Канцлер
Прырода, дух — пад’юджвае нячысты!
Заплацяць нам за гэта атэісты! —
Занадта распладзіліся яны.
Прырода — грэх, а дух — ад сатаны!
І ў плод яднання іх уліта
Сумненняў зло, бы кроў гермафрадыта.
А ў нас ёсць, дзякуй богу, свой закон.
Ёсць дзве апоры пад дзяржаўны трон —
Царква і рыцарства; ад шкоды
Яны ўбароняць нас заўсёды;
Не дзіва, што законы нашы і правы
Шануюць гонар ордэна й царквы.
А мудрацы, як чэрнь, ім волю дай —
Ідэямі ўзбунтуюць цэлы край.
Яны — адступнікі і ведзьмары,
Уладу ганяць, бэсцяць алтары;
Ты — блазен толькі, не раўня нам,
Жартуй сабе, ды будзь рахманы,
Ты блізкі і душой і сэрцам
Схізматыкам, плебеям, іншаверцам.
Мефістофель
Фантанам плешча ваша мудрасць, пан!
Чаго не ведаеце — тое зман,
Чаго не мацалі — без ліку тое,
Чаго не схопіце — усё пустое,
Чаго не ўзважылі — усё мана,
А хто без грошай — грош таму цана.
Імператар
Нам казань і велікапосны плач
Не кампенсуюць стратаў і нястач.
Абрыдла мне спрадвечнае пытанне —
Не радца той, хто грошай не дастане!
Мефістофель
Зраблю, што ўмею: гэтай ношай
Я не намуляю плячэй —
Такую штуку ўрэзаць найлягчэй,
Але без працы не дастанеш грошай.
Вось уявіце: ў час вайны, бывала,
Калі чужынец сеяў смерць і жах,
Усе, каго навала ўпрочкі гнала,
Сваё дабро хавалі ў тайніках.
Не кожны змог да лепшых дзён дажыць.
А скарб сабе цалюсенькі ляжыць
З часоў старога, спаленага Рыма —
Належыць Вашаці зямля з грашыма. {132} 132 Належыць Вашаці зямля з грашыма. — Паводле закона Карла Вялікага («Швабскае люстра»), «усе скарбы, якія ляжаць у зямлі глыбей, чым дастае плуг, належаць каралю».
Скарбнік
Хоць дурань, а сказаць разумна ўмее! —
І сапраўды ж — царова прывілея!
Канцлер
Намовы сатаны амаль у кожным слове!
Нядобра, брыдка думаць так, панове.
Кашталян
Мне ўсё адно, ў каго браць грошы —
Ці то ў нячыстага, ці то ў святошы.
Военачальнік
Разумны дурань бачыць сутнасць свету:
Салдату горш за ўсіх — гані манету!
Мефістофель
Вы мне не верыце? Ну што ж, тады —
Спытайцеся ў вучонай барады:
Астролаг тут жа вычытае з зорак
Багацце вам, галечу і паморак.
Гоман натоўпу
І той, і гэты — звадыяш.
Як бобам сыпле дурань наш!
Адзін у песенькі канец —
Ля трона дурань і мудрэц.
Астролаг (гаворыць з падказкі Мефістофеля)
Найбольшы скарб — то Сонца залатое; {133} 133 Найбольшы скарб — то Сонца залатое. — У астралогіі таго часу былі вядомы сем планет, кожная са сваім значэннем, кожнай адпавядаў свой метал: Сонцу — золата, Меркурыю — ртуць, Венеры — медзь, Месяцу — срэбра, Марсу — жалеза, Юпітэру — волава, Сатурну — свінец.
Вястун Меркурый — прагны; ды затое
Венера не жадае людзям злога,
Уцешыць і старога, й маладога;
Цнатлівы Месяц спакушае нас;
Ваеннай сілай пагражае Марс;
Юпітэр прыгажосцю цешыць вока;
Сатурн халодны ад душы далёка:
Ён як метал, не надта дарагі —
Хоць вельмі цяжкае вагі.
Найлепш, як Сонца з Месяцам да пары!
Тады хутчэй збліжаемся да мары,
Бо двор, сады, жанчын, палац з дабром
Аплаціш золатам і серабром
І гэтым ключыкам адчыніш дзверы
Ва ўсе замкнёныя кругі і сферы.
Імператар
Падвойны голас! Толькі ж — не,
Не пераконвае мяне!
Голас з натоўпу
Што нам з таго? З пустой яго
І траскатні, і балбатні?
Не першы раз дурылі нас
І звездачот, і абармот,
Мефістофель
Стаяць, бы дурні,— як давесці
Ім шчырасць добрых прапаноў?
Адразу пра альруны плесці, {134} 134 Адразу пра альруны плесці… — Альруны (альраўны) — містычныя фігуркі з кораня мандрагоры, якія нібыта мелі цудадзейную ўласцівасць паказваць месцы захавання скарбаў.
Пра цэрбера, пра груганоў
Бяруцца ўсе. Што тут рабіць,
Калі за ўсё — чарцям пагана:
ЦІ пятка раптам засвярбіць,
Ці хто спаткнецца нечакана.
А гэта ж пульс жыцця прыроды,
Яе ўладарныя штуршкі,
Яны ідуць наверх заўсёды
З глыбінь зямлі. Калі такі
Яна вам знак сама дае,
Капайце смела і рашуча,
Вы словы ўспомніце мае —
Вас там чакае грошай куча.
Гоман натоўпу
Заныла цела, коле ў бок,
Да горла падступіў клубок,
Свярбіць пазногаць на назе,
І холад па спіне паўзе,—
Няўжо прырода намякае,
Што скарбы тут яна трымае.
Читать дальше