Мефістофель
Пакінуты аднойчы родны край
І чорту дарагі, як богу рай.
Што за пачвара там гняздзіцца
Трайная? Мо ў вачах траіцца?
Дрыяда
Там фаркіяды! Падыдзі! Кабеты
Ў эстэтыку ўвядуць і ў этыкеты.
Мефістофель
Чаму б і не? Мне хараство ўласціва!
Эге! Тут болей дзіва чымся піва,
Агіда сутаргай мне зводзіць пысак.
Лепш здохнуць, чым яшчэ хоць раз
Такіх убачыць адалісак,
Такіх страшыдлаў і зараз.
Ды гэта проста — як кашмар!
Падумаць толькі — тых пачвар
Яшчэ й антычнымі завуць!
Мы выспяткамі з пекла прэч
Прагналі б гэтакіх старэч! —
Бы кажаны, пішчаць, сапуць.
Фаркіяда {192} 192 Фаркіяды — тры дочкі марскога бога Форкіса (Форка, Морака) і Кето (бяздонне). На траіх яны мелі адно вока і адзін зуб. Сімвалізавалі старасць і брыдоту.
Падайце вока мне, зірну я,
Хто гэта ў госці ўжо шыбуе.
Мефістофель
Шаноўныя!
Прыміце мой трайны паклон!
Вам не знаёмы я, але спакон
Я родзіч ваш з пабочных ліній.
Наведаўшыся ў вашыя святыні,
Багіням Опс {193} 193 Багіням Опс і Рэі біў чалом . — Опс (Опа) — міфічная рымская багіня пасеваў і ўрадлівасці.
і Рэі біў чалом,
Сустрэў дачок Хаоса — німф і парак —
Сябровак вашых і таварак.
І хоць багата вартых скрозь было,
Аднак не бачыў вам раўні ні разу.
Не маю слоў на паўнату расказу.
Фаркіяды
А ён не дурань — дэман гэты.
Мефістофель
Адно здзіўляе, — што паэты
Не склалі гімнаў, што партрэты
Яшчэ не пісаны ў натуры —
Бо мастаку і твары вашы і манеры
Дадуць натхнення болей, чым амуры,
Чым хараство захваленай Венеры.
Фаркіяды
Самоце ночы і цямна
Забыта існая цана.
Мефістофель
Як можна ў змрочышчы пячор
Глуміць адзіны ў свеце ўзор
Красы, пасланай вам з нябёс?
Я на алтар мастацтва вас бы ўзнёс
І ўвекавечыў бы ў скульптуры
Прынады вашае натуры.
Фаркіяды
Маўчы, навошта нам спакусы,
Якімі цешацца какоткі музы.
Мы — дзеці ночы; у антычным клане
Трымаемся на заднім плане.
Мефістофель
Тым больш патрэба і ў рэкламе!
На трох па зубу маеце, па воку.
Без шкоды смаку вашаму і зроку
Узмоцнім мы міфічны дух,
Істоты трох злучыўшы ў дзвюх,
Аддаўшы трэці мне партрэт
На дасягненне гэтых мэт.
Адна фаркіяда
Дзве другія
Мефістофель
А мой ты д’ябле, — ўвесь разлік —
Якраз на вашым зубе.
Адна фаркіяда
Мілы кавалер,
Заплюшчы вока, зуб ашчэр,
Зацісні ці заклей наздру,
Падобны будзеш на сястру —
У профіль станеш акурат,
Бы наш адзінакроўны брат.
Мефістофель
Фаркіяды
Мефістофель (у абліччы фаркіяды, у профіль)
Прымай жа позу! —
Найлепшы з лепшых, сын Хаосу!
Фаркіяды
Мы дочкі, сёстры, ў нас жаночы від!
Мефістофель
Якая ганьба! Я — гермафрадыт!
Фаркіяды
Цяпер мы знаем тайну хараства!
Цяпер у нас усё — на двух па два!
Мефістофель
Жывое пудзіла! Баюся, што браты
Дадуць ад страху з пекла лататы.
Выходзіць.
Скалістыя затокі Эгейскага мора
Нерухомы месяц у зеніце.
Сірэны (атабарыўшыся на скалах, спяваюць пад флейты)
Памятаеш, як вядзьмаркі,
Фасалійкі-недавяркі
Трон царыцын подла ў хвалі
З неба скінуць спрабавалі?
Нас не крыўдзі: глянь, царыца,
Як затока ў ззянні льсніцца
У паўзмроку пад табою
Пад нязмоўчны шум прыбою.
Услужыць табе прыемна,
О прыхільная Селена.
Нерэіды і трытоны {194} 194 Трытоны — міфічныя марскія істоты з чалавечым торсам і хвастом дэльфіна, абаронцы мараходаў.
(у вобразе марскіх дзіваў)
І пад гімн салодказвонны
Нерэіды і трытоны
Выплываюць з пенных вод
І ў затоцы з гладдзю чыстай
Пад апекай Прамяністай
Пачынаюць карагод.
На ўрачысты фэст у моры
Мы святочныя уборы,
Бранзалеты і каралі
На сябе панадзявалі.
Розных шмат у нас аздоб.
Каб не вы, марскія дзевы,
Каб не зваблівыя спевы —
Дык і скарбаў не было б.
Читать дальше