны хлопец саскочыў з печы і з’еў бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай — і падаўся на вуліцу.
Ідзе насустрач бык. Гліняны хлопец кажа яму:
— З’еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай— і цябе, бык, з'ем!
Ды і з'еў быка.
Ідзе далей. Насустрач дрывасекі з тапарамі. Гліняны хлопец і кажа:
— З'еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай, быка з рагамі — і вас усіх з'ем.
I з'еў дрывасекаў з тапарамі.
Ідзе далей. Насустрач яму мужыкі з косамі ды бабы з граблямі.
Гліняны хлопец ім кажа:
— З'еў я хлеба пяць боханаў-падушак, малака пяць кадушак, бабку з прасніцай, дзядка з кавенькай, быка з рагамі, дрывасекаў з тапарамі — і вас усіх з'ем!
Читать дальше