Радзівіл (здзекліва). Адно мне шкада, Карпач, не танна мне вашае здыхла выйдзе. Гэта ж аж чатыры такія шкуры ўшчэнт, у дробныя шматкі.
Карпач. Ты, князь, дарма ганарышся ашчаднасцю і скупасцю. Ты самы шчодры ў свеце. Бо ты здохнеш без дзяцей, а грошы – усе! – пакінеш братам, якіх ненавідзіш. Ворагам. I яны будуць смяяцца й жэрці твой набытак.
Цялецкі. Пястжэцкі, ды вядзі ты яго. До!
Вецер. I праўда, досыць камедыі. Не атрымалася твая кумедзь, княжа. I не атрымаецца. Ты не бог. Бацька Антох сказаў бы, што ты чорт смалены з бурага балота, Лаўрэн – што ты шатанская сіла. Карпач – што ты паршук і шкарадзь. А я табе скажу, што ты й на чорта рылам не выйшаў. Чучала ты. Асклізлы шыцік, чарвяк з дзярма.
Ідзе да дзвярэй.
Гэтыя – яны здохнуць, людзі! А за намі... за намі святло нябёсаў. Даруй мне, люд, калі чым саграшыў табе. Дзякуй і табе, маці Агна.
Апусціўшы маску, Вецерпераступіў парог.
Радзівіл (з клёкатам у горле). Вядзі сабак, кат.
Кат. Княжа (распластаўся на зямлі). Княжа, не смею.
Радзівіл. Я сказаў. Ведаеш, чым пахне?
Кат. А хаця і самога да іх. Не смею.
Радзівіл. Капітан.
Капітан (дастае шпагу). Магу засячы і не міргну.
Радзівіл. Ну.
Капітан. Я ўсё ж воін, а не псяр.
Радзівіл. Пястжэцкі, ідзі аддай загад псярам. А то ў гэ-гэ-гэ-тых псяроў кішкі сла-слабыя.
Той пайшоў. Праз некаторы час за мурам сабачы брэх.
Цялецкі. Што буйвалы. Адзін пёс лоб у лоб мядзведзя бярэ.
Пёкур. А тут іх дваццаць на чатырох.
Радзівіл (нервова). Ды-ды-ды што, урэшце, цягнуць? Пяст-жэцкі!
Пястжэцкіпадымаецца на галерэю.
Што там?
Пястжэцкі. Муляюцца псяры.
Радзівіл. Спушчай, іначай усіх на кол!
Бачко. Людзі! Сведчыце ўсе, калі каму казаць будзеце. Князь наш зараз абмочыцца са страху.
Iлья. Сынкі! Трымайцеся! Яны свой агонь самі замочуць.
Каршук. Жолнежы, узяць!
Радзівіл. Гэта той, гэта пасол! Варта!
Вартаідзе да левых сходаў, і ў гэты момант шалёны брэх і рык зграі.
Магда. Пусцілі! Пусці-і-ілі! Пусцілі сабак!
Вартаспынілася. Агульнае замяшанне, спалоханы енк, стогны, лямант адчаю і плач сярод людзей. Брэх за мурам. Гучныя, перападам, басы: “Бам-бам! Там-бам!”
Радзівіл. Дзе яны?
Цялецкі. Няма.
Бачко, Ільіі Хмызасапраўды няма. Стаяць толькі, як скамянелыя, Магдаі Агна. А за мурам нястрымнае гаўканне, хрыпенне, брэх, віск, рык, клёкат праз забітыя поўсцю пашчы. I ачумелае, шалёнае гырканне неўтаймаванай бойкі, нібы дзве ваўчыныя гайні б’юцца не на жывот, а на смерць. I не звычайныя ваўкі, а казачныя, жалезныя.
Радзівіл. Вось яны, псы мае. Душы іх, ірві, шматай!
Магда. Б’юцца. Б’юцца! Псу хрыбет зламалі. Другому. Упаў нехта. Яшчэ два сабакі... Нехта другі ўпаў.
Сладастраснае, хцівае гырканне.
Пятага пса забіў нехта... Сёмага... Божа, нашто доўжыць мукі?!
Радзівіл. Дзесяты пёс. Яны мне перакалечаць зграю. А-а, адольваюць. Хапай іх! Ірві!
Жалезны брэх.
Як той жалезны воўк, які прарочыў узнікненне радзімы!
Пёкур (ціха). Жалезны воўк, які, мабыць, прарочыць развал радзімы.
Пястжэцкі. Адзін застаўся. Цікава, хто гэта?
Капітан. Дас іст мір айнерляй. Аднолькава. Паўсюль у свеце такая... такая (узняў палец) айнзамкайт. Самота.
Каршук. Вецер самотны.
Кат. Самотны Вецер.
Страшны сабачы рык.
Радзівіл. Узяў!
Голас Ветра. Клічу на страшны суд! Клічу. Клі... (Голас абарваўся.)
Радзівіл. Скончана.
Пёкур. У с ё скончана.
Маўчанне. Усе стаяць, нібы ашаломленыя тым, што нарабілі.
Агна (ціха). Колькі мёртвых. Я забіла яго, Магда.
Магда. Ну, не плач, не плач.
Ціха плачуць адна ў адной на плячы.
Магда. Саба-акі.
Задаволены, залівісты брэх і бурчанне сабак за мурам.
Бывай, Лаўрэн. Я не абяцаю табе вернасці. Наадварот, я буду... з кім напрапалую. Толькі не з добрымі. Я... унь з такімі, як тыя. Калі некаму, крый божа, сёння пашанцуе выслізнуць. Ты даруй мне гэта, Лаўрэн. Гэта будзе мая мядзведжая шкура. Не твая, славутая ды грымучая, а мая, ганебная. Ну ды ўсё адно. Ты ім так проста не сыдзеш з рук. Даруй мне, Лаўрэн.
Читать дальше