(Выходзіць.)
Лес і пячора {64} 64 Сцэна напісана ў 1788 г. У «Фрагменце» яна размяшчалася паміж сцэнамі «Каля студні» і «Сабор».
Фаўст (адзін)
Магутны, ўзнёслы Дух, ты даў мне ўсё, {65} 65 Магутны, ўзнёслы Дух, ты даў мне ўсё. — Маецца на ўвазе Дух Зямлі. Яго ўплыву Фаўст прыпісвае сваё пантэістычнае разуменне прыроды. Ты навучыў мяне шукаць братоў/У ціхім лесе, у вадзе й паветры!
Чаго ў цябе прасіў. Ты нездарма,
Аблічча ў полымі сваё явіўшы,
Усю прыроду мне пад ногі кінуў
І сілу даў, каб здолеў я жыццё
Не толькі подзівам халодным мераць,
Але й заглядваць у яго глыбіні,
Нібыта ў сэрца сябра дарагога,
Ты паўз мяне правёў жывых чароды,
Ты навучыў мяне шукаць братоў
У ціхім лесе, у вадзе й паветры!
Калі раве, лютуе ў пушчы бура,
І хвоя-волат, падаючы долу,
Сасоннік трушчыць малады, і глуха
Падзенне рэхам горы абуджае,—
Тады вядзеш мяне ты ў ціхую пячору,
Каб я, сябе пазнаючы, ўсе цуды
Таемнага нутра свайго пабачыў!
Калі ўстае пяшчотна чысты месяц
На небе, — о, тады насустрач мне
Плывуць са скал крутых і з гушчару,
Як здані, постаці часоў мінулых,
Лагодзячы натхнёную душу.
Я ведаю, нішто не дасканаласць!
Аднак ты шчодра шчасцем надзяліў,
Якое зблізіла мяне з багамі,
Даў спадарожніка, які ужо стаў
Патрэбны мне, хоць холадна і дзёрзка
Мяне ў маіх вачах шальмуе, бэсціць
І з дзікім рогатам на глум і здзек
Дары твае і шчодрасць выстаўляе,
Распальвае ў душы маёй агонь,
Агонь кахання абуджае зноў.
Ад прагі рвуся я да асалоды,
А ў асалодзе мару ўпіцца прагай.
Уваходзіць Мефістофель.
Мефістофель
Ці не абрыдла вам яшчэ?
Ці, можа, досыць той забавы?
Нядрэнна скаштаваць любоўнай стравы,
Ды нам далей пара, жыццё ж цячэ.
Фаўст
Няма ў цябе другой турботы, бачу,
Як ліпнуць да мяне ўвесь час смалою?
Мефістофель
Ну-ну! Пайду сабе — і не заплачу! —
Я так не раю жартаваць са мною.
Калі ты гэткі грубіян, дзікун,
То, кінуўшы цябе, не шмат я страчу.
Ты дзень у дзень служы яму, цікуй,
Насі, вазі, шукай яму дзяўчат,—
А ўсё не так табе, не ў акурат.
Фаўст
Ты што? Чакаеш ад мяне падзякі
За кожны выбрык свой, фартэль усякі?
Мефістофель
А як жа ты, зямлі гаротнай сын,
Прабавіў бы жыццё сваё адзін?
Хіба не я, хіба не чорт
Цябе пазбавіў ад згрызот?
Каб не стараўся я і не штукарыў,
Даўно б ты, пане мой, зямельку парыў;
Чаго ж бо ты, нібы сава ў дупле,
Не на дажджы сядзіш, але ў цяпле,
Сядзіш, як жаба сярод багны,
І смокчаш гразь, да ежы прагны,—
А планаў маеш колькі ў галаве! —
Не, доктар у табе яшчэ жыве.
Фаўст
Каб ведаў ты — як ачуняў я скора
І колькі сіл дала мне гэтая пячора,
Вярнуўшы дар шчаслівай маладосці!
Каб ведаў ты, дык пазайздросціў!
Мефістофель
Прыемнасці, відаць, нямала —
Вылежвацца ў траве, нагульваць сала,
І заадно ў нябёсы ад зямнога
Ляцець на крылах мар, ляцець да бога,
І думкай працінаць зямлю і цвердзь,
І божыя тварэнні ўразумець,
І асалодай незямной упіцца,
Ў любові зноў расчулена забыцца,
Турботы будныя забыць
І свой парыў…
(Робіць непрыстойны жэст.)
маўчу… вось гэтым завяршыць.
Фаўст
Мефістофель
Ай-ай! Не даспадобы! —
Яму варочае вантробы!
Ханжам заўсёды вянуць вушы
Ад рэчаў, да якіх імкнуцца душы.
Я ж толькі даў магчымасць вольна жыць.
Сябе самога часам пачмурыць,
А ты адразу — на дыбкі.
Калі характарам такі,
Дык можаш розумам звіхнуцца,
Зноў у віры шалёным апынуцца.
Пра тое годзе! Грэтхен там — адна.
Вядро наплакала з тугі,
І мроіцца ёй вобраз дарагі —
Па вушы закахалася яна.
Твая любоў нядаўна бушавала,
Нібы вясною горная рака,
І да грудзей яе дапала,—
Ды з той ракі цяпер не вып’еш і глытка.
Па мне, чым тут бадзяцца па балоце,
То лепш было б вярнуцца зноў,
Каб у салодкай, радаснай пяшчоце
Аддзякаваць красуні за любоў.
Гадзіна днём, дзень тыднем ёй стае,
Сядзіць, глядзіць, як за акном
Заткалі неба хмары шэрым палатном,
«Чаму не птушка я?» — пяе.
Туга дзяўчыне сэрца разрывае.
То падбадзёрыцца, то зноў на твар
Кладзецца роспачы цяжар,
То моўчкі пацеркі перабірае,
Імя тваё з журботай паўтарае,
То зноў у слёзы, зноў у плач —
А ты тырчыш тут, як таўкач.
Читать дальше