Мішка па звычцы зноў паціснуў плячыма:
— Як пойдзе.
— Расказвай.
— Гадоў з дзесяць таму Цішка закончыў тэхнікум і быў размеркаваны ў наш калгас механікам. Ён і зараз хлопец гарачы, а тады быў — агонь, самы сапраўдны Везувій. Яму давалі кватэру ў цэнтры вёскі, але ён адмовіўся. «Сам хачу паставіць хату, сваімі рукамі», — сказаў ён на праўленні і ад яго адчапіліся. Ён выпісаў лесу, праз калгас закупіў цэглу, дошкі, цэмент, шыфер і з дапамогай сваіх бацькі і двух братоў распачаў ставіць зруб. Тры месяцы ішло будаўніцтва, затое і хату яны пабудавалі адмысловую — высокую, на тры пакоі, з шырокімі вокнамі і прасторнай верандай. А ў красавіку амаль усю вёску Цішка запрасіў на наваселле.
Месяцы тры хлопец ніяк не мог нацешыцца сваім жытлом. Аднак неяк пад восень у яго раптоўна захварэла карова і яе давялося прырэзаць. Потым здохлі два парсюкі, куры, пачалі хварэць і самі гаспадары. Цішка быў у роспачы, не ведаў, што рабіць, да каго звярнуцца па дапамогу ці хаця б параду.
Аднойчы да яго зайшла бабка Сідарыха.
— Кепскае ў цябе жытло, — яна ўважліва агледзела хату. — Ні абраза, ні крыжа няма ў ім, а значыць, і бараніць цябе няма каму.
— Дзе ж узяць абраз і ці дапаможа ён маёй сям’і?
— Ён дапаможа табе зразумець прычыну, а перамагчы зло ты павінен сам, — бабка прайшлася па хаце і паказала вачыма на кут, дзе трэба павесіць абраз. Потым развязала хустку, якую прынесла з сабой, дастала з яе невялікі абразок, паклала на стол.
— Гэта мой падарунак табе на наваселле, — сказала яна, прачытала кароценькую малітву, перажагналася і накіравалася да выхаду.
— А мне што рабіць?
— Павесь абраз і чакай.
У той жа дзень Цішка павесіў абраз ва ўказаным Сідарыхай куце, а вечарам да яго зайшоў у госці Ванька Хлястоў. Ні да каго ніколі не заходзіў, а тут на табе, прыпёрся, ды яшчэ з пляшкай гарэлкі.
— Хлястоў хадзіў у госці? — не паверыў Кухар. — Ён жа, як кажуць, не ўсіх вяскоўцаў у твар ведае. І чаму ён такую пашану хацеў аказаць Прышчэпу?
— Дык Цішка хату паставіў вунь там, амаль побач з Ванькавым замкам.
— Вось нават як, — прысвіснуў участковы. — А я і не ведаў гэтага.
— Аднак расказваю, што адбылося далей, — Мішка сам захапіўся сваім расказам і адчуваючы, што яго ўважліва слухаюць, узяў невялікі перапынак, закурыў цыгарэту, са смакам выдыхнуў смярдзючы дым. — Піць Іванаву гарэлку Цішка не стаў, а калі той пайшоў, зачыніў за ім дзверы і лёг спаць. Але спаў ён нядоўга — апоўначы, акурат ля яго хаты пачуліся валтузня, енк і сабачае скавытанне. Спачатку Цішка спалохаўся, а потым схапіў стрэльбу, выскачыў на панадворак і пальнуў адразу з двух ствалоў у суцэльную цемру.
Рэшту ночы Прышчэпа спаў спакойна, а пад раніцу сасніў сон, быццам ён едзе на машыне ў раён і па дарозе падбірае спадарожніка — старога з доўгай сівой барадой, і на развітанне той яму кажа: «Добры ў цябе дом, хлопец, аднак яго трэба разабраць і перанесці ў іншае месца». Разабраць дом — гэта не жартачкі, ды яшчэ восенню. Але Цішка з наступнага дня і прыступіў да работы. І што вы думаеце, — Мішка пераможна пачаргова агледзеў міліцыянераў, — у тым куце, дзе вісеў абраз, разам з мохам ляжалі абпаленыя косткі жывёл. Хто іх туды падкінуў — загадка і па сёння. А Цішка перавёз свой дом на іншую вуліцу і зараз жыве там без усялякіх клопатаў і турбот.
— Думаеш, косці — Іванава справа?
— А тут і думаць не трэба, хаця, як у вас кажуць: «Не спайманы — не злодзей», — Мішка бесклапотна ўсміхнуўся, аднак раптам спахапіўся: — Я ж на работу спазняюся. Як там мае цяляткі?
— Можаш ехаць да сваіх цялятак, — дазволіў Бабылю старшы аператыўнік і звярнуўся да сяброў: — Пайшлі з дзецьмі пагутарым?
Аднак хлопчыкі нічога новага не паведамілі: ішлі ў суседнюю вёску, заўважылі чалавека на беразе, а калі зразумелі, што ён нежывы, пабеглі ў Лядава і аб убачаным расказалі першаму сустрэтаму імі даросламу. Ім аказалася бібліятэкарка Вера Мікалаеўна.
— Што ж, Андрэй, ты працягвай апытваць вяскоўцаў, а мы пагутарым з вадзіцелямі рэйсавых аўтобусаў і дубровенскімі таксістамі, — паціскаючы Кухару руку, на развітанне гаварыў старшы аператыўнік. — Праз дзень-другі высветлім прозвішча гэтага незнаёмца і даведаемся, чаго ён сюды прыехаў.
5
Цэлы дзень капітан апытваў сялян, размаўляў і са старымі, і з маладымі, і са школьнікамі, аднак пра незнаёмага чалавека ў джынсавым касцюме ніхто нічога не памятаў. І толькі вечарам, калі Кухар ужо ішоў да сваёй машыны, яго дагнаў на веласіпедзе Мішка Бабыль.
Читать дальше