Мы ўжо збегліся ў гурму,
Як — не ўцямім нават самі.
Не пытайцеся, чаму
Захацелася быць з вамі.
Без прэтэнзій да жытла
Жыць усюды мы гатовы —
Дасць нам кожная скала
І прыстанішча і сховы.
Карл і карліца ў сям’і
Выгадуюць дзеці.
Невядома, ці ў раі
Лепей, ці на гэтым свеце.
Жыць патроху, спакваля
Будзем тут у поўнай згодзе —
Маці шчодрая зямля
І на захадзе, й на ўсходзе.
Дактылі
Калі за ноч зямля пігмея
Змагла стварыць, то, пэўна, ўмее
Узгадаваць і меншы плод;
Мы ж — самы дробненькі народ.
Старшыя над пігмеямі
Спрытна спяшайце,
Месца займайце:
Спорыцца праца —
Сілы дадасца.
Кузню будуем —
Потым ваюем;
Выкуем зброю
Ў часе спакою!
Трушчыце скалы —
У іх металы.
Рыйце, капайце,
Ўсё даставайце.
Гэй вы, драбнота! —
Ёсць вам работа.
Зносьце да кучы
Голле і сучча,
З сучча і голля
Будзе вуголле.
Генералісімус
Стрэлы і лукі
Хутчэй у рукі!
Чапліны крылы
Рэчку закрылі;
Вір закруцілі,
Ваду замуцілі!
Славу памножым! —
Пагібель цяпер ім.
Чапліным пер’ем
Шаломы ўпрыгожым.
Мурашкі і дактылі
Грабяць паны!
З нашае сталі
Нам кайданы
Яны скавалі!
Прыйдзе наш час,
Папомняць і нас!
Івікавы жураўлі {188} 188 Івікавы жураўлі .— Івік — грэчаскі паэт, забіты грабежнікамі па дарозе на істмейскія гульні; жураўлі, якія бачылі злачынства, выдалі забойцаў.
Крык забойцаў, стогны птах,
Лопат крылаў, енкі з плёсаў,
Жудасць і смяротны жах
Далятаюць да нябёсаў.
Птушкі чаплі перабіты,
Іх крывёю жвір заліты;
Крыважэрныя зладзеі —
Таўстапузыя пігмеі
Увайшлі ў дзікунскі раж,
Рвуць іх пер’е на плюмаж!
О чароды журавоў!
Кліча вас забітых кроў,—
Дык збірайся ж, род крылаты,
На адпомсту, на расплату!
Не шкадуй, аддай сябе
Векавечнай барацьбе!
(З крыкам разлятаюцца.)
Мефістофель (на раўніне)
Да ведзьмаў я на поўначы ахвочы,
А тут нядобра мне — бяруць у пугі.
О мілы Брокен! Твае ночы
У сто раз лепш чужых Вальпургій.
Там Ільзаз каменя глядзіць чароўна,
На варце Генрыхтам, і Сапуны
На Элендскаляцца — усе яны
Стаяць стагоддзямі, грунтоўна.
А тут ідзеш, цікуеш спакваля,
Каб пад табой не трэснула зямля
Альбо гара якая ці скала
Убок з дарогі не звяла,
Бо так пасля і ў чыстым полі
Я сфінксаў не знайду ніколі.
Агні гараць! Іскрыцца дол,
Лунаюць здані навакол.
Вось гурт дзяўчат плыве
І да сябе прывабліва заве.
Да іх! Дзе толькі асалоду ўбачу,
Туды іду лавіць удачу.
Ламіі (вабячы Мефістофеля)
Бяжым, дзяўчаткі!
Не без аглядкі
Спяшайма прэч!
Бо нам пацешна,
Нам вельмі смешна
Дурыць старэч!
Такі рухавы,
Хоць і кульгавы,—
Прастуе ўслед!
Ах, сэрцаед! —
То спатыкнецца,
То падвядзецца,
І наўздагон
Шыбуе ён!
Мефістофель (апамятаўшыся)
Мужчын з часоў, як жыў Адам,
Ачмурыць кожная мадам.
Бо розуму як кот наплакаў —
У закаханых небаракаў.
І ведаю ж: інтэрас у кабет —
Памада, пудра ды гарсэт,
Аж часам не відаць з-пад тынку,
Ці файную ўхапіў жанчынку.
Ох, і набраўся з імі я марокі…
А файная міргне, — пацягне ў скокі.
Ламіі (спыніўшыся)
Спыніўся, думае, не рады.
Дамо яму яшчэ прынады.
Мефістофель (прастуючы да іх)
Смялей ідзі на абардаж,
За кудлы дзеўку — і на борт.
Які ж я, зрэшты, буду чорт:
Без ведзьмы — траціць чорт кураж!
Ламіі (завабліва)
Не цурайцеся, дзяўчаты,
Наш герой — нішто сабе,
І напісана на лбе,
Што яшчэ ён не пачаты.
Мефістофель
У прыцемках спакусніцы — што трэба,
Нібыта дочкі бога Феба.
Эмпуза {189} 189 Эмпуза — міфічная аднаногая пачвара, спадарожніца багіні Гекаты, магла пераўвасабляцца.
(уварваўшыся)
А вось і я! Вясёлыя галузы,
Ці ёсць у вас тут месца для Эмпузы?
Ламіі
Сыдзі з дарогі, брыдкае страшыдла,
Не прыставай, ты нам абрыдла.
Эмпуза (Мефістофелю)
Табе сваячкаю карга:
Ў мяне ж асліная нага,
Ты з капытом — а ўжо ж такі
З табой, кумок, мы сваякі.
Мефістофель
Бадзяюся ў чужых краях,
А ўсюды ўсё ж радня мая.
Адно і ў Гарцы, і ў Эладзе —
Усюды з чортам чорт у ладзе.
Читать дальше